Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дваццаць гадоў таму, калі пачалася вайна ў Босьніі, Нэнад Пэіч быў праграмным дырэктарам тэлебачаньня Сараева. Вайна была ва ўсіх на вуснах і выглядала непазьбежнай. Але Пэіч зрабіў апошнюю спробу яе прадухіліць. Прапануем нататкі аднаго з кіраўнікоў радыё Свабодная Эўропа Нэнада Пэіча.

Я ўзяў тэлефонную трубку, і гэта быў Радаван Караджыч.

«Вы, спадар Пэіч, рыхтуеце дзяржаўны пераварот! — крычаў ён у трубку. — Вы хочаце, каб Босьнія аддзялілася ад Югаславіі! Сэрбы ніколі не дазволіць гэтага. Вы падбухторваеце людзей супраць Югаславіі, і вы павінны спыніць трансьляцыю! »

Гэта было ў красавіку 1992 году, за некалькі дзён да афіцыйнага пачатку канфлікту. Але вайна ўжо грукала ў дзьверы, без папярэдняга паведамленьня, неабвешчаная, і — без запрашэньня. У Сараеве вайна была ва ўсіх на вуснах, але і ў навакольлі яе пах ужо адчуваўся. Паведамленьні пра этнічна матываваныя забойствы, выгнаньні і рабаваньні гучалі па Радыё ТБ Сараева (RTVSA). Горад быў нібыта на на вастрыні нажа: страляніна ўначы, паведамленьні пра снайпэраў, некалькі блёкпастоў, і ваенізаваныя кантрольна-прапускныя пункты.

Нашы журналісты былі ў бязвыхадным становішчы. Югаслаўская народная армія (ЮНА) ня проста адмаўляла гэтыя паведамленьні ці камэнтавала іх як асобныя выпадкі, але і фізычна перашкаджала якім заўгодна спробам нашых журналістаў правяраць іх. Краіна была паралізаваная спрэчкамі паміж трыма этнічнымі партыямі, чыё адзінае падабенства было — у жаданьні падштурхнуць краіну на мяжу вайны.

4 красавіка 1992 г., за дзень да тэлефоннай размовы з Караджычам, мы прынялі рашэньне правесьці марш міру. Невялікая група з 40 студэнтаў спантанна вырашылі ісьці да будынку парлямэнту з патрабаваньнем міру і адстаўкі ўсіх палітычных партый. Мы ў RTVSA адчувалі, што гэта можа быць апошні шанец, каб захаваць мір. Пры нармальных абставінах гэтая падзея наўрад ці заслугоўвала б асьвятленьня ў прэсе, але гэта былі незвычайныя часы. Наш жывы, бесперапынны марш працягваўся цэлых два дні. Падзеі, якія адбыліся на працягу бліжэйшых некалькіх дзён, зрабіліся ня толькі ключавымі для Босьніі, але выявілі самыя складаныя, інтэнсіўныя прафэсійныя і асабістыя праблемы, зь якімі я калі-небудзь сутыкаўся.

Мы паслалі некалькі рэпарцёрскіх групаў асьвятляць падзеі з розных месцаў. Існавала рызыка, што мы будзем адрэзаныя ад нашых камандаў, таму мы стварылі «запасны» тэлеканал шляхам разьмяшчэньня камэр і рэпарцёраў ў тых месцах, якія наўрад ці маглі быць выяўленыя. Са свайго кабінэту на некалькіх экранах я мог назіраць, як вырашаецца лёс краіны ў розных месцах. Пераключаючы ўвагу паміж экранамі і рэпарцёрскімі камандамі, я правёў усю ноч у сваім кабінэце. Уначы дзясяткі тысяч людзей былі на вуліцах.

Хваляваньні павялічваліся, ува мне перамешваліся страх і надзеі. Да поўначы я зразумеў, што я нічога ня еў, ужываў толькі каву, піва і цыгарэты. На шмат якіх экранах не было гуку, і таму я ўключыў «Сараева, маё каханьне» — песьню мясцовага музыканта Кемаля Mантэна. Я ніколі не перажываў такіх эмоцый перад экранамі за ўсю сваю папярэднюю кар’еру.

Раніцай 5 красавіка каля 100 000 чалавек выйшлі на вуліцы Сараева, а мая попельніца была перапоўненая акуркамі (насельніцтва Сараева тады было каля 500.000). Настрой дэманстрантаў быў рашучы. Людзі скандавалі лёзунгі пра мір і патрабавалі адстаўкі ўраду. Я атрымаў непацьверджаныя паведамленьні пра тое, што палітычныя партыі (ўсе) не дазволілі праехаць некалькім аўтобусам, што везьлі людзей, якія жадалі далучыцца да акцыі пратэсту.

Але да пэўнага часу амаль немагчыма было праверыць інфармацыю. Тэлевізія Сараева атрымлівала мноства тэлефонных званкоў ад гледачоў, якія патрабавалі міру. Колькасьць дэманстрантаў дасягнула крытычнай масы, самі дэманстранты былі цьвёрдыя ў сваіх перакананьнях. Яны асьвіствалі кожнага прамоўцу, які мог прадстаўляць існуючыя палітычныя партыі. (Празь дзень яны дазволілі выступіць Аліі Ізэтбэгавічу, кіраўніку прэзыдыюму Босьніі і Герцагавіны, але ягоныя словы не сустрэлі аплядысмэнтаў). Яны жадалі адстаўкі палітыкаў і яны хацелі міру. Гэтая маса народу не была прыведзеная на вуліцы арганізавана і нікім не каардынавалася, але яны скандавалі адны і тыя ж лёзунгі. 100 тысяч чалавек казалі ў адзін голас.

Для палітычных партый Босьніі гэта была самая вялікая пагроза, якая калі-небудзь узьнікала. Людзі патрабавалі іх адстаўкі — прычым усіх, оптам. Менавіта ў гэтым кантэксьце трэба было ўспрымаць тэлефонны званок ад Караджыча, які быў тады кіраўніком Сэрбскай дэмакратычнай партыі (СДП).

Радаван Караджыч (у цэнтры), Алія Ізэтбэгавіч (справа), Сараева, 1992.

Радаван Караджыч (у цэнтры), Алія Ізэтбэгавіч (справа), Сараева, 1992.

Партыя Караджыча выступіла з афіцыйнай заявай, што сябры Партыі дэмакратычнага дзеяньня (ПДР) праніклі ў шэрагі дэманстрантаў з мэтай ліквідаваць СДП. Таксама было заяўлена, што RTVSA ўдзельнічае у вайне чутак. Падчас гэтай заявы на экране ішлі цітры вялікімі літарамі: «Грамадзяне Босьніі і Герцагавіны, аб’яднайцеся супраць вайны».

Але, нягледзячы на пагрозы Караджыча, я адмовіўся спыніць вяшчаньне.

Потым я атрымаў званок ад Ізэтбэгавіча. «Спадар Пэіч, таго, што спрабуе зрабіць ваша тэлебачаньне, ня будзе. Вы хочаце захаваць Босьнію і Герцагавіну ў Югаславіі. Вы падбухторваеце людзей выйсьці на вуліцы. Вы спрабуеце скінуць законна абраны ўрад! »

Я яшчэ раз адмовіўся спыніць вяшчаньне.

Гэта было неверагодна, але і не зьдзіўляла, што абодва лідэра абралі аднолькавую танальнасьць размовы, рыторыку і патрабаваньні. Да гэтага моманту ў нас не было сумневаў, што мы робім правільныя рэчы, і я адмовіўся спыніць трансьляцыю пратэстаў.

Пазьней у той жа дзень удзельнікі масавай акцыі запатрабавалі, каб я ці Горан Міліч, кіраўнік агульнанацыянальнай сеткі Yutel, выйшлі да іх. Яны давяралі нам, але я ня быў гатовы да гэтага. Размаўляць зь імі ў якім заўгодна афіцыйным варыянце азначала перайсьці мяжу паміж журналістыкай і палітыкай. Акрамя таго, хто я такі, каб гаварыць зь імі? Я займаўся журналістыкай і выпускам навінаў і ня меў вопыту выступу перад 100-тысячнай аўдыторыяй.

Але адначасна я адчуваў, што трэба неяк прымусіць палітычных лідэраў сесьці за стол перамоваў і пачаць дыялёг, які паклаў бы канец канец гэтаму вар’яцтву.

Але як я магу прымусіць іх нешта рабіць, калі іх адносіны былі сапсаваныя такім сур’ёзным недаверам? Запрасіць палітыкаў у студыю? Калі так, дык ад каго імя? Ад імя Босьніі і Герцагавіны? Сьвету? Выбаршчыкаў? Мы афіцыйна не рэпрэзэнтавалі нікога зь іх. Адзінае, што я ведаў, дык гэта тое, што нічога не рабіць у такой сытуацыі было непрымальна. Будучы журналістам, я быў адказным толькі перад RTVSA — але гэта падказала мне ідэю...'



Фотагалярэя: Сараева тады і цяпер

Я вырашыў запрасіць палітыкаў Босьніі для дэбатаў ад імя гледачоў RTVSA, са спадзяваньнем, што яны могуць прыйсьці да нейкага агульнага пагадненьня і не прывядуць Босьнію на шлях вайны. Мы падалі тэкст запрашэньня на экран, на фоне музычнага суправаджэньня і фотаздымкаў з акцыі пратэсту. У 5 гадзін вечара 5 красавіка, у адпаведнасьці з прапановай, прыйшлі лідэры трох асноўных партый, а затым і назіральнікі ад Эўрапейскага Зьвязу. Гэта падалося самай доўгай гадзінай у маім жыцьці. Радаван Караджыч з СДП, Алія Ізэтбэгавіч з ПДР, Міленка Бркіч з Харвацкага дэмакратычнага зьвязу (ХДЗ), генэрал Мілуцін Куканяц з югаслаўскай арміі і прадстаўнік з боку ЭЗ, селі ў студыі, дзе патэнцыйна маглі вырашыць лёс мільёнаў людзей.

Усе, акрамя Бркіч і Сантаса, прыйшлі кожны з трыма целаахоўнікамі, якія былі ўзброеныя да зубоў. Іх прысутнасьць пахла вайной. Я не лічу сябе адважным і вельмі ўжо сьмелым, але тут выявіў нейкую невытлумачальную рашучасьць і нават гранічную грубасьць, не прапусьціўшы дзевяць узброеных людзей у студыю. У выніку мы пагадзіліся, што яны будуць дапушчаныя ў студыю, але толькі са схаванымі ў кабуры пісталетамі. «Калашнікавы» давялося пакінуць на вуліцы.

Перамовы маглі пачацца, але не раней, чым я павінен быў прыняць яшчэ адно цяжкае рашэньне. Ці будзем мы весьці прамую трансьляцыю? Альбо — падаваць дыскусію са спазьненьнем? Ці, магчыма, запішам, і толькі потым перадамо ў эфір? Пры нармальных абставінах рашэньне было б простым. Але мы разам з дырэктарам станцыі Бэсімам Цэрычам апынуліся перад цяжкім выбарам, бо разумелі верагодныя наступствы гэтага выбару. Адзін зь лідэраў можа аддаць загад сваім ваенізаваным фармаваньням (загад адкрыты альбо зашыфраваны). І тады было б вельмі лёгка сказаць, што RTVSA пачало вайну. Мы вырашылі даць інфармацыю пра пачатак перамоваў, а ў канцы — пра іх вынікі. Мы нават не ўключылі запіс.

Ніколі ў жыцьці я ня быў сьведкам перамоў, якія былі б такімі важнымі і пры гэтым праводзіліся асобамі нагэтулькі безадказнымі. Іх фанатызм, узаемныя абвінавачваньні, пагрозы і недагаворваньне былі жахлівымі. Яны адразу ж кінуліся абвінавачваць і атакаваць адзін аднаго, у той час як сотні тысяч грамадзянаў на вуліцах Сараева патрабавалі міру.

Суд у Гаазе, Радаван Караджыч, 2012

Суд у Гаазе, Радаван Караджыч, 2012

У нейкі момант Караджыч вырашыў пакінуць студыю. Верыце ці не, але я ўтрымаў яго за пінжак, калі ён узьняўся з крэсла. Неўзабаве пасьля гэтага, Ізэтбегавіч пажадаў таксама сысьці, так што я схапіў яго таксама. Іх целаахоўнікі былі ў поўнай баявой гатоўнасьці і, як верныя сабакі, былі гатовыя абараняць сваіх гаспадароў. Але Караджыч і Ізэтбэгавіч селі ў крэслы, і мае потныя далоні выпусьцілі іх касьцюмы, пакінуўшы трохі замяцінаў на абодвух.

У мяне няма стэнаграмы перамоваў, але ў нейкі момант Куканяц сказаў: «Дык што, спадар Ізэтбегавіч, вы пагодзіцеся, што войскі павінны быць разьмешчаныя вакол Сараева, каб абараніць мір і прадухіліць эскаляцыю канфлікту зь іншымі часткамі краіны?» Словы былі па-за межамі рэальнасьці, паколькі вайна ўжо вялася па-за межамі сталіцы, але Ізэтбегавіч адказаў: «Вы заўсёды робіце тое, што вы хочаце зрабіць,» — ва ўсялякім разе, сэнс быў такі. Па-сутнасьці, абодва шукалі спосабаў узаконіць аблогу Сараева. «Я прыму гэта як знак вашай згоды», — сказаў ён. І сапраўды, горад быў абаронены ад атрыманьня гуманітарнай дапамогі, прадуктаў харчаваньня і мэдыкамэнтаў на працягу наступных чатырох гадоў.

Калі Караджыч адзначыў, што, як прадстаўнік арміі, ён павінен выкласьці ўмовы спыненьня агню, Куканяц сказаў: «Я думаю, што гэта тое, пра што вы павінны дамовіцца самі. Гэта ня справа войска. Палітычныя партыі пачалі гэты беспарадак. Войска ня будзе займацца палітыкай. Вы згаджаецеся на нешта, і мы будзем гэта рэалізоўваць». Міленка Бркіч быў падобны на чалавека, які менш за ўсё жадаў апынуцца ў такой кампаніі.

Часам мне шкада, што перамовы не былі запісаныя, каб паказаць народу Босьніі людзей, за якіх яны прагаласавалі. Прадстаўнік Эўразьвязу быў відавочна узрушаны, убачыўшы такія небясьпечныя, па-сутнасьці, тэатральныя паводзіны. Калі пагадненьне аб спыненьні агню было нарэшце дасягнутае, Бркіч сказаў мне: «Я мяркую, спадар Пэйдж, што мы ня будзем удзельнічаць у далейшых абмеркаваньнях пагадненьня. Я думаю, што будзе лепей, калі вы прачытаеце пра пунктах, пра што мы дамовіліся, і мы можам толькі кіўнуць галавой, пацьвярджаючы нашую згоду ў гэтых пытаньнях.» У мяне былі тыя пункты, запісаныя ад рукі на звычайным аркушы паперы. Усе ў студыі пагадзіліся, ківаючы галавой у павольным тэмпе, амаль неахвотна. Пункт за пунктам, чацьвёра кіраўнікоў у студыі павольна кіўнулі галовамі, і перамовы скончыліся. Палітыкі пакінулі студыю ў атачэньні целаахоўнікаў.

«Вы зрабілі вялікую справу для сваёй краіны, сэр», — сказаў мне потым прадстаўнік ЭЗ. На жаль, я не падзяляў яго ілюзіі. «Як толькі яны пакінуць будынак, яны загубяць ўсё,» — сказаў я. Мы выпусьцілі апошняе паведамленьне на тэлеэкран: «Пагадненьне аб спыненьні агню было дасягнута. Больш ня будуць страляць у Босьніі і Герцагавіне». Выпускі навінаў да канца дня былі напоўненыя надзеяй. Я абняў некалькі маіх калегаў, а затым пайшоў дадому, спадзеючыся, што гэта ўсё гэта не было дарма.

Тэлефонны званок разбудзіў мяне наступнай раніцай — у ноч на 6 красавіка 1992 г. вайна ў Босьніі і аблога Сараева пачалася.

Праз дваццаць гадоў я павінен прызнаць, што Караджыч і Ізэтбэгавіч мелі рацыю, калі казалі пра «падбухторваньне», а менавіта імкненьне далучыць людзей да акцыі пратэсту. Нашыя рашэньні на знак пратэсту, які пачаўся толькі з 40 студэнтаў, мелі палітычны характар і былі, магчыма, зусім непрафэсійнымі. Але мы паспрабавалі выкарыстаць сродкі масавай інфармацыі ў імя міру, а не вайны, і я ніколі не пашкадаваў пра гэта.
XS
SM
MD
LG