Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замаскварэцкі суд у Расеі наклаў арышт на банкаўскі рахунак, які належыць вядомаму расейскаму кардыяхірургу і былому міністру аховы здароў’я Юрыю Шаўчэнку і абмежаваў яго выезд за мяжу.

Раней ужо быў накладзены арышт на кватэру сям’і Шаўчэнкі ў прэстыжным «Доме на набярэжнай». Такім чынам судовыя органы спрабуюць змусіць кардыёхірурга заплаціць 19.700.000 рублёў (больш за 660 тысяч даляраў) за будаўнічы пыл, выяўлены ў кватэры яго суседа — патрыярха Кірыла.

Пазоў супраць Шаўчэнкі падала ў 2010 годзе Лідзія Лявонава — жанчына, прапісаная ў адной кватэры з патрыярхам. У судовых дакумэнтах указана, што ад рамонту ў суседа зьнізу, на мэблі патрыяршай кватэры асядаў пыл, які, як яна сьцьвярджае, нанёс шкоду памерам паўмільёна эўра.

Паводле агенцтва Росбалт, абгрунтаваньне стратаў уключала «перавозку прадметаў з кватэры і назад — 376 тыс рублёў, рамонт кватэры — 7,3 млн рублёў, арэнда аналягічнай жылплошчы на час рамонту — 2,1 млн рублёў, сапсаваная мэбля і прадметы інтэр’еру — 2,6 млн рублёў, спэцыяльная чыстка 970 кніг — 6,3 мільёнаў рублёў, прыборка −151 тыс. рублёў».

Некаторыя экспэрты называюць гэтую суму ня толькі непамерна завышанай, але не пацьверджанай дакумэнтальна. У прыватнасьці, яны адзначаюць, што пералічаныя кнігі не ўяўлялі антыкварнай каштоўнасьці, а арэндай альтэрнатыўнай жылплошчы Лявонава назвала пражываньне ў розных санаторыях, ад якіх у яе, аднак, не захавалася квіткоў аб аплаце.

Пасьпяхова для патрыярха завяршаецца і яшчэ адзін судовы працэс — супраць рэабілітацыйнага цэнтру для цяжкахворых дзяцей «Дзяцінства». Паводле рашэньня Маскоўскага арбітражнага суду, мэдычны цэнтар павінен аддаць адзін з двух сваіх карпусоў, дзе знаходзяцца два лячэбных аддзяленьні, паліклініка і школа — манастыру, падпарадкаванаму непасрэдна Кірылу. У 2010 годзе манастыр запатрабаваў ад клінікі перадаць ёй ва ўласнасьць зямлю са згаданымі будынкамі, аргумэнтуючы, што да рэвалюцыі гэты ўчастак належаў Расейскай праваслаўнай царкве. Пазоў быў задаволены. Адміністрацыя цэнтру, які займаецца лячэньнем сындрому Даўна і алігафрэніі ў дзяцей, можа падаць апэляцыю на гэтае рашэньне да 20 красавіка.

Судовыя працэсы адбываюцца на фоне іншых скандалаў вакол РПЦ, у прыватнасьці — судовага перасьледу сьпявачак гурту Pussy Riot, якім пагражае 7 гадоў зьняволеньня, за выкананьне антыпуцінскай песьні на прыступках храму Хрыста-Збаўцы.

3 красавіка на пасяджэньні Вярхоўнай царкоўнай рады патрыярх Кірыл заявіў, што супраць праваслаўнай царквы і асабіста яго вядзецца інфармацыйная кампанія.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG