Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тэлеканал АНТ на поўным сур’ёзе паўтарыў першакрасавіцкі жарт газэты «Таварыш» пра «фальсыфікацыі» на зьезьдзе АГП.

На сайце газэты 1 красавіка была разьмешчаная нататка пад загалоўкам «Зьезд АГП скончыўся гучным скандалам», у якой гаварылася, што «апазыцыянэры, якія ўвесь час вінавацяць улады ў падтасоўцы галасоў на выбарах, самі не зусім чыстыя на руку». Паведамлялася, што па выніках нібыта праведзенага прадстаўнікамі іншых партый экзіт-полу, Анатоль Лябедзька не перамог у ходзе тайнага галасаваньня па выбарах старшыні партыі — за яго на самой справе прагаласавала ўсяго 15,5%.

Як паказала «журналісцкае расьсьледаваньне», аднапартыйцы не даравалі Анатолю Лябедзьку непрыстойных паводзінаў у грамадзкіх месцах: «Як можа старшыня партыі, які прэтэндуе на нацыянальнае лідэрства, брыдкасловіць у грамадзкіх месцах? Гэта недапушчальна! Таму я і мае аднадумцы галасавалі супраць », - цытаваў сайт нейкую паважаную дэлегатку зьезду.

Самому Анатолю Лябедзьку «Товарищ. online» прыпісаў такія словы: «У першую чаргу мы паглядзім відэазапіс з пакою падліку галасоў. Па-другое, высьветлім, б...ь, хто спрабуе дэстабілізаваць сытуацыю ў партыі. Па-трэцяе, гатовы падаць у адстаўку, калі гэтыя зьвесткі пацьвердзяцца».

Гэтая першакрасавіцкая нататка была на поўным сур’ёзе працытаваная ў эфіры выніковай праграмы «Контуры» на тэлеканале АНТ, прысьвечанай тэме эўрапейскіх санкцый і ўплыву апазыцыі на іх прыняцьце.

Тэлеканал Белсат 1 красавіка перадаў інфармацыю пра заклік палітычнага эмігранта зь Беларусі Зьмітра Піменава да НАТО з просьбай увесьці войскі ў Беларусь.

На мінулым тыдні гэты першакрасавіцкі жарт прыгадаў у сваёй заяве як сур’ёзную прапанову кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта РБ Уладзімер Макей: «Апазыцыя спрэс складаецца з такіх вось Піменавых», — рэзюмаваў ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG