Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хто вінаваты? Вядома, апазыцыя!…»


Пасьля таго, як краіны Эўразьвязу ў адказ на палітычныя рэпрэсіі ўвялі новыя санкцыі супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, у дзяржаўных мэдыях разгарнулася прапагандысцкая кампанія супраць апазыцыі. У прыватнасьці, у першыя дні красавіка Беларускае тэлебачаньне пачало трансьляваць выступы чальцоў рэгіянальных структур рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» з заклікам прыпыніць дзейнасьць дэмакратычных партыяў, лідэры якіх падтрымліваюць эканамічныя санкцыі. Да кампаніі далучыліся таксама афіцыйныя прафсаюзы.

У чым вінавацяць апазыцыю праўладныя прапагандысты? Вось што казаў у сваім выступе на гэтым тыдні на БТ-1 функцыянэр Пінскай гарадзкой арганізацыі «Белая Русь» Віталь Гетман:

«Купка мясцовых людзей з розных палітычных фармаваньняў даводзяць такую гадасьць беларускаму народу — а менавіта пра эканамічныя санкцыі, каб мы адчувалі пэўную залежнасьць ад людзей з-за бугра, як кажуць».

Гэта цытата ад 5 красавіка. А напярэдадні той жа канал «Беларусь-1» паведаміў, што працаўніца Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Марына Цыбліенка падала ў суд пазоў на палітыка Віктара Івашкевіча. за заклікі да Эўразьвязу ўвесьці санкцыі на продаж і транспартаваньне беларускіх нафтапрадуктаў. Цыбліенка патрабуе ад Івашкевіча 500 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды, якую нібыта нанесьлі ёй асабіста выказваньні апазыцыянэра.

5 красавіка 32 чальцы прафкаму Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу падтрымалі Цыбліенку ў яе пазове да Івашкевіча.

Старшыня прафкаму НПЗ Вольга Кулыба: «Проста мы прафкамам выказалі ёй падтрымку. Ну, а ў прынцыпе й іншыя таксама гатовыя былі падаваць. Але паколькі мы жывем у Мазыры, то гэта ня так проста — туды паехаць і напісаць заяву. Яна ж езьдзіла ў Менск».

Прафсаюзная кіраўніца кажа, што пазовы ў суды на выказваньні й заклікі палітыкаў ня ёсьць уцягваньнем рабочых заводу ў саму палітыку:
Я лічу, што гэта не палітыка, бо яна (Цыбліенка) абараняе свае эканамічныя інтарэсы, свае асабістыя.

«Я лічу, што гэта не палітыка, бо яна (Цыбліенка) абараняе свае эканамічныя інтарэсы, свае асабістыя».

Марына Цыбліенка таксама нібыта супраць уцягваньня простых людзей у палітыку: «Ня трэба ўцягваць у палітычную барацьбу простых людзей».

Аднак на пытаньне, ці паедзе яна падтрымліваць свой пазоў у Менск, адказвае: «Калі трэба будзе, то паеду».

Тым часам мясцовыя жыхары, так ці іначай зьвязаныя з нафтаперапрацоўчым заводам, заўважаюць, што на фоне эканамічных праблемаў разгортваецца кампанія шальмаваньня апазыцыі — з дапамогай асобных рабочых, афіцыйных прафсаюзаў, праўладных грамадзкіх структураў. Аднак пераводзіць стрэлкі, як лічыць нафтаперапрацоўшчык Уладзімер, на Івашкевіча ці іншых апазыцыянэраў ня варта:

«Ну што вы на Івашкевіча пішаце? Гэтак і на мяне можна напісаць. Можна на Саньнікава напісаць, каб плаціў з турмы. Звароты трэба адрасаваць прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь — усё сыходзіцца ў яго. А без заходняга рынку заводу труба, і ня толькі заводу».

Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч: «Гэта ўзор працы камуністычнага дыктатарскага рэжыму. Маўляў, мы ня самі чынім перасьлед апазыцыі, а нібыта па просьбе простага народу. Так адбывалася яшчэ на пачатку ўтварэньня Беларускага Народнага Фронту (БНФ). Але я перакананы, што ня трэба надаваць гэтаму вялікую ўвагу, тыпу „Ай-яй-ай! Пачалося шальмаваньне! Што ж будзе!“

Нічога ня будзе! Рэальна разьвіцьця нейкіх падзеяў ня будзе. Гэта проста прапагандысцкая шуміха для адцягваньня ўвагі грамадзкасьці.

Не пра гэта трэба нам сёньня размаўляць, а задумацца над пытаньнем, што нам трэба рабіць у эканоміцы, як наладжваць з краінамі Эўразьвязу добрыя адносіны і ня ўвязвацца ў лямант зь невядомай нікому цёткай з мазырскага заводу…» — заявіў апазыцыйны палітык Віктар Івашкевіч.


Шальмаваньне апазыцыі і асобных яе сябраў на Гарадзеншчыне часьцей за ўсё прывязана да тых ці іншых канкрэтных падзей, асабліва палітычных кампаніяў. Зараз актывісты ў рэгіёне адчуваюць, што з сталіцы хваля цкаваньня перакідаецца ў рэгіёны.

Актывіст з Мастоў Зьміцер Кухлей распавядае, што ўжо з пачатку году ў тутэйшай раённай газэце зьявіліся два антыпольскія артыкулы — пасьля таго як пачаўся канфлікт з польскай амбасадай. Прычым у гэтых артыкулах сшальмавалі і беларускую апазыцыю:

«Там нават аўтарства не было пазначана. У артыкуле распавядалася, што беларуская апазыцыя ўжо нібыта і на Захад ня мае ніякага ўплыву. Але найбольш, канечне, абліваліся брудам канкрэтныя людзі, прычым адзін зь іх быў з Мастоў».
Гэтыя ідэолягі ўвесь час распаўсюджваюць чуткі, маўляў, яны жывуць на эўрапейскія грошы.

У мястэчку Бярозаўка Лідзкага раёну, дзе людзі практычна адзін аднаго добра ведаюць, апазыцыйных актывістаў мясцовыя ідэолягі імкнуцца прыніжаць і распускаць пра іх плёткі пастаянна. Сяргей Трафімчык кажа, што спробы настроіць людзей супраць яго нічым не сканчаюцца, бо людзі самі яму распавядаюць пра мэтады мясцовых ідэолягаў:

«Зь мяне людзі часам жартуюць, маўляў, за колькі ты там прадаесься Захаду? Бо гэтыя ідэолягі ўвесь час распаўсюджваюць чуткі, маўляў, яны жывуць на эўрапейскія грошы. А мне людзі гэта гавораць, але ніхто гэтым ідэолягам ня верыць, бо ўсе бачаць, як я жыву насамрэч».

Мікола Ўласевіч зь вёскі Варняны Астравецкага раёну актыўна выступіў супраць будаўніцтва АЭС і з гэтае пары, як ён кажа, улады ўвесь час яго перасьледуюць. Уласевіч распавядае, што зь верасьня мінулага году не выносіцца рашэньне суду, паводле якога супраць яго сфабрыкавалі справу і ў любы момант могуць аштрафаваць на 30 мільёнаў рублёў:

«Сам факт, як кажуць, гэтага „падвеса“ на мяне дзейнічае ня самым лепшым чынам, бо сытуацыя да канца не завершаная. Думаю, што іншых наездаў на мяне цяпер таму і ня робяць. Але скончыцца гэта, перакананы — пачнецца нешта новае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG