Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год пасьля тэракту


У Менску праходзяць жалобныя мерапрыемствы ў памяць ахвяр тэракту ў мэтро 11 красавіка 2011 года, у выніку якога загінула 15 чалавек і было паранена каля 300.



Ахвяра выбуху ў мэтро: «Доўгі час не хадзіла там, дзе давялося ляжаць пасьля выбуху»

Ахвяра выбуху ў мэтро: «Пачуцьця бясьпекі няма»

Вікторыя Прыліпка: «Жыцьцё памянялася, але не спынілася»


Увечары на ўваходзе на станцыю мэтро «Кастрычніцкая» адкрылі мэмарыяльны знак «Рака памяці». Падчас адкрыцьця супрацоўнікі міліцыі затрымалі некалькі актывістаў.




Уладзімер Някляеў з паплечнікамі нясе кветкі да знаку ў памяць ахвяр тэракту ў мэтро

Уладзімер Някляеў з паплечнікамі нясе кветкі да знаку ў памяць ахвяр тэракту ў мэтро

У гэты ж час каля храма-помніка ў гонар «Усіх Сьвятых у памяць бязьвінна забітых у Айчыне нашай» адбудзецца мітынг-рэквіем. Тут жа ў крыпце заплянавана адкрыць дошку памяці і адслужыць трызну, праінфармавалі ў Менскім гарвыканкаме.

Пасьля сёмай вечара ўскласьці кветкі да месца трагедыі плянуюць апазыцыйныя моладзевыя актывісты.

Пераможцам конкурсу на стварэньне памятнага знака ахвярам тэракту, абвешчанага гарадзкімі ўладамі, быў прызнаны скульптар Канстанцін Селіханаў. Мэмарыяльны знак «Рака памяці» выкананы з бронзы, белага мармуру і чорнага граніту. На бронзавай стэле намаляваныя 15 хваль, на грабянях якіх выбітыя прозьвішчы 15 загіблых.






11 красавіка 2011 года ў 17.50 на станцыі «Кастрычніцкая» менскага мэтрапалітэну спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне. У выніку 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацьвёра памерлі ў шпіталях. Усяго пацярпелі больш за 300 чалавек.


Перамовы выратавальных службаў



5 мільярдаў ахвяраваньняў пацярпелым у тэракце


Ахвяраваньні на дабрачынныя рахункі, адкрытыя Мінгарвыканкамам для пацярпелых ад выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 года, пералічылі больш за 1500 арганізацый і фізычных асобаў.

Як паведамляе прэсавая служба Менгарвыканкама, на рахункі паступіла 5 мільярдаў 270,6 мільёнаў рублёў, 1175 эўра 10485 даляраў і 452 900 расійскіх рублёў.

Грошы на агульную суму 5 млрд. 21,5 млн. 340 рублёў выплачаныя ахвярам тэракту: 26 членам сем’яў загіблых — 1335 млн. рублёў, 314 пацярпелым — 3687 млн. рублёў.

156 млн. рублёў і валютныя паступленьні ўтвараюць рэзэрвовы фонд на набыцьцё лекаў і лячэньне пацярпелых.

Прэсавая служба адзначае, што з бюджэту горада матэрыяльная дапамога на 1,43 млрд. рублёў выплачаная ўсім сем’ям загіблых і пацярпелым. Са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны матэрыяльная дапамога таксама аказана 16 пэнсіянэрам і інвалідам з ліку сем’яў загінулых і пацярпелых на агульную суму 10,5 млн. рублёў.







Вінаватымі ў зьдзяйсьненьні тэрактаў у Менску 3 ліпеня 2008 года і 11 красавіка 2011, а таксама ў Віцебску ў 2005 годзе былі прызнаныя Дзьмітрый Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў, 30 лістапада яны былі засуджаныя Вярхоўным судом да сьмяротнай кары. Канавалава прызналі вінаватым у тэрарызме, Кавалёва — у пасобніцтве тэрарызму і неданясеньні аб злачынстве, якое рыхтавалася.

Кавалёў на судзе сваёй віны не прызнаў і пасьля суду падаў на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні. Канавалаў такога прашэньня не падаваў, ён прызнаў віну ў тэрактах 2008 і 2011 гадоў.

7 сакавіка стала вядома аб выкананьні сьмяротнага прысуду ў дачыненьні да абодвух. Як вынікае з афіцыйнай даведкі аб сьмерці Кавалёва, гэта адбылося 15 сакавіка.

Раней Камітэт ААН па правах чалавека, куды паступіла скарга ад родных Кавалёва, заклікаў улады Беларусі не караць сьмерцю асуджанага да таго часу, пакуль скарга ня будзе разгледжаная. Родныя Кавалёва заявілі, што судовы працэс не адпавядаў прававым нормам, довады абароны ігнараваліся. Праваабаронцы, у сваю чаргу, адзначаюць беспрэцэдэнтна хуткае пакараньне абвінавачаных у тэракце.

Міжнародная супольнасьць, у тым ліку Рада Эўропы і Эўразьвяз, асудзілі расстрэл Канавалава і Кавалёва і ў чарговы раз заклікалі Беларусь, адзіную ў Эўропе краіну, дзе да гэтага часу прыводзяць у выкананьне сьмяротныя прысуды, увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG