Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалёва: «Я ня ведаю, што Лукашэнка атрымаў ад сьмерці майго сына»


Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Маці расстралянага Ўлада Кавалёва дамагаецца ад уладаў, каб ёй аддалі цела расстралянага сына для пахаваньня паводле праваслаўнага абраду.

Яна кажа, што будзе змагацца за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Любоў Кавалёва адзначае, што Ўлад не пасьпеў падаць асноўную наглядную скаргу на прысуд. Цягам студзеня адвакат з Уладам знаёміліся з матэрыяламі справы. На пачатку лютага адвакат таксама наведваў вязьня для вывучэньня справы. Яшчэ не былі напісаныя заўвагі на пратаколы. Адвакат спрабаваў сустрэцца з Уладам, каб напісаць наглядную скаргу, але яго не пусьцілі. Мы будзем рабіць тое, што павінны былі рабіць пры жыцьці Ўлада, сказала Любоў Кавалёва.

«Я разумею, што для дзяржавы гэта цяпер бессэнсоўна. Яны ўсё роўна будуць на сваім настойваць. Але мы павінны гэта зрабіць. Наша справа цяпер на разглядзе ў камітэце па правах чалавека ААН. Наша дзяржава ўсяляк перашкаджае таму, каб камітэт пачынаў працу. Між іншым, яны пішуць пра тое, што ад мяне яны не маглі прыняць гэтую скаргу, а павінен быў сам асуджаны. Але яны самі ўсяляк перашкаджалі, каб Улад ня змог падаць гэтую скаргу».

Пакуль маці і сястра Ўлада Кавалёва не атрымалі адказу ад Аляксандра Лукашэнкі і ад Вярхоўнага суду на просьбу выдаць ім цела забітага сына і брата.
Я ня ведаю, дзе мой сын пахаваны, і як ён пахаваны, і што зь імі наагул рабілі.

«У нас цяпер дзейнічаюць законы 30-х гадоў. Раней, кажуць, не давалі магчымасьці перапахаваць, але бацькі ведалі, дзе магіла. У гэтым выпадку я ня ведаю, дзе мой сын пахаваны, і як ён пахаваны, і што зь імі наагул рабілі. Я наагул гэтага ня ведаю. Мала таго, што яны зьдзекаваліся цягам году над маім дзіцем, яны яго расстралялі. Прычым Лукашэнка цудоўна ведаў, што Ўлад ніякага дачыненьня да ўсяго, што адбылося, ня меў, і сваёй рукой падпісаў — „забіць“. А гэта забойства, бо віна ў судзе ні майго сына, ні Дзьмітрыя Канавалава даказаная не была. Гэта звычайнае наўмыснае забойства. Нават адносна расстраляных, адносна нас, мацярок, гэта зноў жа катаваньне. Вы нават ня можаце сабе ўявіць, гэта чарговы зьдзек з родных. Навошта патрэбна была яму гэтая сьмерць, вось гэтыя яшчэ дзьве ахвяры, дзьве сьмерці? Я ня ведаю, што Лукашэнка ад гэтага атрымаў і мае. Навошта гэта яму трэба? Гэта вельмі страшна ведаць, што твой сын невінаваты і яго забіваюць».

Любоў Кавалёва кажа, што так і не вярнулі запісы Ўлада, якія ён вёў падчас суду.

«Аддалі рэчы, прадукты. Гарбату, каву, сухарыкі. Я так разумею, што яму нават не аддалі перадачу, якую мы яму прынесьлі ў сьнежні. Поштай пераслалі, 26 з паловай кіляграмаў вагой. Рэчы я памыла, склала іх. А прадукты аддала людзям, якія ня могуць купіць прадукты».

Ці зможа ўсё ж Любоў Кавалёва дамагчыся вяртаньня цела свайго расстралянага сына? Мечыслаў Грыб адзначае, што ва ўсіх краінах, дзе існуе сьмяротнае пакараньне, целы вяртаюць сваякам, каб пахаваць згодна з царкоўным абрадам.

«У Беларусі яшчэ з часоў савецкай улады гэта было вялікім сакрэтам і нікому нічога не выдавалі. І такіх прыкладаў у гісторыі Беларусі не было. Такія дзеяньні не зацьверджаныя законам ці Канстытуцыяй, а вызначаюцца інструкцыямі. Паколькі ў нас кіраўніку дзяржавы ўсе падпарадкоўваюцца, яго любы загад будзе выкананы. Станоўчае рашэньне па просьбе маці не выключаецца. Але, зь іншага боку, гэта пацягне за сабой патрабаваньні і сваякоў іншых расстраляных па выраку суду. Яны таксама пачнуць прасіць, каб целы іх сваякоў таксама аддалі для пахаваньня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG