Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гвалт у Сырыі працягваецца


У адпаведнасьці зь мірным плянам, прапанаваным спэцыяльным пасланьнікам ААН і Лігі арабскіх дзяржаваў Кофі Ананам, сёньня меўся пачацца вывад сырыйскіх сілаў бясьпекі з буйных гарадоў краіны, каб у чацьвер уступіла ў сілу пагадненьне аб спыненьні агню.

Аднак сёньня сутыкненьні працягваліся. Крыніцы ў Сырыі паведамляюць, што ўрадавыя сілы вялі агонь у гарадах Хамай і Хомс. Учора па ўсёй краіне былі забітыя 150 чалавек, пераважна цывільныя асобы. Прэм'ер-міністар Турэччыны Рэджэп Тайып Эрдаган абвінаваціў Сырыю ў відавочным парушэньнем дзяржаўнай мяжы з Турэччынай, у выніку чаго два чалавекі ўчора загінулі і многія былі параненыя. Сырыйскія войскі таксама правялі рэйд на тэрыторыю памежнага Лібану, загінуў тэлежурналіст.

Сырыйскія апазыцыянэры заяўляюць, што працяг абстрэлаў з боку сырыйскай арміі вымусіць іх абараняцца са зброяй у руках.

Тым часам у Маскве адбыліся перамовы міністраў замежных спраў Расеі і Сырыі Сяргея Лаўрова і Валіда Муаліма.

На прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы кіраўнік расейскага МЗС падкрэсьліў, што мірны плян Анана не павінен тлумачыцца ўдзельнікамі сырыйскага канфлікту «па-рознаму». Лаўроў удакладніў, што плян Анана ўжо ўхвалены Радай Бясьпекі ААН, таму невыкананьне пляну адным з бакоў ня можа служыць падставай для адмовы «другога боку» ад яго выкананьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG