Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйскія СМІ выкрываюць лабіста Лукашэнкі


Губэрт Горбах
Губэрт Горбах
Аўстрыйскі інфармацыйны часопіс NEWS зьмясьціў у сваёй інтэрнэт-вэрсіі інтэрвію экс-віцэ-канцлера Губэрта Горбаха, якое ён даў адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе.

Горбаха запрасіў у Менск кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў — у якасьці назіральніка за выбарамі і проста «ганаровай асобы». Заявы Горбаха, які, на зьдзіўленьне большасьці замежных назіральнікаў, сьцьвердзіў, што беларускія выбары прайшлі ў адпаведнасьці з заходнімі дэмакратычнымі стандартамі, уразілі шмат каго ня толькі ў Аўстрыі, але і ў іншых краінах ЭЗ.

Як піша NEWS, сёньня гэтыя дзіўныя заявы знайшлі сваё тлумачэньне.

Аўстрыйскае выданьне апублікавала некаторыя бухгальтарскія дакумэнты кансалтынгавай фірмы, якая належыць экс-віцэ-канцлеру Губэрту Горбаху. Так, ад верасьня 2007 году Горбах, сярод іншага, меў кантракт з фірмай Kapsch TrafficCom, якая плаціла яму як кансультанту 3 тысячы эўра ў месяц.

Як стала вядома аўстрыйскім журналістам, сёлета ў канцы лютага Kapsch TrafficCom атрымала ад беларускага ўраду 267 мільёнаў эўра на стварэньне беларускай нацыянальнай электроннай сыстэмы, каб спаганяць плату за праезд па дарогах Беларусі.

NEWS апублікавала таксама і іншыя дакумэнты, якія сьведчаць пра прадпрымальніцкія кантакты Горбаха, у прыватнасьці, з былымі лабістамі аўстрыйскага Telekom — якому належыць беларускі апэратар мабільнай сувязі Velcom.

Што да кантракту паміж Kapsch TrafficCom і Беларусьсю, то пры канцы лютага пра падпісаньне гэтай інвэстыцыйнай дамовы паведамляла і БелТА.

Як заявіў агенцтву міністар транспарту і камунікацыі Іван Шчэрба, які падпісаў гэты дакумэнт зь беларускага боку, «у Беларусі насьпела неабходнасьць увесьці сыстэму аўстрыйскай кампаніі Kapsch TrafficCom». Паводле ягоных словаў, транспартныя патокі, якія праходзяць па тэрыторыі краіны, няспынна павялічваюцца. Пакуль жа ў Беларусі платнай застаецца толькі адна аўтадарога — М-1/Е30. Аднак беларускі бок мае намер зрабіць у будучыні платнымі ўсё рэканструяваныя дарогі, даведзеныя да першай катэгорыі.

Паводле БелаПАН, Кapsch TrafficCom атрымае ад беларускага заказчыка пэўныя ільготы. Напрыклад, аўстрыйская кампанія будзе вызваленая ад сплаты мыта пры ўвозе на тэрыторыю Беларусі тэхналягічнага абсталяваньня для рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG