Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюзнага актывіста звальняюць за тры гады да пэнсіі


Мікалай Расюк

Мікалай Расюк

Зь сябрам Свабоднага прафсаюзу Беларускага, электрыкам Мікалаем Расюком Упраўленьне капітальнага будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкаму ня будзе працягваць працоўных адносінаў.

Фармальная прычына — сканчэньне тэрміну дзеяньня працоўнага кантракту. Актывіст дапрацоўвае апошнія чатыры дні.

Расюк: «Вы ж добра ведаеце, якія справы ў будаўніцтве цяпер. А я такі чалавек, што маўчаць ня буду. Інтэрвію я даваў пра стан будаўніцтва. Вось гэта ўсё і паўплывала на рашэньне аб маім звальненьні. Мяне ж добра ведаюць. Ім не патрэбны такі чалавек. Мяне нядаўна перавялі на іншую працу. Ранейшая арганізацыя „Інвэстсыстэм“ рассыпалася. Яе расфармавалі, даўгі павесілі на Ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва. У ім я адпрацаваў месяцаў пяць. Цяпер буду беспрацоўны. Буду лячыць сваё здароўе. Новае начальства, пэўна, ведала пра маё здароўе, але ж маглі і іншую працу прапанаваць».

Ва упраўленьні капітальнага будаўніцтва звальненьне Мікалая Расюка тлумачаць вытворчай неабходнасьцю:

«Паводле рашэньня Магілёўскага гарвыканкаму арганізацыю, дзе працаваў Расюк, далучылі да нашай арганізацыі. Мы ўзялі ўсіх людзей, якія там працавалі. У нас для яго няма працы. Наагул, усе людзі, якія там былі, дапрацоўваюць да канца кантрактаў і ўсе будуць сыходзіць. Мы ж іх ня можам бязь іхнай згоды звольніць раней, чым кантракт скончыцца. Больш ні з чым звальненьне гэтае не зьвязанае. Нам электрык толькі адзін патрэбны. Мы выконваем функцыю заказчыка, але ж не будаўніка. Так атрымалася. Гэта ж не маё рашэньне», — тлумачыць сытуацыю са звальненьнем Расюка прадстаўнік адміністрацыі Ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва.

Гэта ня першае звальненьне актывіста з ініцыятывы наймальніка. У 2009 годзе яго звольнілі з трэсту «Магілёўлаўсанбуд» — таксама па сканчэньні тэрміну дзеяньня кантракту.

Да пэнсіі Мікалаю Расюку тры гады. Ён ліквідатар-чарнобылец. Некалькі разоў спрабаваў ад імя апазыцыйных арганізацыяў выступіць на афіцыйным чарнобыльскім мітынгу. Гарвыканкам слова яму не даваў.

Мікалай Расюк стаў трэцім звольненым прафсаюзным актывістам у Магілёве. Раней таксама з будаўнічых арганізацыяў былі звольненыя сябра прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, муляр Аляксей Паўлоўскі і сябра Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, грузчык домабудаўнічага камбінату Алег Аксёнаў. Паўлоўскі цяпер судзіцца з былым сваім наймальнікам, каб была зьменена фармулёўка звальненьня і выплачана кампэнсацыя за парушэньне наймальнікам умоваў кантракту. Аксёнаў гэтага дамогся. Таго ж будзе дамагацца і Мікалай Расюк.
XS
SM
MD
LG