Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкоўскі: Лукашэнка можа і выйсьці з тупіку, і захаваць твар


Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

Ці сьведчаць сёньняшнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем дасягнутае пэўнае непублічнае пагадненьне — мы выпускаем некаторых палітвязьняў, а вы вяртаеце паслоў? Ці можна дапускаць, што Масква дала параду афіцыйнаму Менску: палепшыць адносіны з Захадам?

На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: «Ці можна сёньняшнія выказваньні Лукашэнкі інтэрпрэтаваць такім чынам, што паміж Менскам і Эўропай дасягнутае пэўнае пагадненьне, якое, безумоўна, ня будзе агучана, але пра якое можна здагадвацца — амбасадары вернуцца ў Менск, а ўлады выпусьцяць палітзьняволеных — прынамсі тых, якія падпісалі прашэньне?

Быкоўскі: «Наяўнасьць такой дамовы абвергнуць немагчыма, але і пацьвердзіць немагчыма. Праўдападобна, што сапраўды ёсьць нейкае дасягненьне таемнай дыпляматыі, у выніку якога Аляксандар Лукашэнка „захавае твар“. Калі беларускі прэзыдэнт зробіць тое, пра што ён сёньня казаў, гэта дазволіць сытуацыі выйсьці з тупіку, і ў адносінах Беларусі з Захадам можна будзе чакаць нейкага паляпшэньня».

Цыганкоў: «Лукашэнка таксама выказаўся ў тым сэнсе, што ён ня мае намеру перагружаць Расею сваімі праблемамі ў адносінах з Захадам. Маўляў, Расея не зьбіраецца з-за Беларусі ваяваць з Захадам. Ці можна з гэтых словаў прыпусьціць, што менавіта з Расеі была дадзеная парада не разьвіваць канфлікт з Захадам?»

Быкоўскі: «Праўдападобна, што, сапраўды, расейскі бок выказаў такое пажаданьне. Але гэта зноў-такі толькі нашыя прыпушчэньні, няма ніякіх доказаў гэтаму. Але цалкам магчыма, што Лукашэнка не атрымаў дапамогі ад Расеі ў сваім канфлікце з Захадам, і менавіта таму быў вымушаны цяпер адкруціць назад. Цяпер ён выказваецца такім чынам, каб захаваць твар».

Цыганкоў: «Лукашэнка таксама заявіў: „Мы ня супраць вяртаньня эўрапейскіх абмасадараў, але будзем разглядаць кожнага амбасадара пэрсанальна, што да яго вяртаньня“. Выглядае, што гэтая заява зробленая выключна для „ўнутранага спажываньня“, а на самой справе ў Менск вернуцца ўсе эўрапейскія амбасадары, ці ня так?»

Быкоўскі: «Не абавязкова ўсе амбасадары вернуцца. У адносінах Менску з эўрапейскімі краінамі шмат заблытанага. Напрыклад, чэскае пасольства дастаткова доўга было прадстаўлена на ўзроўні часовага паверанага, і толькі нядаўна зьявіўся пасол. Так што могуць быць розныя падыходы да амбасадараў з боку Менску.

Ці гэтая заява праявіцца толькі на ўзроўні рыторыкі, ці мы сапраўды ўбачым, што ня ўсе паслы вернуцца — зараз немагчыма сказаць. Але я хачу зьвярнуць увагу, што падчас даўняга канфлікту вакол рэзыдэнцыі ў Драздах таксама рыторыка, накіраваная на беларускую публіку, вельмі моцна адрозьнівалася ад слоў, накіраваных заходнім партнэрам».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG