Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Васьковіч мусіць яшчэ за нешта заплаціць


Яўген Васьковіч

Яўген Васьковіч

Ад асуджанага актывіста незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўгена Васьковіча патрабуюць сплаціць 356 тысяч рублёў.

За што канкрэтна, высьвятляе маці актывіста Рушаньня Іванаўна. Пра патрабаваньне Васьковіч паведаміў у лісьце родным з магілёўскай папраўчай установы «Турма № 4», дзе ён адбывае пакараньне.

Рушаньня Іванаўна: «Можа, гэта памылка якая — ня ведаю. Там пазначана сума — 356 тысяч, а мы ж сплацілі ўсе 253 тысячы стратаў, якія былі прычыненыя будынку КДБ. Мо гэта судовыя выдаткі? Але ж ад суду мінуў год амаль. Адкуль тая сума? Мы скапіявалі ўсе судовыя матэрыялы па справе і адаслалі ў турму — начальніку. Дзіўна, у матэрыялах справы было пазначана, што страты кампэнсаваныя да суду. Я тэлефанавала дзяжурнаму магілёўскай турмы. Ён сказаў, што ў іх матэрыялаў з суду няма. Запыт яны ў суд рабіць ня будуць, бо, паводле дзяжурнага, гэта нам больш патрэбна, чым ім».

Паводле спадарыні Васьковіч, сын у лістах на жыцьцё ў турме не наракае. На здароўе ня скардзіцца. Шмат чытае. Родныя стараюцца пісаць Яўгену штотыдзень.

Рушаньня Іванаўна: «У адным з апошніх лістоў ён папрасіў пераказаць сваім сябрам і тым, хто яму рэгулярна піша, каб асабліва не выпытвалі ў допісах пра яго жыцьцё за кратамі. Вось такая ў лісьце просьба. Проста зь ліста, які сёньня атрымала, я й зачытаю: „Скажыце, калі ласка, маім сябрам, каб нічога не пісалі пра засьценак і мае ўмовы там. Гэтак трэба. А таксама пра дапамогу, якую яны вам аказваюць“. Я ня ведаю, што гэта азначае, мо ў яго якія праблемы могуць быць? Ня ведаю».

Яўгена Васьковіча ды прыхільнікаў ідэяў анархізму Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамалотава летась у траўні Бабруйскі суд прызнаў вінаватымі ў злосным хуліганстве і ў наўмысным нанясеньні шкоды ў асабліва буйных памерах. У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году хлопцы кінулі ў будынак бабруйскага КДБ дзьве бутэлькі з «кактэйлем Молатава». Яўген Васьковіч віну прызнаў, але не пакаяўся.

Да пераводу ў турму № 4 Васьковіч адбываў пакараньне ў Магілёўскай папраўчай калёніі № 15. За парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня ў калёніі яго на тры гады зьмясьцілі ў гэтак званую «крытку» — турму № 4.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG