Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісту прыгразілі адказнасьцю за дыскрэдытацыю Беларусі


Анатоль Санаценка

Анатоль Санаценка

З рэдактарам незалежнай газэты «Бабруйскі кур’ер» Анатолем Санаценкам правялі нефармальную гутарку супрацоўнікі КДБ. Як сьцьвярджае журналіст яго папярэдзілі пра адказнасьць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь.

Нагодай для папярэджаньня, зазначае спадар Санаценка, сталіся, паводле супрацоўнікаў КДБ, ягоныя публікацыі на інтэрнэт-партале «Бабруйскі кур’ер», сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў і Беларускім партызане.

Гутарылі супрацоўнікі КДБ з журналістам у кабінэце інспэктара раённай падатковай інспэкцыі, куды яго выклікалі нібыта для ўдакладненьня абставінаў прыпыненьня дзейнасьці рэклямнага агенцтва, якім ён кіруе.

«Пасьля таго як мы пагутарылі з інспэктарам у кабінэт зайшлі двое мужчынаў і прапанавалі мне застацца. Прадставіліся супрацоўнікамі Камітэту. Доўга не хацелі называць свае імёны. Урэшце назваліся. Адзін назваўся палкоўнікам Дзьмітрыем Леанідавічам, і ён жа прадставіў свайго калегу Дзьмітрыя Генадзьевіча. Пасьведчаньняў не паказалі. Увесь час гутаркі Дзьмітры Генадзьевіч сядзеў за кампутарам інспэктара падаткавіка і кляцаў па клявіятуры. Дзьмітры Леанідавіч паказаў мне зь дзясятак раздруковак маіх публікацыяў. Ён даводзіў, што ў гэтых публікацыях нібыта непраўдзівая інфармацыя. Я заявіў, што наша сустрэча незаконная і калі ў іх ёсьць да мяне прэтэнзіі, каб выклалі гэта пісьмова і даслалі мне. Камітэтчык на гэта заявіў, што ў крымінальным кодэксе ёсьць артыкул 369.1 „Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусі“ і ён мяне папярэджвае што я магу быць прыцягнутыя да адказнасьці па гэтым артыкуле. Напрыканцы гутаркі другі камітэтчык паспрабаваў нешта раздрукаваць, але ў яго не атрымалася. Я папярэдзіў, што падпісваць нічога не зьбіраюся. Назваць фармат нашай гутаркі яны адмовіліся. Разьвіталіся са мной без абяцаньняў сустрэцца зноў», — паведаміў Санаценка.

Журналіст кажа, штор гутарка доўжылася дзьве з паловай гадзіны. Пасьля таго як ён прыйшоў да хаты яму патэлефанавалі з Бабруйскага гарвыканкаму з аддзелу ідэалёгіі і папрасілі зайсьці да іх. Санаценка адмовіўся. Ён заяўляе, што цікавасьць да яго асобы найперш зьвязаныя зь ягонай прафэсійнай журналісцкай дзейнасьцю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG