Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны з жыцьця беларускіх палітвязьняў.

Чаму да Мікалая Статкевіча не даходзяць заказныя лісты? Жонка Алеся Бяляцкага пабачылася з мужам і перадала яму харчовую перадачу. За якое парушэньне адбыў месяц карцэру Зьміцер Дашкевіч? Павал Севярынец мяркуе, што пытаньне аб ягоным датэрміновым вызваленьні будзе зьвязана з парлямэнцкімі выбарамі. Эдуард Лобаў павіншаваў маці з днём народзінаў.

Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

Кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч даслаў ліст, у якім пра сябе паведаміў, што пачуваецца нармальна, рэгулярна выходзіць на прагулкі, шмат чытае. У вязьня Магілёўскай турмы Статкевіча новы сусед па камэры. З навінаў яшчэ тое, што карэспандэнцыя да Міколы Статкевіча стала прыходзіць вельмі дрэнна, а заказныя лісты ўвогуле не даходзяць да адрасата, паведаміла «Свабодзе» жонка палітыка Марына Адамовіч.

«Калі падлічыць, то недзе ўжо месяцы паўтары ў яго перапынілася ліставаньне з іншымі людзьмі, ён нічога не атрымоўвае. Яму пэрыядычна прыносяць пустыя капэрты, маўляў, цэнзура забрала лісты. І пры гэтым ён адзначыў, што гэта толькі капэрты ад заказных лістоў. Па сутнасьці за апошні час ён атрымаў толькі адну тэлеграму і адну паштоўку. Абсалютная інфармацыйная блякада».

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Пры канцы тыдня Натальля Пінчук, жонка праваабаронцы, вязьня Бабруйскай калёніі Алеся Бяляцкага мела зь ім спатканьне. Натальля распавяла для «Свабоды».

«З канца студзеня мы з Алесем ня бачыліся і зараз, калі ехала, не была да канца перакананая, ці адбудзецца гэта спатканьне. Бо ехала не адна, а з сястрой. Зразумела, рады былі яго бачыць, ён быў рады нас пабачыць. Наколькі маглі абмяркоўвалі нашы справы, згадвалі знаёмых. І вельмі важна, што адвезьлі і перадалі яму прадуктовую перадачу. Такім чынам за адзін раз шмат што ўдалося зрабіць».

Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч сустрэўся ў Глыбоцкай калёніі з адвакатам. На гэтым тыдні Дашкевіч выйшаў з карцэру, дзе адбыў цэлы месяц. Быў пакараны, паводле адміністрацыі, за невыкананьне патрабаваньняў супрацоўнікаў калёніі, а што пэўна парушыў актывіст, не кажуць. Намесьнік старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка распавяла, што Зьмітра Дашкевіч, паводле адваката, падтрымлівае шмат людзей.

«Людзі выказваюць салідарнасьць, падтрымку Дзіме, ён за гэты месяц атрымаў каля 300 лістоў ад розных людзей і зараз будзе на іх адказваць. Выглядае ён нармальна, ні добра, ні кепска. Безумоўна карцэры гэтак проста не праходзяць, але пры гэтым ён сам ні на што не скардзіцца і трымаецца добра».

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Новых лістоў ад Андрэя Саньнікава з калёніі «Віцьба-3» не было, кажа жонка палітыка Ірына Халіп. У той жа калёніі, ў псыхіятрычным шпіталі працягваюць трымаць вязьня Сяргея Каваленку. Яго прымусова выводзяць з галадоўкі, кормячы праз зонд. Жонка вязьня Алена са спасылкай на лекара кажа, што гэтае кармленьне будзе павялічанае. Сяргею з 7 красавіка будуць менш ставіць кропельніцы, а больш даваць пюрэ і сумесяў. Пакуль стан вязьня лекар вызначае як цяжкі.

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка

Да Зьмітра Бандарэнкі не пусьцілі адваката. Бандарэнку дагэтуль трымаюць у мэдычнай частцы Магілёўскай калёніі. Адвакат прыяжджаў, каб высьветліць, ці згодны Зьміцер падаваць у суд скаргу на тое, што яму не далі інваліднасьці. Але не ўдалося. Жонка палітвязьня Вольга кажа, што вырашыла падаваць у суд ад ягонага імя.

Эдуард Лобаў

Эдуард Лобаў

Марына Лобава, маці вязьня Івацэвіцкай калёніі Эдуарда Лобава атрымала ад яго віншавальную паштоўку з днём народзінаў. Пра сябе Эдуард напісаў, што жывы, здаровы, трымацца.

А як «хімік» Павал Севярынец ацэньвае шанцы палітвязьняў на хуткае вызваленьне?

Павал Севярынец

Павал Севярынец

«З абодвух бакоў ідзе млявы гандаль. Млявы, хаця жахлівая сытуацыя з Каваленкам, хаця людзі сядзяць па турмах, па ізалятарах. Але ідзе такі млявы гандаль і радаснага тут мала, канешне. Што да мяне, мяркую, гэта будзе зьвязана з гэтак званымі выбарамі, яны пачакаюць, калі ўжо будзе цяжка разгортваць кампанію байкоту і тых, хто за байкот, вызваляць у апошнюю чаргу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG