Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі сьвяткуюць Вялікдзень


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Католікі і пратэстанты Беларусі сьвяткуюць Вялікдзень. Сьвяточныя набажэнствы праходзяць ва ўсіх каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах краіны, паведамляе БелаПАН.

У пастырскім пасланьні мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зьвяртае ўвагу на тое, што «сучасны сьвет супрацьстаіць прысутнасьці Бога на зямлі».

«Мы можам вызнаваць нашу веру ў Бога, аднак у той жа час жыць так, як быццам Езус не ўваскрос. Шукаем шчасьця ў нязгодных з воляй Божай сэксуальных задавальненьнях і сквапных накапленьнях матэрыяльных рэчаў. Забіваем ненароджанае жыцьцё. Выказваемся за разводы. Падтрымліваем штучнае апладненьне і сурагатнае мацярынства. Не захоўваем прынцыпаў хрысьціянскай этыкі. Зь лёгкасьцю можам прынізіць годнасьць чалавека. Практыкуем акультызм, магію, варажбу і г.д. Шукаем саміх сябе ў этнічнай ідэнтычнасьці, сацыяльным ці эканамічным статусе. Нярэдка хвалімся: «Я добра адукаваны, разумны, не такі, як іншыя; мой заробак большы, чым у іншых; я атрымаў вялікую спадчыну, і ўсё гэта падымае мой статус у грамадзтве», — адзначае мітрапаліт.

«Такім чынам, Бог вельмі часта трактуецца як нейкі талісман. Зьяўляецца дадаткам да таго цяпла, якое мы хочам стварыць вакол сябе. Гэта вядзе да зьмешваньня сэнсу з глупствам, праўды з хлусьнёй, жыцьця са сьмерцю», — гаворыцца ў пастырскім пасланьні.

«Гісторыя мукі і сьмерці Хрыста — гэта гісторыя трыюмфу фальшу над праўдай, несправядлівасьці над справядлівасьцю, злога духа над дабром, — падкрэсьлівае Тадэвуш Кандрусевіч. — Езус быў фальшыва абвінавачаны за злачынствы, якіх ня зьдзейсьніў, несправядліва асуджаны на сьмерць, якой не заслужыў… Гэта гісторыя здрады і хлусьні, несумленнасьці і ганебнасьці, нявернасьці і гвалту, накіраваная супраць нявіннай і бездапаможнай ахвяры. Усё гэта прыходзіць нам у галаву ў Вялікую пятніцу».

«Смерць — гэта не канец гэтай гісторыі. Ёсьць яшчэ адна частка. Найбольш важная, бо, як кажа прыказка, «сьмяецца той, хто сьмяецца апошнім». І ў гэтай частцы гісторыі мы бачым Езуса ўваскрослым у славе. І гэта тая Добрая Навіна, якую нам нясе сьвята Пасхі», — адзначае ў сваім пасланьні да паствы кіраўнік Рыма-каталіцкага касьцёлу Беларусі.

«Нам неабходна памятаць аб гэтым у наш час новых ганеньняў на хрысьціянства. Аб чым сьведчыць прыняцьце ў многіх краінах сьвету, якія нават ганарацца разьвітай дэмакратыяй, супярэчных Божаму і натуральнаму закону пастановаў, забарона хрысьціянскіх сымбаляў, імкненьне зрабіць веру прыватнай справай чалавека. Сёньня няўзброеным вокам бачна ўсё большае праяўленьне сэкулярных і лібэралістычных тэндэнцыяў і прапаганды матэрыяльнага атэізму. Сучасны чалавек усё часьцей і часьцей адракаецца ад Бога і жыве так, як быццам Яго зусім няма. Гэта шлях у нікуды», — упэўнены мітрапаліт Кандрусевіч.

У лютым 2009 году арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў абраны намесьнікам старшыні кансультацыйнай міжканфэсійнай рады пры ўпаўнаважаным у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, у склад якой уваходзяць кіраўнікі рэспубліканскіх рэлігійных аб`яднаньняў. Рада закліканая спрыяць далейшаму разьвіцьцю міжканфэсійнага дыялёгу ў краіне, актывізацыі ўзаемадзеяньня дзяржавы і рэлігійных арганізацыяў у рашэньні сацыяльна важных пытаньняў.

Паводле апошніх зьвестак, у Беларусі дзейнічае 619 рымска-каталіцкіх парафіяў, аб`яднаных у чатыры дыяцэзіі, 18 грэка-каталіцкіх парафіяў, больш за 1.000 пратэстанцкіх абшчын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG