Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да нядаўняга часу Васіль Быкаў меў даўгія валасы і нагадваў мне рок-музыканта. Нічога дзіўнага, калі чалавек любіць слухаць, напрыклад, Deep Purple.

Сустрэў знаёмага: на дзьвюх працах, цяжкавата, сябры запрашаюць у Амэрыку, удалося нядрэнна ўладкавацца. Але няма імпэту, і нават ня ўзрост — за пяцьдзясят прычынай, проста даражыць чалавек жыцьцём сваім гарадзенскім. Хіба ў Амэрыцы ўжо набудзеш такую сябрыну: паездкі на рыбалку, вогнішча! Вуду ня трэба, ты давай са сваімі песьнямі, гітару лепей бяры, кажуць. Ён называе агульных знаёмых, называе таксама Васіля Быкава, сына пісьменьніка. Васіля Быкава я за апошні час бачыў некалькі разоў і нават мы размаўлялі даволі доўга. Яго можна часам сустрэць у Старым горадзе, хаця гэта някідкі чалавек, інтэлігентныя людзі не імкнуцца зьвяртаць на сябе ўвагу.

«Чамадан з рукапісамі»


Трапіўся на вочы загаловак: у Горадні быў знойдзены чамадан з раньнімі рукапісамі Васіля Быкава… Уласна кажучы, рукапісы нікуды не зьнікалі, іх захоўваў сын пісьменьніка. Іншая рэч, што чакалі ўвагі дасьледчыка.
Васіль Васілевіч кажа: ён ўдзячны Сяргею Шапрану, «што той выявіў цікавасьць, заняўся гэтай цяжкай працай. Мы разам паглядзелі тыя матэрыялы, якія змаглі знайсьці, якія захаваліся. Ён пастараўся іх нейк клясыфікаваць і мы аддалі іх яму для працы ў Менск».

Цяпер — «практычна ўвесь архіў знаходзіцца ў рабоце. Пэрыядычна мы яшчэ знаходзім некаторыя рэчы… Да іх раней цікавасьці не было… Праца даволі аб’ёмная і я, шчыра, думаў, што гэта непасільная работа. І, дзякаваць Богу, у Сяргея Шапрана атрымалася, і выдадзена кніга», кажа сын пісьменьніка.

Друкарка, радыё


Быкавы прыехалі ў Горадню ў 1955-м, Васіль нарадзіўся праз два гады.
Ён успамінае: «Жылі на вул. Кашавога. (Дваццаць год таму ёй вернутая ранейшая назва — Вялікая Траецкая). У бацькі быў асобны кабінэт, дзе ён працаваў. Я памятаю гэты пакой: маса часопісаў, кніжак. Ён пісаў, потым друкаваў на машынцы, правіў тэксты. Было мноства машынапісных аркушаў праўленых. І паступова яны назапашваліся. У маім узросьце ацаніць гэтую працу нейк было немагчыма».

Падумаўшы, Васіль Васілевіч удакладняе, што працоўны пакой бацькі быў невялікі: «Пісьмовы стол, друкарка, стэлажы для кніг, часопісаў. У яго яшчэ было радыё, ён любіў слухаць навіны. Бацька друкаваў, потым бязьлітасна правіў надрукаваныя тэксты, зноў друкаваў. Складаў усё ў папкі, іх назапасілася даволі многа».

Архіў пісьменьніка


Васіль Васілевіч Быкаў

Васіль Васілевіч Быкаў

​Васіль Васілевіч успамінае, што сям’я ў 1970-х двойчы пераяжджала ў Горадні: «І кожны раз архіў станавіўся ўсё большым. Натуральна, расьпіхвалі яго, дзе дазваляла месца. Частка захоўвалася ў кватэры, а частка — у падвале, там былі і часопісы, і старыя кнігі. Бацька гэтым кіраваў. І так выйшла, што ў Горадні назапасілася даволі шмат яго матэрыялаў і дакумэнтаў, тут былі і лісты, блякноты, заметкі». Ён працягвае: «Частка гэтага архіву засталася ў Горадні. Я думаю, што можа быць гэта была і большая частка», паколькі бацька працаваў у горадзе больш за дваццаць гадоў.

Падсумоўваючы, Васіль Васілевіч удакладняе: «Асноўную частку архіву складалі старыя рукапісныя тэксты і друкаваныя, праўленыя. Там былі старыя варыянты яго аповесьцяў. Часта — пляны наступных рукапісаў. Вельмі шмат было лістоў. І даволі многа блякнотаў, у іх ён рабіў таксама свае малюнкі ў вольны час, на нейкіх пасяджэньнях маляваў».

Стары горад


Мяне цікавіць асоба самога Васіля Быкава, ён паводле прафэсіі мэдык. Ад нараджэньня жыве ў Горадні ў Старым горадзе, у межах гісторыка-культурнай «ахоўнай зоны». Што яму гэта дае, якую ролю адыгрывае ў жыцьці? Так, безумоўна, ён цэніць, што ягоны горад менавіта Горадня: «Я тут гадаваўся, у апошнія гады ўдалося і павандраваць, але свой горад — ён найлепшы на сьвеце. Такога спалучэньня ракі, самога старога гораду і тутэйшага духу, аўры больш няма нідзе. Бываюць гарады лепш уладкаваныя, бываюць больш сучасныя ці больш старыя, але тут, калі ты выходзіш на вуліцу, ты адчуваеш, што ты ў сябе дома, у сваім родным горадзе».

«Парад хіпі»


Да нядаўняга часу Васіль Быкаў меў даўгія валасы і нагадваў мне рок-музыканта. Нічога дзіўнага, калі чалавек любіць слухаць, напрыклад, Deep Purple. Мяне цікавіць: што ён памятае пра шэсьце, дэманстрацыю або «парад хіпі», як яго часам называюць. Гэта здарылася напачатку 1970-х, калі ў Горадню зьехаліся хіпі з розных гарадоў СССР, яны вырашылі, што горад цалкам прыдатны для такога мерапрыемства і што іх тут будуць найменей чакаць.

Васіль Быкаў: «Я жыў у цэнтры гораду і парад, які праходзіў на Савецкай вуліцы і далей, я яго, напэўна, сам ня бачыў, але гэта была тэма нумар адзін для абмеркаваньня. Успаміналі, як вялі курыцу на ланцугах. Знаю, што ганялі, хапалі. Стрыглі ў аддзяленьнях міліцыі гэтых хіпароў».

А я чуў, што гэта быў певень, кажу я, не курыца, зрэшты, розьніца не прынцыповая… Уяўляю «правапарадкавы» шок міліцыянтаў і «культурны» — саміх гарадзенцаў, калі на чыгуначным вакзале сабралася вельмі экзатычная публіка, рушыўшы ў горад па вуліцы пісьменьніцы Ажэшкі, міма бюстаў — яе і Купалы. Столькі даўгавалосых адразу горад ніколі ня бачыў ні раней, ні пазьней.

Першы раз валасы адгадаваў на першым курсе, узгадвае Васіль Быкаў. Але калі надыходзілі экзамэны, у некаторых даўгавалосых маглі ўзьнікнуць праблемы. Напрыклад, адзін з аднакурсьнікаў займаўся не выдатна і каб ня зрэзалі на сэсіі, падпарадкоўваўся ціску, ішоў у цырульню.

У нас знаходзіцца агульны знаёмы, я называю прозьвішча брата свайго аднаклясьніка ў Шаўлях, ён паехаў пасьля школы ў БССР, паступіў у гарадзенскі мэдінстытут. Васіль Быкаў узгадвае, што той вучыўся ў суседняй групе, і ў іх часта бывалі сумесныя заняткі.

А чым яшчэ запомнілася тагачаснае жыцьцё ў Горадні? Васіль Быкаў задумваецца на хвілю: «Пасьля хіпі — «дзіра», калі нічога не здаралася, гэта мой час, 70-я гады».
Васіль Васілевіч Быкаў

Васіль Васілевіч Быкаў


Родны кут


Добра, але што дапамагала, што рабіла жыцьцё цікавейшым? Так, месцазнаходжаньне Горадні, кажа Васіль Быкаў малодшы: «Гэты кут Беларусі ўнікальны. У савецкія часы мы з захапленьнем глядзелі польскія перадачы, там паказвалі ня тое, што ў нас, і гаварылі ня так, як у нас прынята. Блізкасьць межаў, яна спрыяла разьвіцьцю нейкай своеасаблівай сьвядомасьці ў гарадзенцаў...»
XS
SM
MD
LG