Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заямнае — вёска тыповая для прысталічча. Старыя вясковыя хаты суседнічаюць з катэджамі менчукоў, якія вырашылі назаўжды пакінуць шумны горад.

У Заямным няма ні клюбу, ні нават крамы. Бліжэйшая — у пасёлку Сокал. Але, згодна з плянамі беларускіх уладаў, жыцьцё тут неўзабаве павінна ажывіцца. Зьявяцца і крамы, і клюбы, і заводы, і гаражы. Праўда, згодна з уладнымі плянамі, ад вёскі Заямнае, як і ад іншых суседніх вёсак, не павінна застацца і знаку. А іх жыхары, шмат хто зь якіх прыватызаваў зямлю і пабудаваў добрыя дамы, згодна з тымі ж плянамі, ціхенька і пакорліва павінны саступіць свае месцы новым жыхарам зямлі беларускай. Але пляны беларускіх уладаў нечакана напароліся на тое, што ў пляны ну ніяк не ўваходзіла. Аказалася, што далёка ня ўсе рахманыя беларусы гатовыя гасьцінна саступіць абжытыя мясьціны.

Заямнец Уладзімір Цасьлюк — малады разумны чалавек, адзін з тых, хто першы падняў трывогу наконт заплянаванага адсяленьня. Прычым хвалюе яго ня толькі свая хата.


— Пятровіцкае вадасховішча — гэта водазабор для гораду Менску. На якой падставе? А ім вада патрэбная будзе для вытворчасьці... Як яны яе будуць ачышчаць? Як бы яны яе ні ачышчалі, гэтая вада пойдзе на стол жыхару Менску. Пра гэта нехта задумваўся? Ніхто не задумваўся.

Як вясковы шукшынскі герой, Уладзімір працуе над сваім варыянтам вечнага рухавіка. Але да вар’ята ён не падобны. Бо ўсур’ёз захоплены альтэрнатыўнымі відамі энэргіі. Напрыклад, энэргіяй зямлі. У ягоных скрынках са звычайнай глебай сьвецяцца сьвятлодыёды, проста ўваткнутыя ў зямлю.

— Як можна на сёньняшні дзень успрымаць як інвэстара тую краіну, якая зьнішчае прыроду сваю? Там адбываюцца катастрофы экалягічныя плянэтарнага маштабу. Давяраць, што гэты інвэстар з нашай прыродай абыдзецца добра, сэнсу няма.

Уладзімір — чалавек для вёскі ўнікальны. Дызайнэр, які стварыў маленькае мэблевае прадпрыемства з унікальнай тэхналёгіяй. Станок выразае па дрэве барэльефы — не адрозьніш ад ручной работы. Уладзімір стварыў тут 10 працоўных месцаў. Але яго прадпрыемства ня выжыла ў сёньняшніх умовах.

— Інвэстар павінен ствараць працоўныя месцы для жыхароў нашай краіны. А не клапаціцца пра рабочых іншай краіны. А так атрымліваецца. Яны сюды прыедуць. Працоўныя месцы для сябе ствараюць, і мы ім яшчэ за гэта ім вінныя будзем грошы. Плюс яны вызваленыя ад падаткаабкладаньня. Прэфэрэнцыі на 30 гадоў. А дайце нашаму прыватніку такія прэфэрэнцыі. Што ён зможа зрабіць? Чаму не? Я наш урад не ўспрымаю як наш. Ён ня наш. Няправільна, што людзі, якія стаяць за гэтым праектам, атрымліваюць зарплату зь беларускага бюджэту. Яны павінны атрымліваць зарплату ў Кітаі.

Напэўна, пасьля самога Кітаю Заямнае — другое месца на плянэце, дзе думкі ўсіх людзей занятыя гэтай вялікай краінай. Пра Паднябесную імпэрыю тут гавораць паўсюль. Я далучыўся да размовы трох кабет на аўтобусным прыпынку.

— І кладзесься з гэтым, і ўстаеш з гэтым, і ходзіш з гэтым. Думаеш — выганяць цябе ці не.

— Скажыце, што вы думаеце пра Кітай?

— О!

— Вы ведаеце, дзе ён знаходзіцца?

— Ведаем. Вывучалі калісьці ў школе.

— Можа, тут недзе Шанхай ёсьць?

— Будзе ўжо ў гэтым годзе.

— Вас радуе гэтая пэрспэктыва?

— Пра што вы гаворыце? Я там жыву. А там пачнуць будаваць, і транспарт, і электроніку, і аўтазаводы ўсякія, і хімікі. Хіба прыемна жыць? Мы ж і на сходы хадзілі. А што толку? Як Лукашэнка захоча, так і будзе.
Мы ж і на сходы хадзілі. А што толку? Як Лукашэнка захоча, так і будзе.

— А я лічу — няпраўда. Дабіваюцца людзі ўсяго.

— Дзе можна дабіцца, калі ўжо рашэньне падпісана і сёлета будуць пачынаць будаваць? Прыедзе адразу пяць тысяч кітайцаў! Уй, кажу, беларусаў ня будзе. Будуць адны кітаёзы. Адзін прыедзе, а пяць з чамадана выскачуць.

Калі твайму дому пагражае рэальная небясьпека, нявольна робісьсся краязнаўцам і патрыётам сваіх ваколіцаў. Як вось гэтая франтаватага выгляду пэнсіянэрка Валянціна.

— А вы адкуль?

— Я з Радыё Свабода.

— А! Наша радыё. Суседка пазваніла. «Ты чула, што „Свабода“ перадала, што 600 тысяч кітайцаў прыяжджае?» Гэта значыць, вас слухаюць. А вы ведаеце, якая зямля тут? Чаму яны жылую зону тут хочуць зрабіць? Гэта марэна! У Беларусі толькі тры месцы такіх. Марэна — гэта ўнікальнае месца. Найчысьцейшая прыродная вада. Гэтую ваду можна пампаваць у бутэлькі і адпраўляць у Кітай. Аэрапорт побач. На вадасховішчы 130 артэзіянскіх сьвідравін. Вада падаецца ў Менск. Тры раёны абслугоўваюцца чысьцюткай вадой. Заказьнік валмянскі. Яны пішуць у гэтым праекце: «Пры неабходнасьці будуць выкопвацца з каранямі рэліктавыя дрэвы і пераносіцца кудысьці». Што гэта?

— Што вас найперш палохае ў кітайскім суседзтве?

— Мяне хвалюе найперш тое, што мы не высокага ўзроўню культуры. А кітайцы — яны ня нашай культуры зусім. І яны, можа, больш разьвітыя за нас. Бо кітайскай нацыі тысячы гадоў. Можа, і трэба нас паднавіць, але не такім чынам. Хлопцы, так ня трэба рабіць. Ня трэба нас закопваць, выкопваць і садзіць туды кітайцаў.

Хто баіцца, таму ўваччу дваіцца. Старэнькая заямнаўская бабуля, якая ведае, што такое сапраўдная акупацыя, прыняла мяне за кітайца.

— А вы не кітайцы?

— А я вельмі падобны да кітайца?

— Тыповы кітайчык.

— Але ж я па-беларуску гавару.

— Навучыўся мовіць!

— Калі перажылі беларусы немцаў, можа, кітайцаў перажывуць?

— Не. Немцы, яны былі граматныя вельмі і інтэлігентныя. Гэта не параўнаць з кітайскім народам. Вось калі ў нас былі паліцаі, паліцаі былі страшнейшыя за немцаў. Проста зьдзекаваліся з нас. Беларускі народ паважаў і будзе паважаць, але не кітайцаў.

— А вы хоць аднаго кітайца бачылі ў сваім жыцьці?

— Дык яны ж цяпер паўсюль. Гляньце на рынках. Толькі кітайцы. Нахабныя такія. Калі яны тут паселяцца, яны нас хутка... Ну няўжо Лукашэнка ня зьверне ўвагу на людзей? Яны ж размнажаюцца, як мухі. А калі яшчэ без грамадзянства сюды трапяць, дык беларусам месца ня будзе.

Я быў хваляваўся, што не знайду ў Заямным ніводнага фаната беларуска-кітайскага тэхнапарку. Але вось па вуліцы крочыць клясычная пара беларускіх дачнікаў. З клясычным беларускім «А можа, так і трэба».
Палохае, не палохае. Дзяржаўная лінія. Мы нічога ня зробім.

— Мы думаем, што яны паселяцца.

— Вас гэта палохае ці не?

— Палохае, не палохае. Дзяржаўная лінія. Мы нічога ня зробім.

— Зь іншага боку, гэта някепска. Разьвівацца неяк трэба.

— Але прыедуць людзі іншай культуры. Іх будзе многа.

— Беларусы выміраюць. Няма нараджальнасьці.

— Беларусам патрэбна, я лічу так, кожнай жанчыне ад 18-ці да 40 гадоў па кватэры. Жаночы інкубатар. А як па-іншаму?

— Рабочай сілы няма ў нас. Як можна падняць Беларусь? Беларусь адна ня выцягне. Камусьці трэба здавацца.

— Здавацца будзем кітайцам?

— А за нас усё вырашылі.

Як вядома, у Кітаі ёсьць жорсткае абмежаваньне нараджальнасьці. Ня больш за адно дзіця на сям’ю. Але, як высьветліў Уладзімір Цасьлюк, гэтае абмежаваньне дзейнічае толькі ўнутры Паднябеснай.

— Яны тут, калі сюды прыяжджаюць, задачу выконваюць дзяржаўнай важнасьці. Для Кітая.

— Нараджаюць.

— Так. Калі яны сюды прыедуць, будуць нараджаць у неабмежаванай колькасьці. Больш за тое, прапісана ў законе: тыя кітайцы, якія выяжджаюць у камандзіроўку, яны атрымліваюць зарплату як там, так і тут.

Нечакана Ўладзімір узгадаў неаднаразовае выказваньне беларускага кіраўніка, якое мне заўжды здавалася абсурдным. А тут, у Заямным, падалося вусьцішным.

— Прэзыдэнт кажа: «дабро пажалаваць», «чуўствуйце сібя тут как дома». Больш за тое, узгадаем, калі ён выступаў на сымпозіюме кардыёлягаў. Што было б някепска, каб у нашай краіне было 30 мільёнаў жыхароў. Адкуль іх узяць? Ён сьпіць і бачыць, каб прыбылі з Кітая 20 мільёнаў жыхароў. Беларусі ня будзе болей, калі гэтая палітыка будзе даведзеная да канца.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG