Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскай Астрахані зь сярэдзіны сакавіка працягваецца галадоўка. Спачатку ў ёй удзельнічалі 12 чалавек. Яны патрабавалі скасаваць вынікі выбараў мэра гораду, на думку назіральнікаў падчас выбараў былі шматлікія фальсыфікацыі.

Па афіцыйных дадзеных, перамогу атрымаў кандыдат ад «Адзінай Расеі» Міхаіл Сталяроў, які набраў 60% галасоў, а за прадстаўніка «Справядлівай Расеі» Алега Шэіна прагаласавала каля 30% выбарцаў. Цяпер у бестэрміновай галадоўцы ўдзельнічаюць 22 чалавекі, у тым ліку і сам Алег Шэін.

Астраханскі пратэст быў падтрыманы ў Маскве. Сёньня больш за сто чалавек прыйшлі да афіцыйнага прадстаўніцтва ў сталіцы губэрнатара Астраханскай вобласьці, каб правесьці там сэрыю адзіночных пікетаў.

«У Астрахані паміраюць людзі. Пуцін і Жылкін, вы ў адказе!» «Пачніце перамовы!» Гэтыя плякаты па чарзе трымаюць удзельнікі адзіночных пікетаў, якія маюць намер дамагчыся, каб астраханскія улады — і, перш за ўсё, губэрнатар Аляксандр Жылкін — сустрэўся з галадоўнікамі.

З прадстаўніцтва губэрнатара да пікетоўцаў ніхто ня выйшаў. Спробы пагаварыць з чыноўнікамі па дамафоне таксама ня мелі посьпеху: «Ідзіце, гэта прыватная ўласнасьць», — гучала з дынаміка.

Дэпутаты Дзярждумы Ільля Панамароў і Дзьмітры Гудкоў выйшлі на Красную плошчу з плякатамі «Гарант, абарані Канстытуцыю, абарані Алега Шэіна» і «Патрабуем перавыбараў мэра Астрахані!»

Кіраўнік руху «Левы фронт» Сяргей Удальцоў і яшчэ некалькі актывістаў пачалі ўчора ў Маскве галадоўку салідарнасьці з астраханскімі галадоўнікамі.

Вядомы блогер, апазыцыянэр Аляксей Навальны прыехаў сёньня ў Астрахань, каб узяць удзел у мітынгу за адмену вынікаў выбараў кіраўніка гораду.

У сваю чаргу, прафсаюзныя і грамадзкія арганізацыі гораду маюць намер правесьці сёньня альтэрнатыўны мітынг — «супраць аранжавых акцый».
XS
SM
MD
LG