Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кенэт Ялавіц: У Расеі для Лукашэнкі няма замены


Кенэт Ялавіц

Кенэт Ялавіц

Пасол Кенэт Ялавіц узначальваў дыпляматычнае прадстаўніцтва ЗША ў Беларусі з 1994 да 1997 году. Ён прыбыў у краіну празь некалькі месяцаў пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта. Пасол распавёў у інтэрвію Belarus Digest пра сваё бачаньне сытуацыі ў 1990-ыя і цяпер.

– Вы назіралі пераход Беларусі ад дэмакратыі да аўтарытарнага праўленьня. Як гэта адбывалася?

– Калі мы прыбылі ў Беларусь у 1994 годзе, яшчэ былі некаторыя надзеі, Лукашэнка быў абраны на антыкарупцыйнай плятформе. Заходнім экспэртам здавалася, што зь ім можна працаваць.

У парлямэнце ён быў «цёмным конікам», але некаторы аптымізм з нагоды магчымага прагрэсу прысутнічаў. На жаль, ён не апраўдаўся.

На працягу трох гадоў я назіраў стварэньне паралельнай вэртыкальнай структуры ўлады – ад кіраўнікоў рэгіёнаў да вышэйшых чыноўнікаў. Гэта нагадвала мне Камуністычную партыю зь яе паралельнай структурай улады. Таксама былі прынятыя меры супраць незалежных СМІ. Газэты вымушаныя былі друкавацца за межамі краіны. Крок за крокам памяншаліся магчымасьці незалежнай прэсы і рос кантроль над СМІ з боку дзяржавы.

Спатрэбіўся пэўны час, але, урэшце, парлямэнт, у якім была апазыцыя, быў заменены. Мы спадзяваліся, што расейская дэлегацыя, якую ўзначальвае прэм'ер-міністар Віктар Чарнамырдзін, якая прыбыла ў Менск для разьвязаньня канстытуцыйнага крызісу, зможа аднавіць дэмакратыю і належнае кіраваньне краінай. Але яны не зрабілі гэтага. Канстытуцыйны суд здаўся пад ціскам, парлямэнт быў заменены і ўлада Лукашэнкі ўзмацнілася. Гэта быў важны сыгнал.

У эканоміцы практычна цалкам былі спыненыя рынкавыя рэформы. Старая сыстэма засталася бязь зьмен, і ў краіне так і не зьявіліся замежныя інвэстыцыі.

Яшчэ адзін трагічны выпадак адбыўся, калі беларуская армія зьбіла няўзброены паветраны шар, які ляцеў у беларускай паветранай прасторы. Два чалавекі тады загінулі, амэрыканец і аўстраліец. Незразумелай была адсутнасьць выбачэньня і спачуваньня з нагоды гэтых сьмерцяў. Для мяне і для шэрагу іншых людзей гэта было беспамылковым сыгналам таго, што Беларусь рухаецца ў няправільным кірунку.

Шляху назад ужо не было. Напрыклад, улады Беларусі закрылі прадстаўніцтва Фонду Сораса і ажыцьцявілі шэраг правакацыяў супраць амэрыканскіх дыпляматаў. Неўзабаве пасьля таго я быў адкліканы ў Вашынгтон для кансультацый у сувязі з гэтымі падзеямі. Мы прынялі рашэньне падтрымліваць сувязь з грамадзянскай супольнасьцю, НДА, мясцовымі ўладамі і выбарачна падыходзіць да кантактаў з урадам.

– Якой Вы бачыце ролю Расеі падчас гэтага пераходнага пэрыяду?

– Аднойчы ў Беларусі я размаўляў з высокапастаўленым расейскім чыноўнікам пра гэта. Я сказаў, што Барыс Ельцын праводзіць дэмакратычныя рэформы ў Расеі, будуе рынкавую эканоміку, а тут Лукашэнка ідзе ў адваротным напрамку. І ўсё ж вы падтрымліваеце яго. Вы падтрымліваеце ўсе гэтыя недэмакратычныя меры таннай нафтай і іншымі спосабамі. Гэтыя ўчынкі супярэчаць курсу, па якім ідзе Расея?

І ён адказаў: «Ён сукін сын, але наш». Расеі было лягчэй падтрымліваць адкрыта прарасейскага лідэра, нягледзячы на яго аўтарытарную палітыку. Бясьпека была іх галоўнай клопатам. Беларусь знаходзіцца на стратэгічна важным месцы. Напалеон і нацысты ішлі на Расею празь Беларусь. Я таксама чуў, што Ельцын разглядаў Лукашэнку як свайго роду неразумнага сына, якога трэба вучыць і апекавацца ім, пакуль ён не паразумнее.

Я прыйшоў да высновы, што Беларусь застанецца незалежнай, але захавае цесныя сувязі з Расеяй. У цяперашні час Расея кантралюе эканоміку Беларусі ў многіх адносінах, і ў Лукашэнкі засталося мала месца для палітычнага манэўру.

Я не сумняваюся, што калі Расея вырашыць прыбраць яго, яна зможа гэта зрабіць. Але ў іх няма надзейнага чалавека для замены.

Калі я думаю пра Беларусь, у мяне ёсьць пачуцьцё расчараваньня. Сытуацыя не зьмянілася з 1997 году, хутчэй, стала яшчэ горш. Сумна думаць аб страчаных магчымасьцях Беларусі ў параўнаньні з Польшчай і краінамі Балтыі.

Важна мець цярпеньне, таму што Беларусь доўга была ў ізаляцыі. Людзі пачынаюць разумець эканамічныя і палітычныя выдаткі знаходжаньня Лукашэнкі ва ўладзе, але, пакуль расейцы працягваюць субсыдаваць Беларусь, дамагчыся пераменаў будзе складана. Мы бачым праблемы ў эканоміцы, бачым тое, што многія ключавыя актывы былі прададзеныя Расеі. Лукашэнка пакуль яшчэ ва ўладзе, але, на мой погляд, перамены непазьбежныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG