Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадавая работніца і яе натхніцелі


500 000 рублёў, якія работніца Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Марына Цыбліенка хоча спагнаць зь Віктара Івашкевіча за маральныя страты, нанесеныя яго, Івашкевіча, заклікамі да ўвядзеньня эканамічных санкцыяў – гэта прыблізна кошт квітка да Варшавы (зразумела, што мэтай было зрабіць Івашкевіча невыязным).

Думаю, што гэтымі днямі работніца Мазырскага НПЗ ня будзе сыходзіць з экранаў і старонак афіцыёзу.

А вось яшчэ выказваньні перадавых рабочых.

«Проста не ўкладаецца ў галаве, каб знайшоўся такі чалавек, які спажывае наш хлеб, жыве ў лепшых умовах і зьдзяйсьняе гнюснасьць у адносінах свайго народа» (Міронаў, начальнік участку цэху аўтазавода імя Ліхачова).

«Ён паклёпнічаў на наш рабочы кляс, калгаснае сялянства і інтэлігенцыю, прадаўся капіталістам. Яго трэба судзіць як ворага» (Радыёнаў, рабочы завода шліфавальных станкоў, Масква).

«Мяне да глыбіні душы абураюць заявы і ўчынкі, ягоны здрадніцкі голас – гэта голас адзіночкі» ( Глінскі, калгасьнік калгасу імя ХХI зьезду КПСС Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці).

«Ён на вялікі клопат плаціць подласьцю, чорнай няўдзячнасьцю. Ганьба такім людзям, ім няма месца ў нашай айчыне» (Рагачоў, сьлесар-зборшчык завода аўтаматаў, Чымкент).

«Я прапрацаваў на вытворчасьці 50 гадоў, і неабыякавы да таго, калі робяць шкоду нашай Радзіме» (Сакалоў, пэнсіянэр, Ленінград).

«Хачу ад сябе і ад сваіх сяброў спытаць вас і ворганы: ці не надакучыла? Ад сябе асабіста і маіх таварышаў патрабую прымяненьня да яго самых строгіх мераў у адпаведнасьці з нашым заканадаўствам» (Шабалін, цеплатэхнік аб’яднаньня «Таджыкатлас»).

Пакачайце, – скажа чытач, а адкуль тут узяліся Чымкент, Таджыкістан, назоў Ленінграду, які ўжо дваццаць гадоў як Пецярбург? Пры чым тут яны?

Ні пры чым, як і Івашкевіч.

Тры першыя цытаты тычацца Пастарнака, дзьве другія – Сахарава, дзьве апошнія – Салжаніцына. Гэта – Савецкі Саюз, кампаніі супраць неляяльных да ўлады пісьменьнікаў і дысыдэнтаў, 1958-1973 гады.

Любілі савецкія прапагандысты біць ідэйнага ворага словамі рабочых і сялян – аж да самага краху імпэрыі. У 1988 годзе, пасьля ўтварэньня аргкамітэту БНФ, са старонак афіцыйнай прэсы шліфавальшчыкі, кранаўшчыкі, тынкоўшчыкі ды апаратчыкі машыннага даеньня заяўлялі – «Ня трэба нам ніякага народнага фронту!». Праўда, у 1991-м як абрэзала – пасьля таго, як у красавіку менскія рабочыя выйшлі на плошчу і запатрабавалі выкінуць парткамы з заводаў, разам з усім прапагандысцкім апаратам.

Нібыта іншыя, новыя людзі сядзяць у кабінэтах былога ЦК на Карла Маркса, і імкнуцца выглядаць па-эўрапейску, і Пяткевіч вось нядаўна зьнялася ў фотасэсіі, а выглядаюць як... Ну, ня буду абражаць райкамаўскіх цётак. Прыёмы – з суслаўскага арсэналу (не сумняюся, што ініцыятыва позвы да Івашкевіча ішла не ад адміністрацыі Мазырскага НПЗ, а з самай галоўнай адміністрацыі).

Люстрацыі ў Беларусі, як вядома, не было, і пераемнасьць мэтадаў (і ідэалёгіі) не парушаная, а адчуваньне беспакаранасьці – такое ж бясконцае, як і спадзяваньні, што ўлада гэтая будзе доўжыцца вечна.

Ва ўсялякім разе, да скону дзён яе цяперашніх адэптаў.

А дарэмна. Нічога вечнага не бывае.

Ці ня думаюць перадавыя рабочыя і іх натхніцелі, што гадоў праз колькі, ужо ў дэмакратычнай Беларусі, той жа Івашкевіч можа падаць у суд позву за маральныя страты да спадарыні Цыбліенкі? І ацаніць гэтыя страты (а чаго яшчэ чакаць ад ворага працоўнага люду?) – на суму, эквівалентную, напрыклад, кошту мазырскай кватэры?

І ці здолее спадарыня Цыбліенка даказаць суду, што свой учынак у далёкім 2012-ым яна зрабіла не па сваёй ініцыятыве? А калі здолее – ці прыме суд яе доказы пад увагу?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG