Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Найбуйнейшае малакаперапрацоўчае прадпрыемства Магілёўскай вобласьці акцыянэрнае таварыства «Бабушкина крынка» ад 11 красавіка ня будзе пастаўляць у гандлёвыя арганізацыі гэтак званае сацыяльнае малако.

Аб’ёмы вырабу недарагіх малочных харчоў будуць зьменшаныя. Гэта тлумачыцца стратнасьцю іх вытворчасьці.

Прадпрыемства зьбіраецца вырабляць, як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, шырэйшы асартымэнт прадукцыі, насычанай вітамінамі й мінэраламі, па вышэйшых коштах.

«Гэтая прадукцыя больш якасная, але трэба прызнаць, што цана яе таксама будзе вышэйшая. На сёньняшні дзень іншага шляху, каб разьвязаць пытаньне, проста няма. Але мы па краіне самыя апошнія адыходзім ад „сацыялкі“. Гэта вымушаная мера», — тлумачыць сытуацыю кіраўнік «Бабушкиной крынки» Ігар Кананчук.

Сытуацыя з малочнымі прадуктамі ў рэгіёне ўжо некалькі месяцаў — адна з галоўных тэмаў у гутарках пакупнікоў. Недарагую малочную прадукцыю разьбіраюць адразу, як адчыняюцца крамы, людзі сталага веку. Іншыя катэгорыі насельніцтва абураюцца, што яны не пасьпяваюць набываць харчы па гэтак званых сацыяльных цэнах. Патрабуюць павялічыць пастаўкі такіх харчоў у крамы.

Увесь гэты час чыноўнікі казалі, што праблема неўзабаве вырашыцца. Уводзіліся абмежаваньні на продаж, аднак ажыятаж не спадае дагэтуль.
XS
SM
MD
LG