Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я лепш за настаўніка ведаю мову


Юстына, Караліна Зьміцер, Ілона і Стэфан Саўкі

Юстына, Караліна Зьміцер, Ілона і Стэфан Саўкі

Мы шмат думаем, якой будзе Беларусь у будучым. Мы шмат гаворым, як было б добра, калі б усё памянялася. Але большасьць з нас дбае толькі пра тое, як перажыць сёньняшні дзень. А будучыня ёсьць цяпер. Яна будзе дакладна такой, якія будуць вашы дзеці. Вашы дзеці — адмысловая праграма штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

«Гаварыць па-беларуску — гэта так ці іначай супрацьставіць сябе. Ня кожны чалавек здольны. Гэта змаганьне. Ты заходзіш у тралейбус, пачынаеш гаварыць па-беларуску — ужо пачалося тваё змаганьне. Калі нашыя несымпатыкі гавораць: „Да боже мой! Кто вам запрещает говорить по-беларуски!? Пожалуйста, разговаривайте себе...“ Не дазваляе атмасфэра».

Зьміцер Саўка — мовазнаўца, чалавек, чыё меркаваньне пра тое, як правільна гэта будзе па-беларуску, лічыцца аўтарытэтным. Жонка Ілона — працуе ў офісе буйной міжнароднай арганізацыі. У сям’і чацьвёра дзяцей. Старэйшаму Ўладзю ўжо 23 гады, дзяўчатам Юстыне і Караліне — 17 і 16, а малодшаму Стэфану — сем з паловай. Мы разважаем пра тое, як падтрымаць беларускамоўнае дзіця ў расейскамоўным асяродзьдзі.

Зьміцер Саўка: «Любая ацэна — ці станоўчая, ці адмоўная — гэта ўжо прыцягненьне ўвагі. Ты не заўсёды хочаш, каб да цябе на шыю вешаліся: «Вот хоть раз я услышал на бульваре Шевченко, что кто-то говорит по-белорусски! Большое, большое вам спасибо!» Ведаеце, у пэўным сэнсе гэта несьці крыж. З аднаго боку, добра, што людзі лічаць беларускую мову за каштоўнасьць. Зь іншага боку, калі гэта адбываецца калі ня кожны дзень, то раз на тыдзень цягам дваццаці гадоў, то чалавек беларускамоўны, які цьвёрда стаіць на пазыцыях беларускамоўнасьці і размаўляе па-беларуску штодня і ўсюды, ён ад гэтага стамляецца. Нават ад гэтай ухвальнай увагі. Бо яна таксама цяжар.

Ты ня можаш дазволіць сабе паводзіцца так свабодна. Ну, напрыклад, проста пасварыцца ў краме. Вось цябе няправільна недзе абслужылі — у піцэрыі, напрыклад. І ты пачынаеш выказваць сваё незадавальненьне, скаргу хочаш напісаць. Але ты ўжо прыцягваеш да сябе ўвагу і разумееш, што для людзей, якія ўпершыню ў побыце сутыкаюцца зь беларускай мовай, фон канфліктнай сытуацыі будзе фарбаваць і тваю мову, і цябе самога адмоўнымі фарбамі. Нават калі ты сто разоў маеш рацыю.

А для дзіцяці гэта яшчэ цяжэй. Бо дзіця вымярае сябе амаль выключна празь іншых людзей, у яго самаацэна не сфармавалася. І гэта вялікае выпрабаваньне, гэта вялікі цяжар. Я разумею дзяцей тых беларускамоўных бацькоў, якія кажуць: «Я хачу быць зусім звычайным, я хачу, каб на мяне не зьвярталі ўвагі. Я стаміўся назіраць, якую ўвагу выклікаюць мае беларускамоўныя бацькі. Я стаміўся ад такога жыцьця».

Ілона перакананая, што ў дзяцей, якія растуць у беларускамоўнай сям’і, шмат перавагаў.

Ілона Саўка

Ілона Саўка



Ілона Саўка: «Я сьвята веру ў тое, што нашыя дзеці апрыёры больш канкурэнтаздольныя. Я гэта бачу нават у двары. Як нашыя дзеці паводзяцца, як нашыя дзеці рэагуюць на разнастайнасьць і як расейскамоўныя дзеці гэта робяць. Вялікая розьніца. Неяк у мінулым годзе мы гушкаліся на арэлях у двары. І хлопцы слухалі, як мы зь дзецьмі размаўляем. У нас быў парасон, і Стэфан кажа: «Мама, забяры парасон». А хлопец адзін, гадоў восем, зьдзівіўся і кажа: «Какой же это „парасон“, это „зонтик“. Наша дзіця разумее, што гэта і „парасон“, і „зонтик“, а прадмет адзін. А таму дзіцяці гэта было адкрыцьцё зусім іншага сьвету, якога ён не разумеў».

Зьміцер: «Для нашых дзяцей гэты сьвет ужо даўно адкрыты, а яму яшчэ спазнаваць гэтую полікультурнасьць, якая ёсьць сапраўды будучыняй усяго сьвету. І ўсьведамленьне полікультурнасьці і падтрыманьне полікультурнасьці — гэта нашая пэрспэктыва. Любыя імкненьні збудаваць монакультурны сьвет для чалавека, які гадаваўся ў такой полікультурнасьці, непрымальныя».

Ілона: «У нас Стэфан не разумее, што дома можна размаўляць на іншай мове. Ён нас чуў на іншых мовах, чуў мяне па-ангельску, чуў мяне па-расейску. Ён ведае, што ў розных акалічнасьцях можна размаўляць на іншых мовах. Але нікому ў галаву ня прыйдзе ў хаце размаўляць на іншай мове».

Ілона даводзіць, што ў сям’і трэба прытрымлівацца пасьлядоўнай пазыцыі — гаварыць толькі па-беларуску. Інакш дзіця рызыкуе страціць мову і размаўляць так, як яму зручней.

Юстына, павучыўшыся ў беларускамоўнай школе і скончыўшы Коласаўскі ліцэй, паступіла на хімфак Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Юстына Саўка: «Я цяпер вучуся ва ўнівэрсытэце, гэта ўжо зусім іншае кола. Бо раней я вучылася ў коле беларускамоўных людзей — мы нават разам пераходзілі са школы ў ліцэй. А тут зусім іншыя людзі. Пра іх нічога ня ведаеш. А калі пачынаеш даведвацца, то разумееш, што ты трошкі вышэйшы за іх менавіта таму, што ты ведаеш мову і гісторыю. Калі мы здавалі гісторыю Беларусі, я маглі нічога не рабіць, нічога не вучыць, але я выходзіла — і ведала больш за іх. Таму што проста мне гэта давалі зь дзяцінства. Я нават ня ведаю, адкуль я гэта ведаю, — я проста гэта ведаю».

Зьміцер Саўка: «Трэба дзіцяці тлумачыць: мы беларусы, у нас краіна Беларусь. І ўвесь час калі не ўскладаць на яго плечы адказнасьць за лёс Бацькаўшчыны, то прынамсі паказваць дзіцяці: гэта ты, ты беларус, гэта твая ўласьцівасьць. Несумненна, трэба апавядаць пра тое, якія беларусы выдатныя, якія яны заслужаныя. Вось нейкія спартовыя дасягненьні — беларуская каманда выступае, заўзець разам, расказаць, у чым сутнасьць, чаму мы за беларусаў. Таму што яны нашыя! Гэта для дзіцяці дастаткова. І калі бацькі ствараюць такі інфармацыйны фон, несумненна, беларускасьць падтрымліваць значна лягчэй».

Стэфан Саўка

Стэфан Саўка



У малога Стэфана сапраўды вельмі простыя ўяўленьні пра тое, чым Беларусь можа ганарыцца:

Зьміцер Саўка: «Стэфан, што ў нас файнага ў Беларусі, што табе падабаецца?»

Стэфан Саўка: «Усё файна: буслы, дрэваў шмат і птушкі».

Зьміцер Саўка «А людзі якія ў Беларусі?»

Стэфан Саўка: «Добрыя, цікавыя».

Самая важная падтрымка для беларускамоўнага дзіцяці — гэта шукаць яму беларускамоўных сяброў. Саўкі прыклалі шмат намаганьняў, каб стварыць дзецям магчымасьць вучыцца па-беларуску. Пакуль дзеці малыя, бацькі яшчэ могуць уплываць на тое, з кім ім сябраваць. А што адбываецца, калі дзеці робяцца ўсё больш самастойнымі?

Разважаюць Юстына і Караліна: «Ня толькі ж хочацца кантакты падтрымліваць менавіта на глебе беларушчыны. Ёсьць шмат іншых інтарэсаў, якія могуць нас зблізіць. Я стараюся, каб людзі ведалі маю пазыцыю. Вось гэта маё — і ты маё не чапай, таму што я ведаю, што я маю рацыю».

Караліна Саўка цяпер вучыцца ў Коласаўскім ліцэі, куды паступіла пасьля беларускамоўнай школы: «Напрыклад, у мяне, калі людзі не разумеюць маёй сутнасьці — я размаўляю па-беларуску, гэта мая пазыцыя, — то ў мяне тады адразу закрадаецца пытаньне, ці трэба мне гэтыя людзі і ці трэба мне будаваць зь імі адносіны?»

Зьміцер Саўка: «Так, гэта лякмусавая паперка, выразны крытэр. Калі для чалавека, зь якім ты пачынаеш камунікаваць, твая беларускамоўнасьць — гэта перашкода, то ці гэта той чалавек, зь якім варта ўвогуле мець дачыненьні?»

У адной з нашых папярэдніх перадачаў бабуля беларускамоўных унукаў вельмі перажывала за тое, па якіх зрусыфікаваных падручніках засвойваюць школьнікі мову. Спадарыня Ілона лічыць праблему падручнікаў перабольшанай.

Ілона Саўка: «Падручнікі слабаватыя ня толькі па-беларуску. Яны ў такой жа ступені слабаватыя і для расейскамоўных дзяцей. Ад таго, што там напісана „мінута“, а не „хвіліна“, гэтая хвіліна ня робіцца гадзінай, правільна?»

Можа, такое меркаваньне характэрнае для сям’і, дзе заўжды ёсьць каму даць узор таго, як правільна гаварыць па-беларуску.

Юстына Саўка

Юстына Саўка



Юстына Саўка: «Калі я прыходзіла ў школу, я заўсёды бачыла, што я лепш за настаўніка ведаю мову. Ён таксама гэта потым разумеў. І ён ня крыўдзіўся, калі я яго папраўляла. Я ў школе была даволі сьмелая. І мне было да каго зьвярнуцца. Не ўва ўсіх ёсьць такая магчымасьць. А ў мяне ёсьць тата, да якога зьвяртаюся ня толькі я, а яшчэ шмат-шмат-шмат людзей вельмі разумных. І я заўсёды магла прыйсьці і спытаць: „А чаму тут вось так?“ І я атрымлівала заўсёды поўны і вычарпальны адказ і ведала, як рабіць далей. А ў школе я часта проста пагаджалася рабіць так, як яны патрабуюць. Але сабе я ведала, як правільна. Вядома, я здавала цэнтралізаванае тэставаньне. Я бачыла, што там напісана не зусім тое, няправільна, абсурдныя нейкія правілы. Але я пісала так, каб атрымаць адзнаку».

Зьміцер таксама лічыць, што не на гэта трэба зьвяртаць увагу:

«Мне прыкра ўсё менш прыкметаў беларушчыны заўважаць у штодзённасьці. Мне прыкра, што трасянка тая ж зьнікае. Якая ні ёсьць, але гэта таксама была форма праявы беларушчыны. На жаль, гэтага я чую ўсё менш і сутыкаюся з тым, што моладзь зусім не разумее беларускай мовы».

Бадай, Юстына болей ведае пра тое, ці разумеюць маладыя людзі беларускую мову:

«Усё залежыць ад таго, у якой сям’і ты выхоўваўся і як каго выхоўвалі ў той жа самай школе, як гэта ні дзіўна. Нехта ўсё ж разумее, а нехта — не. Гледзячы на сябе, а я ведаю беларускую і расейскую мову ў роўнай ступені, я вольна чытаю, магу разумець і размаўляць. І мне не хацелася б губляць абедзьве мовы. Мне было б шкада аддаць расейскую і яе ня ведаць».

Як заўжды, мы шукаем у дзетак адказаў на пытаньні, якіх не знайшлі сярод дарослых:

— Стэфан, што трэба зрабіць, каб усе людзі па-беларуску загаварылі?

— Каб не было Лукашэнкі.

— А чым ён так нам перашкаджае па-беларуску гаварыць?

— Саджае ў турму. Ён злы яшчэ.

— А хто сядзіць у турме?

— Сядзеў мой тата.

— За што?

— За тое, што за другога галасаваў.

Зьміцер лічыць, што сёньня трэба старацца падтрымаць асноўнае — ёсьць у цэнтры гораду адзіная беларуская школа. І кожны, хто можа, мусіць шукаць і бачыць там найлепшае і старацца ўмацаваць у ёй беларушчыну.

Зьміцер Саўка: «Мы ня можам дапусьціць са свайго боку зьнішчальнай крытыкі таго, што ёсьць беларускага ў школе. Калі мы будзем нават гэта крытыкаваць, нават той мінімум, які ў школе яшчэ застаўся, то што тады застанецца нам? Нам трэба шукаць агульнасьцяў, а ня месцаў канфлікту. Я цудоўна разумею, што тая ж 23-я гімназія, якая ўсё ж лічыцца беларускай, бо там сапраўды заняткі адбываюцца па-беларуску, там сапраўды беларускія падручнікі. Я ўсьведамляю, наколькі яна далёкая ад нацыянальнай беларускай школы. Гэта бляклы цень таго, што павінна быць. Але калі б я з усьведамленьнем гэтага кожны дзень адпраўляў дзяцей у школу і сам наведваў школу і падкрэсьліваў бы мінусы і недасканаласьці для сябе, гэта для мяне была б пакута».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG