Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія авіяперавозчыкі хочуць захапіць беларускі транзыт?


Нацыянальны аэрапорт «Менск»

Нацыянальны аэрапорт «Менск»

Завяршыліся перамовы па пасажырскіх авіяперавозках паміж Беларусьсю і Расеяй. Тром расейскім авіякампаніям удалося адстаяць права рабіць пяць рэйсаў штодзень у Менск, на такую ж частату ад канца красавіка выйдзе і «Белавія». Аднак экспэрты перакананыя: такой шчыльнасьці палётаў дзьвюм сталіцам непатрэбна, а расейскі бок перасьледуе больш маштабныя мэты — зрабіць зь Беларусі «перавалачную базу» на заходнім напрамку. Апроч таго, «Белавія» здала пазыцыі перад пагрозай страціць магчымасьць палётаў у расейскія рэгіёны, чым у выпадку няўступлівасьці Расея прыгразіла беларускаму боку.

З трэцяй спробы беларускія перамоўнікі пагадзіліся з тым, што яшчэ ад сакавіка патрабавала Расея: па пяць рэйсаў на дзень на маршруце Масква-Менск для кожнай з краін. Такім чынам, ад Расеі на азначанай паветранай лініі будуць працаваць «Аэрафлот», «ЮТэйр» і «Сыбір», ад Беларусі — манапаліст «Белавія». Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду, кіраўнік беларускай дэлегацыі Анатоль Калінін, расказваючы журналістам пра плённасьць перамоваў, ужо ня згадваў, што яшчэ тыдзень таму Беларусь абяцала падаць судовы пазоў на «Расавіяцыю» і зьменшыць колькасьць палётаў расейскіх кампаніяў да двух на дзень:

«У летні пэрыяд будзем лятаць з частатой пяць на пяць. У верасьні падчас дадатковых кансультацыяў вызначым такі ж падыход, які акрэсьлівае ўзаемную выгаду і прыярытэт у зімовыя пералёты… Беларускі бок набыў у гэтым годзе два пасажырскія самалёты, і плянуем у наступным годзе набыць як мінімум тры самалёты. А да хакейнага чэмпіянату сьвету ў нашай краіне мяркуем правесьці значнае абнаўленьне пасажырскага парку».

У сваю чаргу, намесьнік міністра транспарту Расеі Валерый Окулаў выказаў задаволенасьць, што ня толькі будзе пашырацца частата палётаў паміж Менскам і рэгіёнамі Расеі, але магчымы і прыход на ўнутраныя лініі Беларусі расейскіх перавозчыкаў:

«Ад 27 красавіка калегі з „Белавія“ ўводзяць дадатковую пятую частату ў паветраных зносінах паміж Менскам і Масквой. Палёты зь Менску ў рэгіёны Расеі таксама будуць разьвівацца і павялічвацца. І ў пратаколе мы сапраўды ўзялі ў якасьці хатняга заданьня неабходнасьць прапрацаваць пытаньне лібэралізацыі паветраных зносін з мэтай ажыцьцяўленьня палётаў, у тым ліку і на ўнутраных лініях, як унутры Расеі, так і ўнутры Беларусі».

Эканаміст Сяргей Балыкін настойлівасьць расейскіх авіяперавозчыкаў у імкненьні зрабіць прысутнасьць на беларускім рынку максымальнай тлумачыць іхнымі стратэгічнымі плянамі:
Беларусь — вельмі прывабнае месца, каб зрабіць тут транзытную зону накшталт Шэнану ў Ірляндыі.

«Беларусь — вельмі прывабнае месца, каб зрабіць тут транзытную зону накшталт Шэнану ў Ірляндыі. Той, хто гэта зразумее, атрымае добрыя дывідэнды. На жаль, у саміх беларусаў, у беларускіх уладаў не хапае прадпрымальнасьці, каб стварыць тут такую вось зону і атрымліваць дадатковыя сродкі за кошт свайго геаграфічнага становішча. А калі нешта самім непатрэбна, то знойдуцца тыя, каму гэта будзе цікава. Гэта ж, як кажуць, бізнэс, нічога асабістага».

Тым часам кіраўніцтва авіякампаніі «Белавія» выказвае сумнеў, што ўвядзеньне дадатковага пятага рэйсу на маршруце Менск — Масква будзе эканамічна абгрунтаваным і выгадным для беларускага авіяперавозчыка. Бальшыня самалётаў і пры цяперашніх чатырох рэйсах лятаюць з 50-працэнтнай запаўняльнасьцю, і дзеля чаго пускаць яшчэ адзін паўпусты борт — у «Белавія» пакуль ня ведаюць.

Сяргей Балыкін кажа, што пакуль авіяцыйныя ўлады ўшчыльную ня зоймуцца фармаваньнем цэнавай палітыкі, палёты для пасажыраў па-ранейшаму будуць раскошай:

«Насамрэч 10 рэйсаў на дзень — вельмі шмат. У такім разе выйграюць авіякампаніі, якія працуюць па ніжэйшых коштах і атрымліваюць прыбытак ад абароту, а не з высокіх коштаў. Так што цалкам магчыма і тут мець прыбытак. Праўда, той жа кампаніі „Белавія“ давядзецца падумаць пра цэнаўтварэньне, пра тое, што трэба даць магчымасьць людзям выбіраць — у тым ліку і паміж меншым камфортам пры меншых коштах. Тады пасажыры змогуць карыстацца самалётамі як аўтобусамі. Што, прыкладам, адбываецца ў ЗША. Там за сымбалічныя грошы бюджэтным рэйсам можна трапіць у любую кропку краіны».

26 сакавіка «Белавія» спыніла палёты ў Маскву пасьля таго, як «Расавіяцыя» адклікала дазвол на выкананьне ёю рэйсаў па маршруце Менск — Масква. У адказ беларускі бок адклікаў дазволы на палёты ўсіх расейскіх кампаніяў. Пасьля тэрміновых кансультацыяў было выпрацавана часовае пагадненьне аб аднаўленьні палётаў да 10 траўня. Аднак 5 красавіка Дэпартамэнт авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі папярэдзіў расейцаў, што ад 13 красавіка яны змогуць выконваць толькі чатыры рэйсы на дзень. Расейскае транспартнае ведамства заявіла, што з таго ж дня для «Белавія» будуць забароненыя палёты ўва ўсе рэгіёны Расеі, акрамя Масквы. «Белавія» заявіла пра намер абскардзіць такое рашэньне ў судзе. 9 красавіка авіяцыйныя зносіны аднавіліся на ўмовах Расеі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG