Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Згоду на візыт Папы ў Беларусь трэба атрымліваць у Маскве»


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

«Я думаю, што недалёкі той дзень, калі і Папа Рымскі зможа сустрэцца ў Беларусі са сваімі прыхільнікамі. Мы будзем рады бачыць яго. Мы ў гэтым напрамку павінны працаваць і з нашым патрыярхам. Мы вядзем гэтую працу», — заявіў Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся ў аўторак у Менску з апостальскім нунцыем у Беларусі Кляўдыё Гуджэроці.

Чаму, нягледзячы на шматлікія заявы беларускага кіраўніцтва цягам многіх гадоў, візыт Папы Рымскага ў Беларусь дагэтуль малаверагодны? Хто выступае супраць прыезду ў Беларусь герарха Каталіцкай царквы? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка запрашаў Папу Рымскага прыехаць у Беларусь яшчэ ў 2008 годзе і паўтарыў гэтае запрашэньне падчас свайго візыту у Ватыкан у 2009 годзе, рабіў такія заявы і пазьней. Аднак, выглядае, што ў рэальнасьці гэтае пытаньні ніякім чынам не прасунулася, ніякіх канкрэтных крокаў да прыезду Папы ў Беларусь ня робіцца. Чаму?

Мацкевіч: Бо гэта не такое простае пытаньне, гэта не сяброўскае запрашэньне аднаго чалавека прыехаць у госьці да іншага. Візыт Папы Рымскага абумоўлены міжканфэсійнымі стасункамі паміж Касьцёлам і Расейскай праваслаўнай Царквой, якая абвясьціла Беларусь сваёй кананічнай тэрыторыяй. Таму такі візыт можа сам па сябе можа ўскладніць міжканфэсійную сытуацыю ў краіне. Пакуль Беларуская праваслаўная царква не зьяўляецца аўтакефальнай, то згоду на такі візыт трэба атрымліваць у Маскве. У гэтым сэнсе Лукашэнка, як бы ён не імкнуўся падаваць сябе як адзінага валадара ў краіне, не зьяўляецца цалкам самастойным

Цыганкоў: Ці вы лічыце, што Лукашэнка на самой справе хоча бачыць Папу на беларускай зямлі, але, маўляў, нічога ня можа зрабіць? Здаецца, усё ж беларуская дзяржаўная і палітычная ўлада на тэрыторыі Беларусі больш уплывовая чым нават праваслаўная царква..

Мацкевіч: У большасьці пытаньнях — так. Але ж канфэсійныя праблемы вельмі тонкія і складаныя. Па-другое, трэба ўлічваць стаўленьне ўладаў да Касьцёлу ў Беларусі, якой ствараюцца вельмі неспрыяльныя ўмовы. Ехаць у тую краіну, дзе Касьцёлу ствараюцца кепскія ўмовы — Папа ня будзе вельмі сьпяшацца.

Цыганкоў: Чаму тады, разумеючы ўсё гэта, Лукашэнка працягвае рабіць заявы пра запрашэньне Папы ў Беларусь? Каб атрымаць прыхільнасьць каталіцкага электарату.

Мацкевіч: Так, з аднаго боку гэта папулісцкая заява для каталікоў Беларусі — каб паказаць, што ён прыхільна ставіцца да Касьцёлу. Па-другое, гэта зьвязана з замежнай палітыкай, Лукашэнка настойліва імкнецца выкарыстаць аўтарытэт Касьцёлу ў ціску на сьвецкія ўлады эўрапейскіх краінаў, каб тыя зьмянілі стаўленьне да Менску. І па-трэцяе, Лукашэнка праз такія заявы хоча трохі пазбавіцца ціску Маскоўскай патрыярхіі, якая ўсё ж зьяўляецца чыньнікам імпэрскай палітыкі Расеі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG