Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аўстрыя: карупцыйны скандал зь сябрам беларускага рэжыму працягваецца


Пракуратура Аўстрыі расьсьледуе дзейнасьць венскага інвэстара Марціна Шлафа, які праз кампанію Telekom Austria набыў у Беларусі апэратара мабільнай сувязі «МЦС» (Velcom), а ў Баўгарыі — кампанію сотавай сувязі MobilТel.

Першая зьдзелка была праведзена праз сырыйскага сябра Аляксандра Лукашэнкі — Іда Самаві, а другая — празь зьвязанага з расейскай мафіяй ізраільскага бізнэсоўца Міхаіла Чорнага.

Публікацыі пра гэта зьявіліся ў аўстрыйскіх выданьнях DiePresse, Kurier, Profil і іншых.

Зьдзелка з Velcom — дакладней, падрыхтоўка да перапродажу беларускай тэлекамунікацыйнай кампаніі аўстрыйскай Telecom Austria — лічыцца адной з найбуйнейшых бізнэс-апэрацыяў Шлафа. Яна прынесла яму больш за 200 мільёнаў эўра.

Некалькі месяцаў таму аўстрыйскія журналісты апублікавалі дакумэнты, які сьведчаць, што гешэфт Шлафа з Velcom далёка не абмяжоўваўся гэтай сумай.

Зарэгістраваная на Кіпры (Нікасія) у той жа год, калі Шлаф набыў у Самаві акцыі беларускага сотавага апэратара і перапрадаў іх аўстрыйскай кампаніі, фірма Holdenhurst Limited, якая на 100% належала Шлафу, цягам 1,5 года атрымлівала ад Telecom Austria штомесяц 200 тысяч эўра «шэрых» ганарараў за «кансалтынгавыя апэрацыі».

Марцін Шлаф нарадзіўся ў габрэйскай сям'і ў Вене. У часы халоднай вайны меў бізнэс у ГДР і актыўна супрацоўнічаў з сакрэтнай паліцыяй «Штазі». Потым іміграваў у Ізраіль. Тут яму ўдалося завесьці трывалыя сувязі зь мясцовай палітычнай і бізнэс-элітай, у тым ліку з абвінавачанымі пазьней у карупцыі Арыэлем Шаронам і Авігдорам Лібэрманам. Потым стаў буйным аўстрыйскім інвэстарам, сярод іншага — уладальнікам транснацыянальнай сеткі Casinos Austria, блізкім да вышэйшых палітычных і прадпрымальніцкіх колаў Эўропы.

Абвінавачаньні ў махлярстве, крадзяжы, карупцыі, якія гэтымі днямі выставіла яму аўстрыйская пракуратура, тычацца, сярод іншага, угодаў з купляй-продажам баўгарскага, сэрбскага, нарвэскага апэратараў. Па гучнай карупцыйнай справе Telecom Austria праходзяць і іншыя вядомыя аўстрыйскія чыноўнікі і бізнэсоўцы. Сярод іх, напрыклад, экс-канцлер Губэрт Горбах. Пасьля хвалебных ацэнак, якія ён даў прэзыдэнцкім выбарам-2010 у Беларусі, куды яго запрасіў міністар Мартынаў як назіральніка і проста «ганаровую пэрсону», аўстрыйскія журналісты пачалі называць яго лабістам Лукашэнкі.

Менавіта Губэрт Горбах стаў ініцыятарам набыцьця Velcom для Telekom Austria. Першыя ж перамовы тагачаснага экс-віцэ-канцлера наконт беларускага апэратара мабільнай сувязі прайшлі яшчэ ў 2004 годзе ў Вене з тагачасным беларускім прэм’ерам Сяргеем Сідорскім. Дарэчы, неўзабаве пасьля адпачынку беларускага прэзыдэнта са сьвітаю ў Альпах.

Вяртаючыся ў сваіх публікацыях да тых шыкоўных і скандальных тырольскіх вакацыяў Лукашэнкі, аўстрыйскія журналісты называюць найбагацейшага чалавека Аўстрыі Шлафа адным з магчымых іх фундатараў.

Як заявіў у лютым 2008 году старшыня Дзяржкаммаёмасьці Беларусі Георгі Кузьняцоў, у жніўні 2007 году беларускі бок прадаў сваю долю ў «МЦС» за 556 мільёнаў даляраў. Тое, што Telecom Austria набыла беларускага мабільнага апэратара не наўпрост, а праз кіпрскую SB Telecom, што належыць Іду Самаві, дазволіла беларускім уладам прадаць Velcom у рамках нацыянальнага заканадаўства, не абвяшчаючы тэндэру.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG