Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жонка Бяляцкага: Алесь пад пільным наглядам


Натальля Пінчук і Вольга Бяляцкая ў чарзе на перадачу ў Бабруйскую калёнію

Натальля Пінчук і Вольга Бяляцкая ў чарзе на перадачу ў Бабруйскую калёнію

На пытаньні «Свабоды» адказала жонка праваабаронцы Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук. 6 красавіка ў Бабруйскай калёніі яна сустрэлася са зьняволеным мужам.

Натальля разам зь сястрой Бяляцкага Вольгай прывезьлі яму 30 кіляграмаў перадачы.

РС: Як выглядае Алесь Бяляцкі? Што ён вам казаў пры сустрэчы?

Натальля Пінчук на ўваходзе ў Бабруйскую калёнію

Натальля Пінчук на ўваходзе ў Бабруйскую калёнію

Натальля: Алесь выглядае нармальна. Прынамсі так, як выглядаў пасьля суду, так, якім яго бачыла ў мінулыя разы. Я распыталася пра стан здароўя. Ён кажа, што пачуваецца нармальна. Іншая справа, канечне, што ён знаходзіцца пад пільным доглядам адміністрацыі.

Маральна ён таксама добра пачуваецца. За дзьве гадзіны спатканьня было шмат размоваў. Здаецца, перагаварылі столькі ўсяго, пра што і ў звычайным жыцьці не размаўлялі дастаткова доўга. А зараз пагаварылі. Нам на дваіх хапіла гэтага часу. Збольшага гэта тычылася навінаў жыцьця з волі.

Што да навінаў ягонага жыцьця, інфармацыя знаходзіцца пад забаронай.

РС: Пра ўмовы ўтрыманьня ён нічога не казаў?

Натальля: Не. Акрамя таго, што ён даў зразумець, што за ім наглядаюць, што ён знаходзіцца пад пільнай увагай.

РС: Што вам удалося яму перадаць? А чаго не дазволілі?

Натальля: Не ўдалося перадаць некалькі кіляграмаў – гэта рыбныя кансэрвы і тушаніна. Кетчуп не далі перадаць, маянэз, гарчыцу. Наколькі я ведаю з досьведу іншых сядзельцаў, не хапае акурат прыправаў – што зрабіла б ежу больш смачнай.

РС: Наколькі працэдура перадачы ў Бабруйскай калёніі адрозьніваецца ад папярэдняй?

Натальля: Тут працэдура адрозьніваецца і ад жодзінскай, і ад валадарскай турмы. Тут, калі я перадавала перадачу, я магла пабачыць і Алеся. Раней такога не было нідзе.

Бяляцкі знаходзіцца ў Бабруйскай калёніі ад канца лютага.


* * *
24 студзеня Менгарсуд разгледзеў касацыйную скаргу кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, асуджанага на 4,5 года турмы. Прысуд Бяляцкаму пакінулі бязь зьмены.

Кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у няплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму – палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
XS
SM
MD
LG