Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выкінуў белы сьцяг?


Калі мяне журналісты прасілі даць прагноз наконт пэрспэктывы разьвіцьця адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ, я адказваў, што з аднолькавым посьпехам гэтая дыпляматычная вайна можа ісьці і па шляху эскаляцыі, і ў бок замірэньня. Дакладны вэктар вызначыць было немагчыма, бо дзеяньні афіцыйнага Менску цяжка паддаюцца лёгіцы. Зразумела, нейкая лёгіка ёсьць, але яна своеасаблівая, мала зразумелая звонку, завязаная на псыхалёгію адной асобы.

Мяркуйце самі. Менск пайшоў на абвастрэньне канфлікту пасьля таго, як ЭЗ 27 лютага ўвёў новыя візавыя санкцыі супраць 21 беларускага чыноўніка. Чаму раптам гэтае пашырэньне «чорнага сьпісу» выклікала такую рэакцыю, а ранейшыя санкцыі, якія тычыліся большай колькасьці афіцыйных асобаў Беларусі, прайшлі амаль незаўважанымі, дакладна сказаць ніхто ня можа. Былі толькі вэрсіі, у тым ліку ў нашых блогах. Як бы там ні было, але Менск запатрабаваў ад амбасадараў Польшчы і ЭЗ пакінуць Беларусь.

Як вынік — пачалася поўнамаштабная дыпляматычная вайна. У адказ зьехалі амбасадары ўсіх краін Эўразьвязу. 23 сакавіка ЭЗ пашырае санкцыі. Яшчэ 12 грамадзянам Беларусі забаронены ўезд у эўрапейскія краіны, у тым ліку двум буйным бізнэсоўцам. Плюс уведзеныя санкцыі адносна 29 беларускіх кампаній. Удар вельмі моцны, непараўнальны па маштабе з рашэньнямі 27 лютага. Фактычна ЭЗ пераступіў мяжу, перайшоў да няхай і кропкавых, але эканамічных санкцыяў, пра якія ў Эўропе доўга спрачаліся.

Здавалася б, ужо цяпер афіцыйны Менск адкажа яшчэ больш жорстка, Эўропе мала не падасца. Усе ж ведаюць, што Лукашэнка ня любіць саступаць, не цярпіць ціску, адказвае на кожны ўдар яшчэ мацнейшым ударам.

І што ж мы ўбачылі? 5 красавіка Лукашэнка праводзіць нараду і фактычна прапануе ЭЗ мір. Эўрапейскія амбасадары могуць вярнуцца (хоць яшчэ нядаўна прадстаўнік МЗС Беларусі казаў, што гэта непажадана), улады зьбіраюцца вызваліць некалькі палітзьняволеных. Менск падымае белы сьцяг? Навошта тады было пачынаць гэтую вайну, правакаваць ЭЗ на кропкавыя эканамічныя санкцыі, калі не гатовыя ваяваць да пераможнага канца?
Вяртаньне амбасадараў у адказ на вызваленьне хоць бы двух палітзьняволеных — дыпляматычны разьмен, у выніку якога абодва бакі захоўваюць твар

Увогуле вяртаньне амбасадараў у адказ на вызваленьне хоць бы двух палітзьняволеных — нармальны кампраміс, дыпляматычны разьмен, у выніку якога канфлікт разраджаецца і абодва бакі захоўваюць твар.

Чаму Лукашэнка саступіў? Па-першае, ЭЗ праявіў кансалідацыю і моц, якіх у Менску не чакалі. Дарэчы, вось яшчэ адзін аргумэнт у доўгую спрэчку наконт эфэктыўнасьці санкцыяў і непахіснасьці беларускага лідэра.

Сам прэзыдэнт добра разумее далікатнасьць сытуацыі і маштаб пагрозаў для свайго іміджу. Таму спрабуе падсьцяліць саломкі: «Нават у апазыцыйных СМІ ў адкрытую заяўляюць, што на Лукашэнку ціснуць беспэрспэктыўна. (...) Гэта правільна. Але далей кажуць няправільна — што калі на Лукашэнку ціснуць, то ён зробіць наадварот. Поўная лухта».

А яшчэ Лукашэнка імкнецца вытрымаць вобраз усясьветнага лідэра, якога ўвесь час надакучліва даймаюць нейкімі просьбамі кіраўнікі эўрапейскіх краін. «А тое, што трэба паводзіць сябе больш прыстойна, калі ты нешта просіш, — гэта правільна. Тым больш калі ты патрабуеш або чагосьці просіш ад прэзыдэнта. Ня трэба тут з палкамі хадзіць і, груба кажучы, стукаць у вакно», — павучае Лукашэнка палітычных навічкоў, як сябе паводзіць.

Другая прычына — рэальная пагроза адмены рашэньня праводзіць у Беларусі чэмпіянат сьвету па хакеі 2014 г. Гэтая тэма вельмі важная для беларускага кіраўніка. Кангрэс Міжнароднай хакейнай фэдэрацыі, на якім будзе разгледжана гэтае пытаньне, павінен адбыцца ў траўні. Таму трэба пасьпець размарозіць адносіны з ЭЗ, каб атрымаць станоўчае рашэньне.

І, нарэшце, фактар Масквы. Невыпадкова Лукашэнка ў сваёй прамове на паседжаньні 5 красавіка адвёў расейскаму чыньніку цэлы сюжэт. Сапраўды, з заканчэньнем выбарчай кампаніі, якую Пуцін вёў пад антызаходнімі лёзунгамі, Масква ня мае вялікага жаданьня працягваць супрацьстаяньне з ЗША і Эўразьвязам з-за Беларусі. А без расейскага «даху» ваяваць неяк няўтульна.

Шмат хто зьвярнуў увагу на наступную заяву прэзыдэнта: мы «будзем разглядаць кожнага амбасадара пэрсанальна, што да яго вяртаньня». Думаю, што гэта — ваяўнічая рыторыка, і больш нічога. Бо эўрапейскія краіны праявілі вялікую салідарнасьць у беларускім пытаньні. І калі цяпер Менск паспрабуе дзяліць амбасадараў краін ЭЗ на добрых і дрэнных, то ніякай разрадкі ня выйдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG