Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Да канца красавіка кожны ахвотны можа пабудаваць замест рэжыму — дэмакратыю. Што праўда, пакуль у інтэрнэце, але арганізатары створанай у Польшчы кампаніі «Будуй дэмакратыю, не рэжым» спадзяюцца такім чынам зьвярнуць увагу жыхароў, а перадусім вядучых палітыкаў краінаў ЭЗ на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

«У Эўрапейскім зьвязе няма салідарнасьці, калі заходзіць гутарка пра дачыненьні зь Беларусьсю, рэй вядуць гаспадарчыя інтарэсы, і гэта трэба зьмяніць», — так тлумачыць ідэю кампаніі «Build democracy, not the regime» яе стваральнік Лукаш Граеўскі з парталу Eastbook.eu.

Гульня, у часе якой трэба скласьці з кавалкаў літараў слова «дэмакратыя» на фоне выяваў вядомых кожнаму беларусу будынкаў — палаца Рэспублікі, нацыянальнай бібліятэкі ці помніка Перамогі зробленая ў стылі кампутарных гульняў 80-х гадоў.

Каля будынку, падобнага на гмах адміністрацыі прэзыдэнта — маленькі чырвона-зялёны чалавечак з вусамі, які цешыцца, калі гулец ня можа выканаць задачу.

«Будуй дэмакратыю, не рэжым», — зьвяртаецца да ўдзельнікаў гульні аглядальнік «Газэты Выборчай» Канстанты Геберт. На старонцы можна падпісаць зварот да прэзыдэнтаў, кіраўнікоў урадаў ды міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу з заклікам будаваць менавіта дэмакратыю, а не падтрымліваць рэжым.

«Сёньня, калі мы ўжо больш за 20 гадоў жывем у дэмакратычнай сыстэме, дык ведаем, наколькі важна дапамагаць іншым. Тым, хто хоча жыць у сапраўды справядлівай краіне, дзе сыстэма паважае годнасьць чалавека», — кажа былы старшыня Эўрапарлямэнту прафэсар Ежы Бузэк, які таксама падтрымаў кампанію «Build democracy, not the regime».
XS
SM
MD
LG