Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілеўскі аблвыканкам: гатовыя супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасьцю


Магілёўскі аблвыканкам
Магілёўскі аблвыканкам

Пра гатоўнасьць наладжваць супрацоўніцтва ўлады з грамадзянскай супольнасьцю заявіў намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Валеры Малашка на сустрэчы з кіраўнікамі грамадзкіх арганізацыяў рэгіёну.

Паводле афіцыйных крыніцаў, чыноўнік выказаў незадавальненьне актыўнасьцю грамадзкіх арганізацыяў у сацыяльным жыцьці вобласьці.

«У нас у вобласьці дзейнічаюць парадку 7 тысяч грамадзкіх арганізацыяў, але, на жаль, мы чуем толькі пра адзінкі арганізацыяў, якія актыўна ўдзельнічаюць у сацыяльным жыцьці нашага грамадзтва. Рэгіянальныя ўлады зацікаўленыя нават падзяліць адказнасьць з грамадзянскай супольнасьцю, але перш чым падзяліць, мы павінны разумець тыя межы, у якіх мы павінны працаваць», — цытуюць афіцыйныя СМІ выказваньне Валерыя Малашкі.

Каго з кіраўнікоў грамадзкіх арганізацыяў запрасілі на сустрэчу ў аблвыканкам, не паведамляецца. Высьветліць, ці былі прадстаўнікі апазыцыйных недзяржаўных арганізацыяў за сталом з Малашкам, не ўдалося.

Дакладна вядома, што прадстаўнікоў ад грамадзкай арганізацыі «БНФ «Адраджэньне» на сустрэчы не было. Ня так даўно гэтая арганізацыя прапаноўвала ўладзе супрацоўніцтва ў пытаньнях вяртаньня беларускай мовы ў публічнае жыцьцё.

Паводле намесьніка старшыні арганізацыі Рыгора Кастусёва, ад пачатку 2000-х гадоў яму неаднойчы абяцалі, што запросяць на такія сустрэчы ў аблвыканкам, але ніводнага разу не запрасілі.

Кастусёў: «Мне казалі й той жа Малашка, а да яго Анатоль Глаз і нават Барыс Батура, калі быў старшынём аблвыканкаму, што як будзе нагода, мы вас запросім. Відаць, нагоды такой не было. Наагул такія сустрэчы праходзяць у аблвыканкаме рэгулярна. Туды звычайна запрашаюцца прадстаўнікі праўладных грамадзкіх арганізацыяў — Саветы вэтэранаў, прафсаюзы, БРСМ, „Белая Русь“ і падобныя. Прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацыяў туды не запрашаюць. Уладзе ня хочацца чуць праўду пра сытуацыю ў грамадзянскім сэктары. Яны хочуць пачуць тое, што ім хочацца чуць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG