Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтая карыкатура мае сваю гісторыю.

Улетку 1993 года ў газэце расейскіх камуністаў «Правда» зьявілася інтэрвію з дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пад загалоўкам «Да возродится!». Заклік ня тычыўся адраджэньня Беларусі, у якое шмат каму тады верылася. Лукашэнка заклікаў да аднаўленьня імпэрыі — хай пакуль толькі ў выглядзе аб’яднаньня Масквы і Менску.

Быкаў: толькі зьнешні вораг ці ўнутраны здраднік можа выступаць супраць права народа на самавызначэньне

Праз некалькі дзён у «Народнай волі» зьявіўся адказ — артыкул Васіля Быкава пад красамоўнай назвай «Каб захаваць уладу, яны здольныя аб’яднацца хоць з самім д’яблам». " Сувэрэннасьць нацыі і дзяржавы — адна з самых сьвяшчэнных дабротаў супольнага чалавечага існаваньня..., — пісаў Быкаў, — Толькі зьнешні вораг ці ўнутраны здраднік можа ў наш час выступаць супраць права народа на самавызначэньне, на самастойнасьць..."

Быкаў ня быў для Лукашэнкі аўтарытэтам. Праз некалькі тыдняў ён паехаў у Маскву і Дзярждуме Расеі разьвіў тэзісы пра аднаўленьне імпэрыі. Мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, запатрабавалі пазбавіць Лукашэнку і некаторых ягоных паплечнікаў дэпутацкіх паўнамоцтваў. У нас былі спадзяваньні на падтрымку сьпікера Шушкевіча — бо ў тыя дні ў яго абвастрыліся адносіны з прэм’ерам Вячаславам Кебічам, які публічна «пакаяўся» за свой ўдзел у падпісаньні Віскулёўскіх пагадненьняў, але перад самой сэсіяй Станіслаў Станіслававіч і Вячаслаў Францавіч «памірыліся»...

Гэтая карыкатура зьявілася недзе на пачатку 1994 года — калі ўводзілася ў Канстытуцыю прэзыдэнцтва і Кебіч і Лукашэнка пачалі наўздагон агітаваць за ўвядзеньне расейскага рубля ды «самую шчыльную інтэграцыю з Расеяй. Ня памятаю, ці была яна зьмешчаная ў якой-небудзь незалежнай газэце. На жаль, ня ведаю і імя аўтара. Уласна, у той час я ведаў двух майстраў палітычнай карыкатуры. Сяргей Харэўскі зьмяшчаў свае творы ў «Свабодзе» Ігара Гермянчука. Лявонцій Зданевіч (архітэктар, дэпутат Апазыцыі БНФ) свае карыкатуры не друкаваў — але калі ён пускаў іх па сэктарах Авальнай залі, праца парлямэнту была спаралізаваная.

Але Харэўскі і Зданевіч былі, вядома ж, не адзіныя — палітычная карыкатура выходзіла ня толькі ў менскіх, але і ў рэгіянальных незалежных выданьнях. Магчыма, у кагосьці з наведнікаў сайту захаваліся публікацыі?

Ну і, канешне, спадзяемся, што адшукаецца аўтар і гэтага малюнка, які пацьвярджае: задоўга да прэзыдэнцкіх выбараў імпэрскія памкненьні дырэктара саўгасу «Гарадзец» былі відавочныя.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG