Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага пытаньня ў праграме сустрэчы Рады міністраў замежных спраў ЭЗ пакуль няма


Беларускае пытаньне пакуль ня ўключана ў парадак бліжэйшага пасяджэньня Рады міністраў замежных спраў Эўразьвязу, паведаміла Мая Качыянчыч, прэсавая сакратарка вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан.

Сустрэча мае адбыцца ў Люксэмбургу 23 красавіка.

6 красавіка кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей заявіў, што ўлады Беларусі гатовыя да аднаўленьня дыялёгу з Эўразьвязам, але маюць намер дачакацца чарговага рашэньня Рады ЭЗ па беларускім пытаньні.

Афіцыйнай інфармацыі пра хуткае вяртаньне дыпляматаў няма. Прадстаўнікі Эўрапейскай службы зьнешняга дзеяньня не называюць нават прыкладнай даты магчымага вяртаньня амбасадараў. Разам з тым яны падкрэсьліваюць: паслы ЭЗ вернуцца ў Менск толькі ўсе разам, гэтаксама, як яны пакідалі Беларусь.

Пры канцы сакавіка брусэльскае выданьне EUobserver паведаміла, што амбасадары краінаў ЭЗ плянуюць вярнуцца ў Менск пасьля каталіцкага Вялікадня, «калі Аляксандар Лукашэнка за гэты час ня зробіць якіх рэзкіх крокаў».

5 красавіка на нарадзе па пытаньнях зьнешняй палітыкі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пытаньне аб вяртаньні паслоў будзе разглядацца ў пэрсанальным парадку:

«Гэта была іх воля. Яны зьехалі, зьдзейсьніўшы дыпляматычны, палітычны крок. Яны зьдзейсьнілі пэўны дэмарш, які ў той час наносіў шкоду нашаму зьнешнепалітычнаму ведамству як мінімум і нашай дзяржаве як максымум. (...) Раз яны сябе так паводзяць, мы зь міністрам замежных спраў дамовіліся, што кожную краіну і кожнага амбасадара будзем пэрсанальна разглядаць у пляне вяртаньня ў Беларусь».

28 лютага афіцыйны Менск у адказ на чарговае пашырэньне санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі адклікаў для кансультацыяў свайго амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры Эўразьвязе. Апрача таго, беларускі бок прапанаваў амбасадарам Эўразьвязу і Польшчы ў Менску выехаць зь Беларусі для кансультацыяў. Пасьля гэтага прадстаўнікі краінаў ЭЗ дамовіліся адклікаць зь Менску сваіх амбасадараў для кансультацыяў.

Першапачаткова сьпіс беларускіх асобаў і кампаніяў, якія падпадаюць пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЭЗ, быў зацьверджаны Радаю ЭЗ 31 студзеня 2011 году пасьля масавых рэпрэсіяў у дачыненьні да апазыцыі, якія пачаліся сьледам за прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году.

Гэты сьпіс ня раз пашыраўся, цяпер у ім больш за 200 прозьвішчаў і звыш 30 прадпрыемстваў.

Праводзячы такую палітыку, Эўразьвяз дамагаецца ад беларускіх уладаў вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў, адзначае БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG