Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяўку на Чарнобыльскі шлях пададуць 10 красавіка


Пачалася падрыхтоўка да Чарнобыльскага шляху, які традыцыйна адбудзецца 26 красавіка.

Створаны аргкамітэт, куды ўвайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, АГП, «Справядлівага сьвету», руху «За свабоду», Беларускага руху, «Гавары праўду», БХД, Маладога Фронту, «Эўрапейскай Беларусі», грамадзкага аб’яднаньня «Экадом».

Старшынём аргкамітэту па правядзеньні «Чарнобыльскага шляху» абраны Юры Хадыка. Гатоўнасьць падпісаць заяўку ў Менгарвыканкам выказалі Юры Хадыка, Аляксей Янукевіч, Дзяніс Садоўскі, Наста Палажанка і Тацьцяна Новікава. Дзяніс Садоўскі распавёў пра першае паседжаньне аргкамітэту:

«Абмяркоўваліся маршруты, у прынцыпе, традыцыйныя — збор каля Акадэміі навук, шэсьце і ці патрэбны, ці не патрэбны мітынг. Але канчатковыя ўзгадненьні яшчэ ідуць. Плянуецца, што ў панядзелак, 9 красавіка, адбудзецца чарговае паседжаньне аргкамітэту, на якім зацьвердзім ужо канчаткова ўсе фарматы, у аўторак будзе пададзена заяўка ў Менгарвыканкам і адбудзецца прэс-канфэрэнцыя, дзе будуць прадстаўленыя ўзгодненыя пляны і маршрут на Чарнобыльскі шлях».

Як звычайна, спрэчкі разгарнуліся вакол канчатковага пункту маршруту — плошчы Бангалор альбо Чарнобыльскай капліцы, кажа Аляксей Янукевіч:

«Пазначаць апошнім пунктам у заяўцы мітынг на плошчы Бангалор альбо Чарнобыльскую капліцу — на гэты конт канчаткова рашэньне не прынятае, яно якраз будзе прынятае ў панядзелак. Тыя варыянты, якія гучалі — гэта альбо шэсьце праз капліцу да плошчы Бангалор і там мітынг, альбо проста шэсьце да капліцы бязь мітынгу, альбо мітынг на Бангалоры і пасьля гэтага — запальваньне сьвечак каля капліцы».
Пазначаць апошнім пунктам у заяўцы мітынг на плошчы Бангалор альбо Чарнобыльскую капліцу — на гэты конт канчаткова рашэньне не прынятае.

Некаторыя дэмакратычныя актывісты выступаюць супраць правядзеньня ўсялякіх акцыяў у Парку дружбы народаў каля плошчы Бангалор, называючы гэтае месца «пляцоўкай для выгулу сабак». 25 сакавіка прадстаўнікі «Маладога Фронту» прыйшлі толькі на месца збору каля Акадэміі навук, а на мітынг на Бангалор ісьці адмовіліся. Намесьніца старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажанка выказала такое меркаваньне:

«Самае слушнае заканчэньне адзінага маршруту — Чарнобыльская капліца, дзе можа адбыцца набажэнства, малітва за Беларусь. Варта разумець розьніцу паміж такімі мерапрыемствамі, як Дзень Волі і Чарнобыльскі шлях. Гэта вельмі розныя эмацыйна і духоўна мерапрыемствы. У „Маладога фронту“ прынцыповая пазыцыя — на Дзень Волі, на Дзень незалежнасьці ніколі не ісьці на плошчу Бангалор, каб не дэманстраваць уладзе згоды знаходзіцца на ўскрайку гораду. Але дзень Чарнобыльскай катастрофы — гэта дзень смутку Беларусі, як экалягічнага, так і палітычнага, духоўнага. І, у прынцыпе, у гэты дзень няма ніякіх нэгатыўных дыскусіяў, каб скончыць набажэнства ў Чарнобыльскай капліцы».

«Чарнобыльскі шлях» праводзіцца штогод, пачынаючы з 1988 году, у фармаце шэсьця і мітынгу. Выключэньне было толькі летась, у 2011 годзе, калі менскія гарадзкія ўлады ўпершыню забаранілі акцыю ў традыцыйнай форме. У 1996 годзе на Чарнобыльскі шлях выйшла каля 50 тысяч чалавек. На пытаньне, якая колькасьць можа прыйсьці сёлета на Чарнобыльскі шлях, Дзяніс Садоўскі адказаў так:

«Тут цяжка нешта прагназаваць. Безумоўна, 50 тысяч апазыцыя не зьбірала ўжо дзясятак гадоў. Таму, на жаль, зараз такой колькасьці ня будзе. Спадзяемся, што гэтым разам будзе ня менш, чым на апошнім Дні Волі, і будзем спадзявацца на большае. Тут крыху іншы фармат і іншыя людзі прыходзяць. Будзем выкарыстоўваць максымальна ўсе рэсурсы: незалежныя СМІ, улёткі, сацыяльныя сеткі. Адзінства, якое, спадзяюся, будзе ў заяўнікаў, паспрыяе таму, што ня менш за 5 тысяч усё ж такі на гэтай акцыі будзе».

Заяўку ў Менгарвыканкам арганізатары зьбіраюцца падаваць 10 красавіка.
XS
SM
MD
LG