Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіця басьнійскай вайны пасталела


Скэндэр Башыч

Скэндэр Башыч

Сараева адзначае дваццацігодзьдзе крывавай вайны, падчас якой гэты басьнійскі горад 1425 дзён знаходзіўся ў сэрбскай аблозе.

Ад бомбаў, артылерыйскіх снарадаў і снайпэрскіх куляў у абложаным чатыры гады Сараеве загінулі больш за 10 тысяч чалавек, у тым ліку 600 дзяцей.

Тое, што адбывалася ў Сараеве падчас гэтай вайны, сьвет мог паглядзець, між іншым, на здымках Рыкарда Лармы, выдатнага басьнійскага фатографа. Адным з самых сымбалічных і запамінальных здымкаў Лармы з аблогі Сараева стаў вобраз двухгадовага голага хлопчыка з залатымі кудзерамі, які выстаўляе сваё цела пад сонечныя промні на бальконе адной з сараеўскіх камяніцаў.

Карэспандэнт нашага радыё, Дэйзі Сіндэлер, адшукала 22-гадовага Скэндэра Башыча, якога 20 гадоў таму на сваёй фатаграфіі ўвекавечыў Рыкард Ларма.

Скэндэр Башыч сказаў нашаму радыё, што ідэя гэтага здымка, які потым абляцеў увесь сьвет, належыць ягонаму бацьку, вядомаму басьнійскаму актору Сэнаду Башычу.

«Праўда пра гэты здымак такая — гэта быў мой бацька, які сказаў Рыкарду: Гэй, зрабі гэты здымак! Сам Ларма нават ня бачыў, што ў гэтым мог быць матэрыял на здымак» — сказаў Скэндэр Башыч.

Скэндэр Башыч сёньня зьяўляецца студэнтам першага курсу юрыдычнага факультэту. Пасьля вучобы ён мяркуе застацца ў Сараеве і рабіць кар’еру юрыста. Але ён ня мае ілюзій, што да сваіх землякоў:

«Я пляную застацца тут. Калі вам удаецца здабыць посьпех у Сараеве, гэта няблага. А што да вайны, дык яна яшчэ будзе, хоць я думаю, што ня хутка. Гэта маё меркаваньне, сьмешнае меркаваньне. Калі мы зьбіраемся ў нашага дзеда, калі наша сям’я летам зьбіраецца разам і мы пачынаем гаварыць пра вайну, наогул можна пачуць нешта накшталт: Вайна на Балканах будзе заўсёды. Мы заўсёды будзем мець вайну. Гэта ў нашых генах. Калі пачнецца Трэцяя сусьветная вайна, яна пачнецца тут».
XS
SM
MD
LG