Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Халіп: Ёсьць сэнс камэнтаваць справы, а не абяцаньні


На нарадзе, прысьвечанай зьнешнепалітычным праблемам, якая адбылася 5 красавіка, Аляксандар Лукашэнка заявіў наконт прашэньняў аб памілаваньні ад двух палітвязьняў, што «бліжэйшым часам разгледзіць гэтыя пытаньні».

Ці спадзяюцца сваякі асуджаных палітыкаў убачыць іх на волі ў блізкім часе? Што думаюць пра вызваленьне палітвязьняў назіральнікі?

Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Ірына Халіп адмовілася камэнтаваць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт хуткага разгляду прашэньня яе мужа аб памілаваньні:

Ірына Халіп
Ірына Халіп
«Нейкая бяда апошняга часу, што мы толькі тым і займаемся, што абмяркоўваем словы Лукашэнкі. Вось ён сказаў так, а як гэта можна зразумець? А потым ён сказаў гэтак, а як гэта можна разумець? Увогуле ня мае сэнсу абмяркоўваць словы. Калі чалавек нешта зрабіў, тады можна камэнтаваць. Ёсьць сэнс камэнтаваць арышт і вызваленьне, а абяцаньні вызваліць няма сэнсу камэнтаваць».

Паводле зьвестак ад Андрэя Саньнікава, ён падпісаў прашэньне аб памілаваньні яшчэ ў канцы лістапада мінулага году. У канцы сьнежня Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што прашэньне будзе разгледжанае. З таго часу мінула болей за 3 месяцы, нагадала Ірына Халіп. Цяпер Андрэй Саньнікаў знаходзіцца ў віцебскай калёніі «Віцьба-3».

Вядома, што таксама падпісаў прашэньне аб памілаваньні каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка, які больш за месяц ляжыць у турэмным шпіталі пры Магілёўскай калёніі зь цяжкім захворваньнем ног і сьпіны. Жонка палітвязьня Вольга Бандарэнка прызнаецца, што словы Аляксандра Лукашэнкі не дадалі ёй надзеі, што яна хутка пабачыць мужа на волі:

Вольга Бандарэнка
Вольга Бандарэнка
«Я ніколі яшчэ не чакала рэальна, і зараз не паверыла, калі шчыра. Мяне іншае непакоіць. Атрымала ад яго ліст, яму зрабілі тамаграфію, стан здароўя яшчэ больш пагоршыўся. Уявіце, што замест адной грыжы на сьпіне, адносна якой рабілі апэрацыю, зараз у яго ўжо чатыры. Гэта жахліва».

Незалежны журналіст Яўген Агурцоў на сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі зьмясьціў артыкул, у якім аналізуе сытуацыю вакол палітвязьняў. Яўген Агурцоў не сумняецца ў тым, што да Саньнікава і Бандарэнкі былі ўжытыя зьдзекі, бытавыя ды фізычныя катаваньні, і мяркуе, што яны мусілі напісаць прашэньні аб памілаваньні, каб выжыць. Што да тэрмінаў магчымага вызваленьня гэтых палітыкаў, Яўген Агурцоў кажа:

«Мяркую, на праваслаўны Вялікдзень. Ён ня будзе чакаць паседжаньня міністраў Эўразьвязу ў траўні, калі могуць прыняць новыя санкцыі, у тым ліку адмовіць у правядзеньні чэмпіянату сьвету па хакеі. Гэта для яго самае страшнае, усё астатняе — ня гэтак».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі таксама не выключае, што некалькі палітвязьняў могуць выйсьці на волю ўжо ў красавіку. Але збольшага торг вакол палітвязьняў зацягнецца, мяркуе назіральнік:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
«Лукашэнка сваімі заявамі, так бы мовіць, закінуў кручок, але ня выключана, што сам ён ня ведае, каго і ў якой пасьлядоўнасьці будзе выпускаць зь вязьніцаў. Мяркую, ён зараз чакае рашэньня Эўразьвязу, а пакуль ідуць інтэнсіўныя закулісныя перамовы, калі бакі спрабуюць выпрацаваць парадыгму пасьлядоўных крокаў. А гэта цяжкая праца, бо вялікі ўзаемны недавер. І таму пэрыяд, калі могуць разьвязаць гэты вузел, можа вагацца ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў.

Тут два пункты. Па-першае, кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакею ў траўні — зразумела, што Лукашэнку ня хочацца страчваць чэмпіянат. І другое — гэта парлямэнцкія выбары. Як бы ні станавілася ў позу беларускае кіраўніцтва, нейкая адносная легітымацыя ім патрэбная. Вось у гэтых часавых межах будзе адбывацца няпростая, нэрвовая гульня з Эўразьвязам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG