Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хто ўзарваў мэтро? XXVI. Лёс рэчавых доказаў


Супрацоўніца камунальных службаў прыбірае падзямельны пераход у станцыю мэтро пасьля выбуху

Супрацоўніца камунальных службаў прыбірае падзямельны пераход у станцыю мэтро пасьля выбуху

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча "Хто ўзарваў менскае мэтро?

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Паводле прысуду Вярхоўнага суду павінна быць зьнішчана большасьць рэчавых доказаў віны Канавалава і Кавалёва, уключна з тым, што было знойдзена ў склепе Канавалава, дзе ён вырабляў бомбы.

Таксама суд пастанавіў зьнішчыць узоры грунту і рэчавыя доказы, знойдзеныя на месцах выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе і ў Менску ў 2008 і 2011 гадах, элемэнты бомбаў, якія разарваліся, і той, якая не разарвалася, інструмэнты і прылады з падвалу і кватэры Канавалава, сшыткі з запісамі, кампакт-дыскі, прадметы, знойдзеныя ў целах пацярпелых ад тэрактаў, ды іншыя рэчы. Суд пастанавіў вярнуць бацькам Канавалава і Кавалёва іх дакумэнты, асабістыя рэчы і адзеньне, а таксама вырашыў захоўваць у крымінальнай справе відэаматэрыялы, забраныя са станцыяў мэтро. Мабільны тэлефон, забраны ў Канавалава падчас арышту, суд пастанавіў прадаць у кошт пагашэньня матэрыяльных стратаў.

Ці сапраўды пастаноўлена зьнішчыць тое, без чаго справу ўжо нельга будзе перагледзець? Спачатку варта зазірнуць у прысуд, у якім дакладна сказана, што зьнішчыць, а што пакінуць і захоўваць. Для эканоміі часу абмяжуемся рэчавымі доказамі зь месца тэракту, падвалу і кватэры Канавалава, а таксама тымі, якія дадаюць новую інфармацыю пра тэракт.

Прысуд, ст.108. «Вынятыя 11–12 красавіка 2011 году ў ходзе агляду месца здарэньня — станцыі «Кастрычніцкая» Менскага мэтрапалітэну: драўляныя брускі, фрагмэнты драўніны, шкла, мэталу, мэталічнай і мармуровай пліткі, драўлянага бруса, мэталічнай пліты, палімэрных матэрыялаў, абшыўкі вагона, плястыку, радыёдэталяў, біялягічнага рэчыва, пакункі з грунтам, паражальныя элемэнты, марлевыя тампоны са змывамі, саскрэбы, фрагмэнты граніту, мармуру, бэтону, мэталу, палімэрных матэрыялаў, пашкоджаныя прадметы адзеньня, абутку, галянтарэі, парфумы, асабістай гігіены і іх фрагмэнты, чамадан, дарожную торбу сіняга колеру на колах, кейс чорнага колеру, кардонныя скрыні, фрагмэнты тканіны, біжутэрыі, мэблевай фурнітуры, люстэрка, фрагмэнты пакункаў, аркушы паперы, недакуркі, шпрыц з іголкай, змывы, сшыткі, кнігі, часопісы, праязныя квіткі і іх фрагмэнты, гадзіньнікі, акуляры, бутэлькі і слоікі (шкляныя і палімэрныя), розныя прадметы пашкоджаных аўдыёпрыстасаваньняў, мабільных тэлефонаў ды іншых электронных прыстасаваньняў, флэш-карткі — зьнішчыць. (Тут і далей вылучэньні аўтара — А.Г.)

Пашкоджаныя прадметы адзеньня, якія належаць пацярпелым, вынятыя з устаноў аховы здароўя, пакункі з адзеньнем нявызначаных асобаў — зьнішчыць.

Прадметы адзеньня і абутку, якія перададзеныя на захоўваньне пацярпелым, — пакінуць ім жа.

Вагон, пакінуты на захоўваньне ўнітарнаму прадпрыемству «Менскі мэтрапалітэн», перадаць прадпрыемству.

Адзеньне і абутак, вынятыя 13.04.2011 у ходзе выманьня ў Канавалава Д.Г., — перадаць Канавалаву Г.А.

Вынятыя 12.04.2011 году ў ходзе асабістага вобшуку Канавалава Д.Г.: квіток на цягнік (праязны дакумэнт) ад 10.04.2011 «Віцебск — Менск»; бальнічны аркуш на ягонае імя (Канавалава Д.Г.); сім-картку «Life»; флякон «Цэрукал» з таблеткамі і капсуламі белага колеру; аркуш з запісамі, 7 праязных квіткоў на трамвай; запальнічка «Крыкет»; жэтон на мэтро — зьнішчыць;

мабільны тэлефон «Sony Ericsson», які належыць Канавалаву Д.Г., — абярнуць у кошт пагашэньня пазоваў.

(Ст. 110)... Фрагмэнты малюнку і ДВП з надпісамі — зьнішчыць. (Малюнак і надпісы на драўнянавалакністай пліце ў судзе не дэманстравалі, а надпісы не агалошвалі. Паводле журналісткі Ірыны Козьлік, гаворка пра партрэт чалавека, падобнага да Аляксандра Лукашэнкі, ды пагрозы і абразы на ягоны адрас, напісаныя на ДВП. Нібыта гэта сьледчыя знайшлі падчас ператрусу ў падвале Канавалава — А.Г.)

(Ст.113)... Дваццаць сем канвэртаў з трыццацьцю сямю кампакт-дыскамі з запісамі камэр відэаназіраньня ад 10.04.2011 на чыгуначным вакзале ў г. Віцебску, ад 10.04.2011 на станцыі «Менск-Пасажырскі», на станцыях мэтро «Фрунзенская», «Купалаўская», «Кастрычніцкая», ад 11.04.2011 на станцыях мэтро «Фрунзенская», «Купалаўская», «Кастрычніцкая», ад 11.04.2011 па ходзе руху Канавалава па г. Менску пасьля зьдзяйсьненьня злачынства, ад 15.04.2011 на станцыях мэтро «Фрунзенская», «Купалаўская», «Кастрычніцкая» падчас праверкі ягоных паказаньняў, а таксама гуказапісам набыцьця квіткоў 10.04.2011 на чыгуначным вакзале ў г. Віцебску на цягнік № 117 «Віцебск — Менск» — захоўваць пры справе.

Прадметы, вынятыя падчас агляду месца здарэньня і вагонаў пашкоджанага электрацягніка; ператрусу
12–13 красавіка 2011 году падвальнага памяшканьня — сарая № 52 па вуліцы Рэпіна, д.8 к.1 у г. Віцебску; агляду 15.04.2011 кв. № 53 дома № 8 к. 1 па вул. Рэпіна ў г. Віцебску; паражальныя элемэнты, вынятыя зь целаў пацярпелых, а таксама пашкоджаныя прадметы адзеньня і абутак пацярпелых і нявызначаных асобаў, што паступілі з Інстытуту крыміналістыкі ЦСТ ФСБ Расейскай Фэдэрацыі пасьля правядзеньня комплекснай крыміналістычнай выбуховатэхнічнай экспэртызы, — зьнішчыць.

...Палімэрны пакунак чорнага колеру зь біялягічнымі ўзорамі трупаў; палімэрны пакунак з 16 мэталічнымі шарыкамі; узоры сталі; элемэнты макету выбуховага прыстасаваньня, зробленага падазроным Канавалавым Д.Г. у ходзе сьледчага экспэрымэнту 20.04.2011, якое ён выкарыстаў 11.04.2011 на станцыі «Кастрычніцкая» Менскага мэтрапалітэну, — зьнішчыць.

(Ст. 114)...Відэакасэты і дыскі з запісамі сьледчых дзеяньняў, лічбавыя носьбіты інфармацыі — дадаткі да пратаколаў сьледчых дзеяньняў і заключэньняў экспэртыз — захоўваць пры справе.

Прысуд Вярхоўнага Суду абскарджваньню і апратэставаньню ў касацыйным парадку не падлягае.

Старшынюючы.

Народныя засядальнікі».


Былы судзьдзя, праваабаронца Гары Паганяйла кажа, што суд мае права вырашыць лёс рэчавых доказаў пасьля заканчэньня судовага працэсу, у тым ліку і пастанавіць зьнішчыць тыя рэчавыя доказы, наконт якіх у суду няма сумневаў, бо праведзеныя ўсе неабходныя экспэртызы і сьледчыя дзеяньні. Прыкладам, праваабаронца згодны са зьнішчэньнем паражальных элемэнтаў, знойдзеных на месцах тэрактаў. Але Гары Паганяйла кажа пра супярэчлівыя высновы суду адносна таго, мог ці ня мог Канавалаў сабраць тыя бомбы.

«Калі нам казалі пра тое, што выбуховае прыстасаваньне было ўнікальнае, што яго нельга было сабраць у звычайных бытавых умовах і што патрэбныя былі асаблівыя веды для прыгатаваньня выбуховага рэчыва, тады ўзьнікаюць сумненьні, чаму гэтак пастанавіў суд».

На думку Гары Паганяйлы, суд не да канца вывучыў тое, ці мог Канавалаў зрабіць выбухоўку і саму бомбу паводле той тэхналёгіі, якую знайшлі ў ягоных сшытках і з тымі кампанэнтамі, якія ў яго былі. Таксама суд не правёў дасьледаваньне крыніц, зь якіх Канавалаў нібыта браў зьвесткі пра гэтыя тэхналёгіі, мяркуе Гары Паганяйла. Калі будуць зьнішчаныя ўсе прылады і рэчы з падвалу Канавалава, правесьці такі экспэрымэнт будзе немагчыма, перакананы праваабаронца. Гары Паганяйла заўважае, што прысуд Вярхоўнага суду нельга аспрэчыць у касацыйным парадку. Судзьдзі не прадугледжваюць магчымасьць паўторнага разбору і таму вырашылі зьнішчыць пераважную большасьць рэчавых доказаў. Між тым магчымасьць іх захоўваньня ў суду ёсьць.

«Існуюць паводле закону тэрміны даўнасьці захоўваньня крымінальных спраў, і разам зь імі могуць захоўвацца і рэчавыя доказы, якія суд пастанавіў захоўваць».

На думку былога сьледчага пракуратуры Алега Воўчака, выкананьне рашэньня пра зьнішчэньне рэчавых доказаў магчыма было адтэрмінаваць.

Алег Воўчак: «Паводле закону парушэньняў няма. Але ўлічваючы тое, колькі нюансаў і супярэчнасьцяў, маглі б прытрымаць выкананьне».

Гаворка ідзе пра рэчы зь месцаў выбуху ў менскім мэтро і на плошчах у Віцебску і Менску, рэчы, канфіскаваныя ў абвінавачанага Дзьмітрыя Канавалава падчас ператрусу дома і ў «выбуховатэхнічнай лябараторыі», якую ён абсталяваў у сябе ў склепе.





Вось яшчэ адно меркаваньне, якое шырока цытавалася ў інтэрнэце. Палітоляг Віктар Дзямідаў: «Шмат якія з гэтых прадметаў маглі сьведчыць пра тое, што выбухнула ня торба Канавалава, а выбухнула загадзя закладзеная спэцслужбамі выбухоўка. Такая вэрсія папулярная сярод шэрагу пацярпелых. Вядома, у справе застануцца фатаграфіі і відэазапісы. Але калі паўстане пытаньне пра паўторнае сьледзтва, яго бяз рэчавых доказаў паўнавартасна не правядзеш».

Лёсам рэчавых доказаў паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу абавязаны распарадзіцца суд, які прымае рашэньне па справе. Рэчавыя доказы са сьлядамі злачынства, а таксама рэчавыя доказы, гаспадар якіх ня выяўлены і якія могуць спатрэбіцца дзеля далейшага расьсьледаваньня, павінны быць захаваныя. Зьнішчаюць тыя рэчавыя доказы, якія не нясуць сьлядоў злачынства альбо калі яны ўжо дастаткова дасьледаваныя. Зьнішчэньне рэчавых доказаў рэгулюе «Інструкцыя аб парадку выманьня, уліку, захоўваньня і перадачы рэчавых доказаў, грошай, каштоўнасьцяў, дакумэнтаў і іншай маёмасьці па крымінальных справах».

Найбольш назіральнікі дзівіліся таму, што сярод прызначаных для зьнішчэньня рэчавых доказаў апынулася і бомба, якая ня выбухнула ў Менску 3 ліпеня 2008 году — тая самая, на якой знайшлі адбіткі пальцаў Дзьмітрыя Канавалава. Праблема ў тым, што, акрамя пальцаў Канавалава, на гэтай бомбе знайшлі адбіткі пальцаў яшчэ пяці чалавек, асобы якіх чамусьці сьледзтва ня высьветліла ці не захацела высьвятляць. Як і суд. Між тым у Беларусі існуе адзіная дактыляскапічная база, у якой сабраныя адбіткі пальцаў практычна ўсяго дарослага мужчынскага насельніцтва краіны, і зрабіць гэта было няцяжка. Што перашкодзіла? Прадстаўнік сьледзтва, якога мы ўжо згадвалі, дае журналістцы Інтэрфаксу Юлі Качубей наступны адказ.

З інтэрвію «Ці быў у Канавалава „куратар“? Новая праўда аб тэрактах»

— Чаму на выбуховым прыстасаваньні, якое не ўзарвалося, знойдзены адбіткі пальцаў невядомых?

— Таму што пасьля ягонага знаходжаньня яго чапалі, нюхалі, груба кажучы, лізалі ўсе каму не лянота. Неапраўданы гераізм разам з глупствам. Але гэта таксама можна было патлумачыць тым, што мы не былі падрыхтаваныя тады да тэрактаў. І гэтае выбуховае прыстасаваньне адразу ўспрымалі, як муляж.



​7 сьнежня 2011 году асуджаны да сьмяротнай кары Ўладзіслаў Кавалёў падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Пазьней адвакат Кавалёва падаў у Вярхоўны суд скаргу на прысуд у парадку нагляду. Маці асуджанага Любоў Кавалёва і ягоная сястра Тацяна накіравалі ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргу аб парушэньні права на жыцьцё. Гэтая скарга была зарэгістраваная ў камітэце ААН ужо 15 сьнежня 2011 году.

Камітэт ААН у адпаведнасьці з працэдурнымі правіламі зьвярнуўся да беларускага ўраду з просьбай не выконваць сьмяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву, пакуль скарга ня будзе разгледжаная па сутнасьці.

На пачатку лютага 2012 году стала вядома, што ўрад Беларусі накіраваў у Камітэт ААН па правах чалавека ліст, у якім заявіў пра непрымальнасьць разгляду скаргі маці і сястры Ўладзіслава Кавалёва ў Камітэце ААН. Беларускі ўрад спаслаўся на артыкул № 2 факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, паводле якога скарга можа быць прынятая ў Камітэце ААН па правах чалавека толькі пасьля таго, як будуць вычарпаныя ўсе ўнутраныя сродкі прававой дапамогі. Між тым на той момант наглядная скарга на імя старшыні Вярхоўнага суду яшчэ не была разгледжаная, як і прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Супрацьстаяньне вакол лёсу Ўладзіслава Кавалёва працягвалася. Камітэт ААН па правах чалавека прапанаваў маці і сястры Кавалёва прадставіць свае аргумэнты не пазьней за сакавік, тыя зрабілі гэта ўжо ў першыя дні лютага. Таксама маці Кавалёва — Любоў Кавалёва зьвярнулася ў Канстытуцыйны суд Беларусі з просьбай прывесьці ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй Крымінальна-выканаўчы кодэкс. Паводле гэтага кодэксу на пачатку 2012 году нават не была прадугледжаная магчымасьць адкласьці выкананьне сьмяротнага прысуду на час, пакуль ня будзе разгледжаная скарга асуджанага ў міжнародныя судовыя інстанцыі, прыкладам, у Камітэт правоў чалавека ААН.

Між тым Канстытуцыя Беларусі гарантавала такое права. Канстытуцыйны суд адказаў Любові Кавалёвай, што яна ня мае права ўносіць такія прапановы — такім правам валодаюць толькі адмыслова ўпаўнаважаныя органы: Савет Міністраў, абедзьве палаты Нацыянальнага Сходу, Вярхоўны суд альбо прэзыдэнт. Людміла Кавалёва накіравала ва ўсе гэтыя арганізацыі лісты, у якіх папрасіла накіраваць у КС заключэньні пра тое, што беларускі Крымінальна-выканаўчы кодэкс у гэтай частцы супярэчыць Канстытуцыі краіны і факультатыўнаму пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала Беларусь.

Першым, 18 лютага 2012 году, маці асуджанага на сьмерць Уладзіслава Кавалёва адказаў аддзел па пытаньнях грамадзянства і памілаваньня Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Адтуль паведамілі: «Паводле вашай прапановы мэтазгодны комплексны прававы аналіз законаў з удзелам кампэтэнтных дзяржаўных органаў». І далей паабяцалі: «У сувязі з гэтым вам будзе паведамлена дадаткова». Што будзе паведамлена пэўна, не пазначылі.

Што да Дзьмітрыя Канавалава, на пачатку 2012 году пра яго стала вядома, што ён нават не падаваў прашэньня аб памілаваньні. Паводле Генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка, у студзені 2012 году, калі скончыўся тэрмін азнаямленьня з пратаколам судовага паседжаньня, Канавалаву нагадалі пра ягонае права накіраваць прашэньне, але ён зноў адмовіўся. Зьвестак пра тое, што Канавалаў падтрымліваў кантакты са сваякамі ці знаёмымі, на той момант не было. Затое ад незалежных віцебскіх журналістаў стала вядома, што сваякоў Дзьмітрыя Канавалава па-ранейшаму ахоўвалі прадстаўнікі сілавых структур, якія не давалі ім мець кантакты зь іншымі людзьмі без дазволу.


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі


Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG