Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь патрабуе ад Расеі скараціць ад 13 красавіка колькасьць авіярэйсаў у Менск.

Дэпартамэнт па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі накіраваў у Фэдэральнае агенцтва паветранага транспарту і Мінтранс Расеі ліст з патрабаваньнем скараціць ад 13 красавіка колькасьць авіярэйсаў у Менск зь пяці да чатырох.

Як паведамляе расейскае выданьне «Коммерсант», ліст зь Менску датаваны 3-ім красавіка і напісаны ва ўльтыматыўнай форме. Тэлеграмы аналягічнага зьместу атрымалі таксама ўсе расейскія авіяперавозчыкі, якія працуюць на беларускім напрамку.

Як вынікае зь ліста, расейскі бок сам павінен вызначыць, у якой з гэтых кампаній забраць адзін рэйс. Атрыманьне такога ліста пацьвердзілі ў «Аэрафлоце».

У беларускіх ведамствах атрымаць камэнтар пакуль не ўдалося.

Як стала вядома БелаПАН, 4 красавіка кіраўнік дэпартамэнта па авіяцыі Мінтранса Вадзім Мельнік накіраваўся ў Маскву.

26 сакавіка на чатыры гадзіны былі перапыненыя авіястасункі паміж Менскам і Масквой. Гэта адбылося пасьля таго, як Расавіяцыя адклікала дазвол на выкананьне кампаніяй «Белавія» рэйсаў зь Менска ў Маскву.

Намесьнік гендырэктара Нацыянальнай авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец тады растлумачыў сутнасьць праблемы: расейскі бок, па яго словах, хоча парушыць парытэт і выконваць пяць рэйсаў у дзень замест чатырох. Гэта, на думку беларускага боку, парушае пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Расіі ад 1997 года, якое прадугледжвае камэрцыйны парытэт у авіязносіны паміж Мінскам і Масквой.

У сваю чаргу Мінтранс РФ заявіў, што дзеючае паміж Расіяй і Беларусьсю пагадненьне пра паветраных зносінах супярэчыць пагадненьню пра агульную эканамічную прастору і правілам мытнага зьвязу.

29 і 30 сакавіка ў Маскве прайшлі перамовы прадстаўнікоў авіяцыйных улад Расеі і Беларусі, аднак дасягнуць кампрамісу бакам не ўдалося.

Бакі дамовіліся, што да 12 красавіка ўключна пералёты будуць ажыцьцяўляцца паводле ранейшых правілаў.

Падрабязнасьці — пазьней на сайце «Свабоды»
XS
SM
MD
LG