Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейцы выбіраюць ТОП-100 беларускай прозы


Берасьцейскае агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця «Дзедзіч» у межах кампаніі «Наша мова» вынесла на галасаваньне 140 найлепшых беларускіх кніг, якія прапанавалі інтэрнаўты.

Як распавёў кіраўнік «Дзедзіча» Зьміцер Шыманскі, ён перакананы, што акцыя прыцягне ўвагу моладзі да беларускай літаратуры:

«Моладзь любіць усё сучаснае, стылёвае, рэйтынгавае. Мы прапануем маладым людзям рэйтынг лепшых беларускіх твораў і спадзяемся, што ў іх зьявіцца жаданьне прачытаць тое, што лічыцца лепшым з найлепшага. Гэта і ёсьць асноўная мэта акцыі — заахвоціць беларускую моладзь да чытаньня роднай літаратуры».

Зьміцер Шыманскі кажа, што ідэя зладзіць такое галасаваньне «ўзьнікла насуперак выказваньням высокіх чыноўнікаў, што на беларускай мове немагчыма напісаць штосьці вартае».

ТОП-100 беларускай прозы выбіраецца з тых твораў беларускіх аўтараў, якія прапанавалі больш за 300 удзельнікаў сацыяльных сетак. Пасьля адбору твораў на сайце АРР «Дзедзіч» выклалі сьпіс беларускіх кніг. Кожны ахвотны можа прагаласаваць за творы, якія яму падабаюцца.

Кампанія «Наша мова» была ініцыяваная берасьцейскімі арганізацыямі «Дзедзіч», «Аазіс» і «Моладзь БНФ». Яе мэта — папулярызацыя беларускай мовы сярод берасьцейскай моладзі.
XS
SM
MD
LG