Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне беларускіх амбасадараў — «у стадыі разгляду»


Андрэй Савіных

Андрэй Савіных

Пытаньне пра магчымае вяртаньне ў Варшаву і Брусэль беларускіх амбасадараў Віктара Гайсёнка і Андрэя Еўдачэнкі, адкліканых у Менск для кансультацыяў, цяпер знаходзіцца «ў стадыі разгляду», паведаміў на брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.

Што тычыцца магчымага вяртаньня амбасадараў Эўразьвязу ў Беларусь, Андрэй Савіных сказаў, што «афіцыйная пазыцыя беларускіх уладаў па гэтым пытаньні вядомая. У дадзены момант дадаць да гэтага я больш нічога не магу, але цалкам магчыма, што міністэрства выкажацца па гэтым пытаньні ў бліжэйшай будучыні».

Наконт працэдуры вяртаньня пасла, якая дзейнічае ў міжнародных дачыненьнях, Андрэй Савіных сказаў, што "міжнародныя дачыненьні — гэта ня правілы дарожнага руху: яны, натуральна, базуюцца на міжнародным праве і дыпляматычных традыцыях. Аднак у кожным канкрэтным выпадку можа быць прынятае сваё рашэньне.

Пра тое, ці вядуцца зараз кансультацыі пра вяртаньне амбасадараў Эўразьвязу ў Менск зь беларускім Міністэрствам замежных спраў, Савіных сказаў, што ён — афіцыйны прадстаўнік Міністэрства і не камэнтуе тыя працэсы, якія знаходзяцца ў стадыі практычнай працы.

На пытаньне, ці запросяць, як звычайна, на выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем да дэпутатаў і беларускага народу кіраўнікоў дыпляматычных місіяў, акрэдытаваных у Беларусі, Андрэй Савіных сказаў, што тым кіраўнікам, якія цяпер знаходзяцца ў Менску, запрашэньні ўжо накіраваныя.

Нагадаем, што Аляксандар Лукашэнка выступіць на агульным паседжаньні Нацыянальнага сходу 19 красавіка, у чацьвер.
XS
SM
MD
LG