Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьменіць вынікі выбараў галадоўка ў Астрахані?


Алег Шэін (у цэнтры) з галадоўнікамі

Алег Шэін (у цэнтры) з галадоўнікамі

У Цэнтральнай выбарчай камісіі Расеі няма падстаў для адмены выбараў мэра Астрахані, нягледзячы на ​​дапушчаныя парушэньні, заявіў намесьнік старшыні ЦВК Леанід Іўлеў.

«Нягледзячы на дапушчаныя парушэньні на выбарах мэра Астрахані, яны былі праведзеныя ў адпаведнасьці з законам. Падставаў для таго, каб з боку ЦВК ініцыяваць іх адмену, няма», — заявіў Іўлеў на пасяджэньні ЦВК у сераду.

Іўлеў таксама паведаміў, што пракуратура не пацьвярджае інфармацыю пра фальсыфікацыі пры падліку галасоў на выбарчых участках на выбарах.

Былы кандыдат на пасаду мэра ад партыі «Справядлівая Расея» Алег Шэін, які прайграў выбары, і яго прыхільнікі галадаюць ад 16 сакавіка, пратэстуючы супраць несумленнага падліку галасоў. На іх думку, толькі дзякуючы фальсыфікацыям пасаду мэра атрымаў кандыдат ад «Адзінай Расеі» Міхаіл Сталяроў.

Губэрнатар Астраханскай вобласьці Аляксандар Жылкін у часе сустрэчы з дэпутатамі Дзярждумы пагадзіўся, што перавыбары мэра зьявіліся б найлепшым выйсьцем з сытуацыі, якая склалася ў горадзе. Аднак для гэтага абраны мэр Сталяроў мусіць добраахвотна скласьці свае паўнамоцтвы.

Першапачаткова ў астраханскай галадоўцы бралі ўдзел 12 чалавек. Але шмат каму зь іх прыйшлося пакінуць штаб партыі «Справядлівая Расея» і спыніць галадоўку па стане здароўя. Чатыры чалавекі, у тым ліку 40-гадовы Алег Шэін, галадаюць ужо 27-ы дзень. Сам дэпутат распавёў, што адчувае сябе горш: пачаліся праблемы з сэрцам, аднак «ва ўсіх баявы настрой». Алег Шэін і яго прыхільнікі маюць намер спыніць галадоўку, «калі стане ясна, што ў Астрахані будуць перавыбары».

У аўторак каля 300 чалавек прыйшлі на народны сход, сабраны ў цэнтры Астрахані ў падтрымку Алега Шэіна.

У сходзе на плошчы ўдзельнічалі і маскоўскія апазыцыянэры, якія прыбылі падтрымаць галадоўнікаў.

Раней у аўторак каля 1,5 тыс. прыхільнікаў Шэіна спрабавалі прайсьці шэсьцем да выбаркаму, але былі спыненыя паліцыяй.
XS
SM
MD
LG