Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады таму разьбіўся самалёт з прэзыдэнтам Польшчы


Крыжы на месцы катастрофы

Крыжы на месцы катастрофы

Сёньня ў Польшчы адзначаюць другую гадавіну катастрофы пад Смаленскам у якой загінулі 96 высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў ды грамадзкіх дзеячаў, у тым ліку прэзыдэнт Лех Качынскі.

З самога ранку каля прэзыдэнцкага палацу ў Варшаве пачалі зьбірацца людзі — з крыжамі, зьнічамі ды кветкамі. Яны бяруць удзел у неафіцыйнай частцы жалобных мерапрыемстваў, якія арганізавала партыя «Права і справядлівасьць» пад кіраўніцтвам брата загінулага прэзыдэнта Леха Качынскага — Яраслава.

Каля дзявятай гадзіны — гэта час, калі два гады таму разьбіўся прэзыдэнцкі самалёт — Яраслаў Качынскі усклаў там кветкі ды накіраваўся на імшу.

Дачка Леха і Марыі Качынскіх Марта наведала магілы бацькоў у Кракаве.

«Я ўдзячная ўсім, хто памятае пра маіх бацькоў ды не баіцца пра гэта адкрыта казаць. Дзякую тым, хто знаходзіцца цяпер каля прэзыдэнцкага палацу і тым, хто наведвае магілы бацькоў тут у Кракаве».

Між тым на варшаўскіх могілках Павонзкі, дзе пахаваная частка ахвяраў катастрофы ды усталяваны помнік, адбыліся афіцыйныя мерапрыемствы з удзелам прэм’ер-міністра Дональда Туска. Прысутныя ўшанавалі памяць ахвяраў хвілінай цішыні, а потым былі агучаныя імёны ўсіх загінулых.

Два гады пасьля катастрофы грамадзкая думка ў Польшчы што да яе прычынаў застаецца падзеленая. Адныя пагаджаюцца з афіцыйнай вэрсіяй, паводле якой катастрофа сталася вынікам шэрагу недапрацовак у часе арганізацыі палёту ды памылак пілётаў, іншыя надалей лічаць, што гэта быў замах.

Сярод іншага пра гэта казала ў эфіры тэлеканалу TVN24 удава намесьніка міністра культуры Польшчы Томаша Мэрты Магдалена.

«Я не сумняваюся, што іх забілі расейцы. Сумняваюся толькі ў тым, ці яны наўмысна гэта зрабілі».

Апазыцыя заклікае яшчэ раз расьсьледаваць прычыны катастрофы, але гэтым разам з удзелам замежных экспэртаў. Між тым сьледзтва польскай пракуратуры ў гэтай справе дагэтуль не завершанае. У Расеі застаюцца і рэшткі разьбітага прэзыдэнцкага самалёта.
XS
SM
MD
LG