Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ракіцкі: Сабалеўскі — найбуйнейшая асоба ў беларускім тэатразнаўстве


6 красавіка пасьля працяглай хваробы памёр выдатны беларускі тэатразнавец, прафэсар, доктар мастацтвазнаўства Анатоль Сабалеўскі. Ён крыху не дажыў да 80-годьдзя.

У 1974–1979 гадах Сабалеўскі быў рэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Анатоль Вікенцьевіч каля 50 гадоў выкладаў у Акадэміі, быў выдатным знаўцам гісторыі беларускага тэатра.

Тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі кажа, што прафэсар Сабалеўскі — гэта паўстагодзьдзя беларускага тэатру.

«Так, менавіта нашага тэатру ў цэлым. Таму што як тэатразнаўца Анатоль Вікеньцевіч занатаваў, апісаў, прааналізаваў, абагульніў усё самае каштоўнае, што было зроблена ў нацыянальнай драматургіі і нацыянальным тэатры ўвогуле за ўвесь час іх існаваньня. Таксама і таму, што практычна ўсім акторам і рэжысэрам, якія цягам апошніх пяцідзесяці гадоў працавалі і яшчэ працуюць у тэатрах Беларусі, ён выкладаў гісторыю беларускага тэатру. Ён жа падрыхтаваў некалькі дзясяткаў тэатразнаўцаў, шэраг якіх усьлед за ім і побач зь ім пісалі манаграфіі пра гісторыю нашага тэатру і крытычныя артыкулы пра стан сучаснага тэатральнага працэсу.

Як тэатразнаўца, крытык і пэдагог я працаваў побач з Анатолем Вікеньцевічам болей як 30 гадоў і сьцьвярджаю асабістае меркаваньне, што прафэсар Сабалеўскі быў найбуйнейшай асобай беларускага тэатразнаўства і крытыкі. І ня толькі паводле колькасьці зробленага і навукова здабытага. А яшчэ і таму, што ён у савецкія часы гэтак званых сацыялістычнага рэалізму і сацыялістычнага інтэрнацыяналізму асэнсавана і пасьлядоўна стаяў на нацыянальных беларускіх пазыцыях.

Вось два прыклады з нашага зь ім сумеснага досьведу. Калі ў 1982 годзе ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры дзяржаўная камісія не падпісвала прыём першай у наш час пастаноўкі «Тутэйшых» Янкі Купалы, мы з рэжысэрам-пастаноўшчыкам Валер’ем Масьлюком уначы ў поўным адчаі папрасілі прыехаць Сабалеўскага ў Магілёў, ён адгукнуўся. І на наступны дзень з дапамогай ягонага аўтарытэта мы супраціў камісіі зламалі. Усім тром нам, а Сабалеўскаму перадусім, гэтая праява «нацыяналізму» адгукнулася. Як і Купалавых «Тутэйшых», гэтаксама камуністычныя ідэолягі ад тэатру бэсьцілі імя найбуйнейшага драматурга 1920-х гадоў і першага гісторыка беларускага тэатру Францішка Аляхновіча. Ягонае імя было адбеленае ў кіраваным мной часопісе «Спадчына» таксама з дапамогай аўтарытэту Сабалеўскага, які да публікацыі фрагмэнтаў тэатразнаўчай працы Аляхновіча напісаў пераканальную і ўпершыню ў друку праўдзівую прадмову. І зноў гэта выклікала гістэрыю ў «загадчыкаў сацрэалізму».

Сабалеўскі быў навукоўцам і крытыкам свайго часу. Яму, як і бальшыні людзей камуністычнай эпохі, даводзілася балянсаваць паміж сваім сумленьнем і патрабаваньнямі дзяржаўнай ідэалёгіі. Ён адстойваў нацыянальнае ў тэатры і пісаў кнігі пра сцэнічную ленініяну. Ён ухваляў дысэртацыю Зянона Пазьняка зь гісторыі фармаваньня нацыянальнага тэатру і як рэдактар энцыкляпэдыі «Тэатральная Беларусь» на загад начальства ўжо ў эпоху Лукашэнкі пагадзіўся выкінуць зь яе імя апальнага тэатразнаўцы і палітыка, Так, Анатоль Вікенцевіч ніяк не перашкаджаў і нават дапамагаў мне вучыць як я хачу студэнтаў- драматургаў на ягонай катэдры ва Ўнівэрсытэце культуры. І ён жа пагадзіўся выкінуць з той жа энцыкляпэдыі і маё імя, кандыдата мастацтвазнаўства, аднаго з аўтараў акадэмічнага выданьня «Гісторыі беларускага тэатру». Натуральна, за супрацоўніцтва з Радыё Свабода.

І ўсё ж — шчырая сьветлая памяць чалавеку, з чыім імем моцна зьвязаная цэлая тэатральная эпоха».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG