Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 сутак за налепкі ў мэтро


Зьміцер Крамянецкі і Міхаіл Мускі перад пачаткам суду.

Зьміцер Крамянецкі і Міхаіл Мускі перад пачаткам суду.

Суд Ленінскага раёну Менску асудзіў маладафронтаўцаў Зьмітра Крамянецкага і Міхаіла Мускага на 10 сутак адміністрацыйнага арышту кожнага — за налепкі ў мэтро ў падтрымку палітвязьня Зьмітра Дашкевіча.

Судзьдзі Міхаіл Хома і Марына Запасьнік прызналі іх вінаватымі паводле артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу аб хуліганстве і знаходжаньні ў нецьвярозым стане ў грамадзкім месцы, ня ўзяўшы пад увагу, што юнакі былі зьбітыя падчас затрыманьня.

Зьмітра Крамянецкага і Міхаіла Мускага затрымалі 7 красавіка на станцыі мэтро «Купалаўская». Затрыманьне і ўтрыманьне пад вартай суправаджаліся зьбіцьцём і зьдзекамі, паведамілі маладафронтаўцы перад пачаткам суду.

Крамянецкі: «Нас затрымалі ў мэтро пасьля таго, як Міша наклеіў налепку „Свабоду Дашкевічу“. Яны схавалі свае бэйджы, каб мы нават ня бачылі, хто нас затрымлівае, і сказалі, што мы брыдкасловім. Міша папрасіўся ў прыбіральню, але яго ня выпусьцілі, а прыкавалі ў кайданках да батарэі і пачалі зьбіваць. Пасьля таксама і мяне закавалі і таксама пачалі зьбіваць. Мы каля трох гадзін праляжалі на падлозе».
Міша папрасіўся ў прыбіральню, але яго ня выпусьцілі, а прыкавалі ў кайданках да батарэі і пачалі зьбіваць.

Мускі: «Зьміцер пасьля зьбіцьця страціў прытомнасьць, але яму нават ня выклікалі хуткую дапамогу».

Крамянецкі: «А дзяжурны на Акрэсьціна пагражаў нам фізычнай расправай. Казаў: вы будзеце тут сядзець, але добра сядзець вы ня будзеце. Гэта быў дзяжурны капітан Есьмантовіч».

У судзе абодва маладафронтаўцы хадайнічалі аб адхіленьні судзьдзяў і аб мэдычнай дапамозе. Адвод самім сабе судзьдзі адхілілі, але мэдыкаў выклікалі. У выніку Зьмітра Крамянецкага з-за падвышанага ціску брыгада хуткай дапамогі забрала ў 9-ты шпіталь, але неўзабаве яго зноў вярнулі ў суд.

Крамянецкі: «У шпіталі ў мяне ўзялі кроў з пальца, зрабілі здымак галавы, і ўсё. Далі міліцыянтам даведку, што я магу вяртацца ў суд, і ўсё. Адчуваю сябе дрэнна, і хоць яны самі кажуць, што так, табе дрэнна, у цябе высокі ціск, але лекаў не даюць і ніякіх мер не прымаюць».

Суд ня ўзяў пад увагу фізычнае самаадчуваньне маладафронтаўцаў. У выніку судзьдзя Марына Запасьнік прысудзіла Міхаілу Мускаму 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а Міхаіл Хома зьняволіў Зьмітра Крамянецкага таксама на 10 сутак. Вось як гэта пракамэнтаваў намесьнік старшыні Маладога фронту Мікола Дземідзенка:

«У краіне ствараецца фашыстоўская атмасфэра, калі для грамадзкай і палітычнай дзейнасьці няма ніякіх умоваў. Можна па-рознаму ставіцца да ўлётак у тым жа мэтрапалітэне, але калі чалавек за адну ўлётку трапляе за краты адразу на 10 сутак, то гэта ненармальна. Грамадзтва рэгрэсуе, санкцыі становяцца больш жорсткімі, ідзе зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці цалкам».

Зьміцер Крамянецкі і Міхаіл Мускі заявілі, што будуць абскарджваць дзеяньні міліцыянтаў падчас затрыманьня і дамагацца, каб іх пакаралі за зьбіцьцё.
XS
SM
MD
LG