Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адзе Райчонак — 75 гадоў


Заснавальніца Культурна-адукацыйнага цэнтру імя Язэпа Драздовіча, арганізатарка шматлікіх краязнаўчых канфэрэнцыяў і пленэраў, стваральніца двух музэяў, вядомая грамадзкая актывістка зь вёскі Германавічы Шаркоўшчынскага раёну адзначае 75-я ўгодкі.

Ада Райчонак нарадзілася ў Віцебску, у час вайны загінуў яе бацька. Разам з маці маленькай дзяўчынцы давялося перажыць гады акупацыі і канцлягер.

Пасьля вайны сям’я пасялілася ў Полацку. Тут у 1957 годзе Ада Райчонак скончыла пэдвучэльню. Працаваць пачала ў Слабадзкой сярэдняй школе, кіравала мастацкай самадзейнасьцю.

У 1965 годзе скончыла завочна філялягічны факультэт Пскоўскага пэдінстытуту. У 1971 годзе разам з мужам пераехала ў вёску Германавічы Шаркоўшчынскага раёну, дзе жыве і дагэтуль. Працавала настаўніцай расейскай мовы і літаратуры ў мясцовай школе, займалася краязнаўствам. Шмат гадоў аддала зьбіраньню ды прапагандзе спадчыны мастака, этнографа і асьветніка Язэпа Драздовіча.

Разам з сынам Міхасём, які пайшоў з жыцьця ў 25 гадоў, стварыла ў сваёй вёсцы аж два музэі — дзякуючы Адзе Райчонак вёска мае Музэй мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча і недзяржаўны Літаратурна-мастацкі музэй імя Міхася Райчонка.

У 1996 годзе грамадзкая арганізацыя «Культурна-адукацыйны цэнтар імя Драздовіча» правяла першы Драздовіцкі мастацкі пленэр.

Вадзім Баршчэўскі, таксама сябар цэнтру імя Драздовіча, лічыць, што Аду Райчонак невыпадкова называюць «маці пленэраў»:

«Я далучыўся да гэтае працы падчас падрыхтоўкі ўжо да другога пленэру, тады іх Ада Элеўна ладзіла з малодшым сынам Міхасём, што заўчасна пайшоў з гэтага жыцьця. Яна сапраўды заўсёды была і ёсьць „маці пленэраў“, „душой пленэраў“. Бо яна душэўны чалавек, і да яе цягнуцца людзі, зь ёй заўжды прыемна мець справу.

Мы супольна правялі ўжо больш за два дзясяткі пленэраў, у тым ліку для дзяцей і моладзі, для дарослых мастакоў і літаратараў. І кожны быў прысьвечаны выбітным асобам — Рыгору Барадуліну, Васілю Быкаву, Уладзімеру Караткевічу».

Дзякуючы пленэрам у мясцовым музэі зьявілася больш за сотню карцінаў, апавядае актывіст з Глыбокага Зьміцер Лупач, які неаднойчы бываў у Германавічах:

«Гэта, вядома, дужа незвычайна — прыватная мастацкая галерэя і музэй у вёсцы. Германавічы цяпер — аграгарадок, тут пад тысячу жыхароў, але Ада Райчонак — бадай што самая знакамітая ў навакольлі асоба. Пэўна, кожны мясцовы жыхар пабываў у музэях Ады Элеўны, а колькі народу прыяжджае, каб іх паглядзець — увогуле цяжка падлічыць. Едуць ня толькі зь Віцебшчыны, але і з усёй Беларусі, бо Ада Элеўна ладзіць яшчэ й сустрэчы зь цікавымі людзьмі, прадстаўнікамі беларускай мастацкай інтэлігенцыі».

А яшчэ сям’я Райчонкаў трымае адзіную ў гэтай мясцовасьці фэрмэрскую гаспадарку. І Ада Элеўна частуе ўдзельнікаў мастацкіх пленэраў сваёй бульбай і малаком. Як гаспадыня ўвіхаецца на кухні, зьняў стваральнік фільму «Галерэя Ады» пэдагог і кінарэжысэр Уладзімер Колас, і гэты фільм атрымаў галоўную ўзнагароду на VІІІ Міжнародным фэстывалі крэатыўных дакумэнтальных фільмаў «Escales Documentaіre» у францускім горадзе Ля-Рашэль.

Ада Элеўна таксама мае шмат узнагародаў — перадусім за настаўніцкую і краязнаўчую дзейнасьць. Але самай важнай для сябе ўзнагародай яна лічыць уганараваньне прэміяй «За свабоду думкі», якую ёй уручылі ў чэрвені 2010 году на малой радзіме Васіля Быкава.

Фільм «Галерэя Ады»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG