Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды Беларусь і Эўразьвяз гатовыя да замірэньня?


«Экспэртыза Свабоды»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:10 0:00
Наўпроставы лінк

«Экспэртыза Свабоды»

Выступ Аляксандра Лукашэнкі на паседжаньні па пытаньнях замежнай палітыкі 5 красавіка быў параўнальна міралюбны. Які мэсыдж даслаў кіраўнік Беларусі Эўразьвязу? Чаму афіцыйны Менск адмовіўся ад эскаляцыі дыпляматычнай вайны? На якой аснове можа быць дасягнуты кампраміс?

Удзельнікі: дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман і дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Які мэсыдж даслаў кіраўнік Беларусі Эўразьвязу?


Валер Карбалевіч: «Публічная частка выступу Лукашэнкі была даволі супярэчлівая. Там былі і жорсткія ацэнкі пазыцыі ЭЗ, і міралюбныя жэсты, як, напрыклад, прапанова эўрапейскім амбасадарам вярнуцца, і намёк на вызваленьне некаторых палітвязьняў. Калі рэзюмаваць ягоныя заявы, то якую выснову можна зрабіць? Якое пасланьне Эўропе робіць Лукашэнка?»

Яўген Прэйгерман: «Сапраўды, выступ быў супярэчлівы. Гэта звычайны стыль Лукашэнкі. Тым больш падчас канфлікту. З аднаго боку, ён імкнецца паказаць сваю моц. А зь іншага боку, дае пэўныя сыгналы да міру.

У дачыненьнях Лукашэнкі з ЭЗ існуюць два фундамэнты. Па-першае, адносіны з ЭЗ важныя для Менску ў той геапалітычнай канструкцыі балянсаваньня паміж Усходам і Захадам, якую ён выбудаваў. Таму нельга заходзіць за нейкую мяжу ў канфлікце з Эўропай. Востры і працяглы канфлікт з ЗША магчымы, а з Эўразьвязам — не. Па-другое, Лукашэнку трэба ўвесь час дэманстраваць сваю моц сабе, эліце, тэлегледачам. Але, здаецца, у яго ёсьць жаданьне выйсьці з сытуацыі эскаляцыі канфлікту».

Андрэй Ягораў: «Як заўсёды, у выступе Лукашэнкі шмат ірацыянальнага. Бывае цяжка зразумець, што азначаюць ягоныя словы. Але аб’ектыўна сытуацыя, якая склалася ў адносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ, абсурдная. Таму крокі на замірэньне неабходныя з абодвух бакоў».

Афіцыйны Менск адмовіўся ад эскаляцыі канфлікту?


Карбалевіч: «Міралюбны тон Лукашэнкі выглядае трохі нечаканым. Нагадаю, што пасьля візавых санкцыяў Эўразьвязу 27 лютага Менск запатрабаваў, каб амбасадары Польшчы і ЭЗ пакінулі Беларусь. 23 сакавіка Брусэль пайшоў на ўвядзеньне кропкавых эканамічных санкцыяў. Здавалася б, ужо цяпер адказ Менску будзе яшчэ больш жорсткім. Аднак выйшла наадварот.

Прычым інфармацыя з Брусэлю пра вяртаньне эўрапейскіх амбасадараў у Беларусь была неафіцыйная. Менск мог бы таксама адказаць неафіцыйна, праз закрытыя каналы. Аднак станоўчы адказ даў сам кіраўнік дзяржавы, публічна. Чаму?»

Прэйгерман: «Паводзіны абодвух бакоў у апошнія тыдні дыктаваліся лёгікай канфлікту. Думаю, пачынаючы дыпляматычную вайну, беларускае кіраўніцтва кіравалася тэорыяй адсутнасьці ў эўрапейскіх палітыкаў „яец“. Але зваротны ўдар ЭЗ быў моцным.

Таму трэба было шукаць падставу, каб спыніцца. Тым больш што ёсьць інсайдэрская інфармацыя, што ў хуткім часе будуць сур’ёзныя праблемы ў адносінах з Расеяй».

Ягораў: «Гэта звычайная сытуацыя ў адносінах Беларусі з Эўразьвязам. Спачатку Менск робіць нейкія захады да пагаршэньня сытуацыі, ладзіць рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў і інш. А потым робіць дробныя крокі насустрач. Бо новых крокаў супраць ЭЗ у Менску цяпер проста няма. Што ён яшчэ можа зрабіць?»
Новых крокаў супраць ЭЗ у Менску цяпер проста няма. Што ён яшчэ можа зрабіць.

Карбалевіч: «Напрыклад, „амэрыканскі сцэнар“. То бок запатрабаваць скараціць колькасьць дыпляматычных прадстаўнікоў эўрапейскіх краін у Беларусі».

Ягораў: «Каму ад гэтага будзе горш? Гэта з улікам той колькасьці беларускага экспарту, які ідзе ў ЭЗ. Гэта дрэнна адбіваецца на міжнародных эканамічных, фінансавых рэйтынгах Беларусі. Таму нічога не застаецца, як рабіць крокі насустрач. Ядро канфлікту — гэта наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў. І пакуль яны сядзяць, нельга разьлічваць на паляпшэньне адносін».

На якой аснове можа быць дасягнуты кампраміс?


Карбалевіч: «У чым можа палягаць кампраміс? Якая можа быць схема дыпляматычнага разьмену, абмену саступкамі?»

Прэйгерман: «Цяжка адразу вярнуцца ў адносінах на дату 19 сьнежня 2010 году. Адкручваньне сытуацыі назад будзе ісьці паступова. Спачатку вызваляць толькі частку палітзьняволеных. А ўжо астатніх можа вызваляць пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў».

Ягораў: «Працэс размарожваньня канфлікту можа быць толькі двухбаковы. Абодва бакі павінны мець нейкія гарантыі, што калі яны робяць пэўныя крокі насустрач, то іншы бок будзе рабіць тое ж самае. Вось цяпер Лукашэнка абяцае вызваліць некаторых палітвязьняў, што важна для Эўропы».

Прэйгерман: «Цьвёрдае патрабаваньне ЭЗ — вызваленьне палітвязьняў. Час ад часу кажуць яшчэ пра іх рэабілітацыю. Менску патрэбны нармальны канал камунікацыяў з ЭЗ, які можа зьявіцца толькі пасьля вяртаньня амбасадараў. А ўжо пасьля можна рухацца далей, размаўляць, напрыклад, пра крэдыт МВФ. Вяртаньне амбасадараў патрэбнае проста таму, што безь іх амбасадам цяжка працаваць».
У сытуацыі вяртаньня паслоў і адначасовага вызваленьня некаторых палітвязьняў ня будзе тых, хто прайграе.

Ягораў: «У сытуацыі вяртаньня паслоў і адначасовага вызваленьня некаторых палітвязьняў ня будзе тых, хто прайграе. Бо гэта стане пачаткам пакрокавага збліжэньня. Вызваленьне палітвязьняў будзе азначаць ліквідацыю ядра канфлікту. ЭЗ намякае, што чакае іншых крокаў па лібэралізацыі палітычнай сытуацыі ў Беларусі, напрыклад, дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй, грамадзянскай супольнасьцю. У гэтым выпадку можна будзе разьлічваць на большы ўнёсак ЭЗ у разьвіцьцё Беларусі».

Карбалевіч: «Як вы пракамэнтуеце заяву Лукашэнкі пра жаданьне дзяліць амбасадараў краін ЭЗ на добрых і дрэнных?»

Прэйгерман: «Вядома, што розныя краіны ЭЗ займаюць розную пазыцыю адносна дачыненьняў зь Беларусьсю. Жаданьне Менску раскалоць саюзьнікаў — зразумелае. У практычным сэнсе гэта нічога не азначае».

Ягораў: «З гэтага можна пасьмяяцца. Бо ЭЗ прадэманстраваў салідарнасьць і адзінства, калі ў адказ на высылку дыпляматаў Польшчы і Эўразьвязу зьехалі ўсе эўрапейскія амбасадары».

Карбалевіч: «Дарэчы, прадстаўнік МЗС Беларусі сказаў, што і амбасадар Польшчы можа вяртацца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG