Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты Барані ўшанавалі памяць ахвяраў Галакосту


Акцыя памяці была прысьвечана 70-м угодкам расстрэлу ўсяго габрэйскага насельніцтва мястэчка Барань.

«8 красавіка 1942 году на ўскраіне мястэчка былі расстраляныя больш за 40 чалавек — усе габрэі, якія засталіся тут пад акупацыяй. Жывым застаўся толькі адзін хлопчык, Элік Глезін, які ў 1970-я гады ахвяраваў уласныя сродкі на ўзьвядзеньне мэмарыялу ў памяць пра сваіх бязьвінна загінулых землякоў», — апавёў бараньскі краязнаўца, старшыня мясцовай суполкі БСДП «Грамада» Віктар Міхасёў.

Ён дадаў, што ўсю вайну габрэйскага хлопчыка хавала ад карнікаў беларуская сям’я, але прозьвішча тых, хто ўратаваў Эліка Глезіна, шырока не вядомае. Застаўся толькі фатаздымак жанчыны, у чыёй хаце хавалася дзіця.

Цяпер краязнаўцы хочуць апублікаваць яго, каб адгукнуліся тыя, хто памятае тую драматычную гісторыю. Бо гэтая спадарыня, кажа Віктар Міхасёў, вартая таго, каб трапіць у сьпіс Праведнікаў Сьвету — ратавальнікаў габрэйскага насельніцтва ў час Галакосту.

Памяць ахвяраў, расстраляных нацыстамі, землякі з Барані ўшанавалі хвілінай маўчаньня. Актывісты БСДП (Грамада) ды іншыя прадстаўнікі грамадзкасьці ўсклалі да мэмарыялу кветкі. Ні мясцовыя ўлады, ні прадстаўнікі ГА БРСМ або партыі «Белая Русь» пра ўгодкі бараньскай трагедыі не згадалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG