Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінутыя землі будуць аддаваць за бесцань


У Беларусі плянуецца аддаваць закінутыя вёскі пад турыстычныя аб'екты практычна бясплатна, толькі б людзі імі займаліся. Пра гэта паведаміў сёньня намесьнік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга на сустрэчы з членамі дэлегацыі Краснадарскага краю, перадае БЕЛТА.

У цяперашні час у Беларусі дастаткова шмат вёсак, у якіх не жыве ніводнага чалавека. «Асабліва гэта характэрна для паўночных рэгіёнаў – Віцебскай і Гарадзенскай абласьцей, дзе пераважае хутарская сыстэма», – адзначыў намесьнік міністра.

У выніку старэньня насельніцтва толькі ў Браслаўскім раёне каля 12 вёсак за апошнія два гады былі выключаныя са сьпісу населеных пунктаў у сувязі з тым, што там няма ніводнага жыхара. «Мы працуем над тым, каб знайшліся людзі, якія б, няхай за адну базавую велічыню, маглі выкупіць гэтыя вёскі, – распавёў Чэслаў Шульга. – Няхай яны іх трансфармуюць і ўладкоўваюць пад турыстычныя вёскі».

Першыя ахвотныя «рэанімаваць» спусьцелыя хутары ўжо зьявіліся: яны хочуць набыць закінутыя вёскі ў Расонскім раёне Віцебскай вобласьці і ў Капыльскім раёне Менскай вобласьці.

Паводле чыноўніка пры жаданьні інвэстары могуць узяцца за ўладкаваньне ня толькі закінутых, але і населеных вёсак. У якасьці прыкладу намесьнік міністра прывёў беларускага бізнэсоўца, які зарабіў капітал у Ленінградзкай вобласьці. У Пружанскім раёне ён выкупіў усю вёску, дзе жыла яго маці, і стварыў там турыстычны комплекс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG