Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чалавек з ідэямі наперавес і ўплывам


Ідэолягаў таталітарных рэжымаў чакае сумны канец. Гебельс застрэліўся, папярэдне адправіўшы на той сьвет жонку і ўлюбёных сваіх дзяцей. Юліюса Штрайхера і Альфрэда Розэнбэрга павесілі. Бальдур фон Шырах адбыў свае 20 гадоў па прысудзе Нюрнбэрскага трыбуналу цалкам.

Я нікога не палохаю. У нас не таталітарная, а нармальная аўтарытарная дзяржава — з элемэнтамі ўсходняй дэспатыі, але ня больш. І судзіць за погляды можа хіба што цяперашняя ўлада — але ніяк не наступныя, дэмакратычныя рэжымы. Суду над іншадумцамі Эўропа не зразумее.

куды ні кінь — усюды неўязныя

Але менавіта па той жа прычыне — што права на іншадумства зьяўляецца адным з асноўных грамадзянскіх правоў у эўраатлянтычнай цывілізацыі — Эўропа не прымае і пасьлядоўнага перасьледу тых грамадзянаў Беларусі, хто не падзяляе пазыцыі ўлады і змагаецца зь ёй цалкам мірнымі сродкамі. Падаўленьне іншадумства здаецца бабульцы Эўропе настолькі дзікім, што дзяржаўныя ідэолягі, якія самі карыстаюцца ў сваёй палітычнай практыцы падобнымі мэтадамі і выкарыстоўваюць іх для ўмацаваньня рэжыму, былі ўключаныя ў сьпіс неўязных проста ў нейкай неверагоднай колькасьці.

Сапраўды, куды ні кінь — усюды неўязныя.

Натальля Пяткевіч і Алег Праляскоўскі, Анатоль Рубінаў і Ўладзімер Макей, Аляксандар Радзькоў і Ўладзімер Русакевіч, Усевалад Янчэўскі ... Ні дубінак ў іх у руках няма, ні галасоў яны не падлічваюць, ні выракі не выносяць ... За што?

Памятаецца, як мой унівэрсытэцкі выкладчык гісторыі сусьветнай філязофіі Ігар Давыдавіч Розэнфэльд распавядаў пра тое, што адкрыла магчымасьць правядзеньня ў сталінскую эпоху масавых рэпрэсій без якіх-небудзь згрызотаў сумленьня.

Аляксандар Радзькоў і Алег Праляскоўскі
Аляксандар Радзькоў і Алег Праляскоўскі
Усяго толькі адзін даведзены да абсалюту тэарэтычны пастулят. На думку бальшавікоў, прасоўваньне па шляху будаўніцтва сацыялізму ў адной асобна ўзятай краіне непазьбежна павінна выклікаць рост супраціву рэшткаў клясаў, якія панавалі на папярэднім этапе сацыяльнага разьвіцьця. Гэта значыць, чым далей у лес, тым вышэй неабходнасьць адстрэльвацца налева і направа.

Вядома, на практыцы было ня так. Ня зводзяцца рэпрэсіі да наступстваў адной ідэалягічнай памылкі. Але ў цэлым падыход цалкам адэкватны. Масавае забойства трэба было чымсьці апраўдваць, інакш ты проста патанаў у крыві, як, скажам, герой аповесьці Ўладзіміра Зазубрына «Трэска». Ставіш, напрыклад, да сьценкі хлопчыка цэсарэвіча Аляксея Мікалаевіча — хворага хлапчука, не вінаватага ні ў чым, акрамя самога факту свайго нараджэньня ў гэтых бацькоў і ў гэты час ... І трэба спусьціць курок. І ўжо напэўна ты ўзгадаеш яму ў гэты момант і Хадынку, і крывавую нядзелю, і «сталыпінскія гальштукі». І хоць гэты хлапчук ні ў чым з пералічанага не вінаваты, верагодна, на яго пераносіцца частка віны бацькі з маці — калі была яшчэ тая віна! Але тут — усё проста: ты будуеш сьветлае грамадзтва-рай, і ўсе, хто табе замінае адабрадзеіць чалавецтва, вартыя таго, каб іх адправілі на той сьвет без аніякага шкадаваньня.

Уладзімер Русакевіч
Уладзімер Русакевіч
Трэба знайсьці абгрунтаваньне для таго, каб дзяржаўная машына занялася цалкам не ўласьцівай ёй першапачаткова справай. Скажам, ёсьць пастулят: «Беларускі народ свой гістарычны выбар зрабіў!» Як яго разьвіць? Ідэоляг робіць невялікае дапаўненьне: «... і мы павінны яго абараніць!» Ад каго? Ізноў ідэолягі: «Ад пятай калёны, адшчапенцаў і адмарозкаў...»

Вы думаеце — гэта журналісты? Не, чытач. Журналіст у дадзеным выпадку — усяго толькі абслуга. І там, натуральна, розныя асобы трапляюцца, але да іх мы вернемся крыху пазьней. А тут жа гаворка ідзе не пра трансьляцыю дзяржаўнай пазыцыі, а пра яе выпрацоўку.

Анатоль Рубінаў
Анатоль Рубінаў
Ну, напрыклад, возьмем больш позьні пэрыяд. Ужо неўязны сьпікер Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў выказвае сваё «прыватнае меркаваньне» акадэміка: маўляў, а добра б увесьці расейскі рубель замест беларускага! І каб гэта было прыватнае меркаваньне адным з многіх, агучаных на той жа старонцы — але, прадстаўленае манапольна, яно ўспрымаецца практычна як дырэктыва, абавязковая да выкананьня. Але што гэта, калі не фактычны заклік да ліквідацыі аднаго з найважнейшых атрыбутаў сувэрэннай дзяржавы?

Іншаму б з рук сышло? Як мінімум, ухапіў бы папярэджаньне. Але прыватнае меркаваньне дзяржаўнага ідэоляга тыражуецца ў галоўнай дзяржаўнай газэце краіны — безальтэрнатыўна. Значыць, гэта дзяржаўная пазыцыя — ліквідацыя сувэрэнітэту?

А вось пэрыяд больш раньні. Скажам, паводле Канстытуцыі ў нас ёсьць магчымасьць свабодна рэгістраваць грамадзкія арганізацыі і палітычныя партыі. Але вось зьяўляецца паперка, згодна зь якой эксклюзіўным правам даваць згоду на такую рэгістрацыю валодае камісія пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Сёньня ўжо і пра камісію тую забыліся, і чыноўнік, які прыдумаў для сябе такую магчымасьць зацьвердзіць ўласны ўплыў, даўно выпаў з абоймы дзяржаўнага пісталета. Але парадак застаўся. І што гэта, як ня вынік практычнага ўвасабленьня тэзісу пра тое, што «палітычныя партыі не карыстаюцца падтрымкай народа»?

Усевалад Янчэўскі
Усевалад Янчэўскі
Вядома, ідэолягі здрабнелі. Няма ў нас ні Сяргея Ўварава, які здолеў сфармуляваць дзяржаўную ідэалёгію ў духу гегелеўскай трыяды: «Праваслаўе, самадзяржаўе, народнасьць». Няма і Канстанціна Пабеданосцава, які ўзьвялічыў рэакцыю да ступені адзіна дапушчальнай формы прагрэсу. Засталіся дробныя дэманы, «недатыкомкі» шэрыя, якія ўюцца вакол кіраўніка, гатовыя яго пазыцыю ўзмацняць да бясконцасьці.

Пры гэтым у поўнай упэўненасьці, што ні прававых, ні палітычных наступстваў іх дзеяньні не пацягнуць за сабой.

Сапраўды! За што іх караць? За перакананьні? За ідэі?!

Анатоль Рубінаў, скажам, абсалютна шчыра лічыў, што рэформа сыстэмы адукацыі, распачатая ў міністэрства Васіля Стражава, згубная. Што ўвесь гэты балёнскі працэс — глупства і балбатня. Што пераход да дванаццацігадовай школы непатрэбны. І — што атрымалася? Хто палічыць наступствы дырэктыўнага выкананьня асабістых перакананьняў акадэміка Рубінава?

Але вось іншы прыклад. Тая ж ідэалягічная манаполія спускаецца на прыступку ніжэй. На ўзровень камісіі, што абмяркоўвае школьную праграму па беларускай літаратуры, якая мае патрэбу, на думку шэрагу ідэалягічна адэкватных таварышаў, у дапрацоўцы. Прыходзяць на пасяджэньне такой камісіі сябры «правільнага» саюза пісьменьнікаў і выказваюць — мяркуючы па ўсім, таксама прыватнае — меркаваньне. Згодна з гэтым меркаваньнем, Караткевіча ў школьнай праграме занадта шмат. Яго трэба пацясьніць. А на вызваленае месца паставіць, скажам ... Каго? (Тут ідэалягічна «правільны» прадстаўнік правільнага саюза азіраецца і радасна знаходзіць сякеру пад лаўкай) Генадзя П.!

І дадае пры гэтым: «У школьнай праграме павінна быць усё самае лепшае!»
Таварыш адказвае падобнай ветлівасьцю: маўляў, тут адна дзяўчынка ў школе вучыла ўрывак зь «Песьні пра зубра» Гусоўскага, так ёй дрэнна стала! Ці не замяніць Гусоўскага ў праграме Тамарай Г.? Прозьвішчы падобныя ...

Я не перабольшваю, чытач. Яно так і адбываецца.

Хоць — чаго там? Ёсьць жа дзяржаўная ўстаноўка: вялікімі мовамі прызнаваць дзьве. І беларускай сярод іх няма.

Натальля Пяткевіч
Натальля Пяткевіч
Няма беларускай, таму што — калі прытрымлівацца першапачатковай пазыцыі ідэолягаў, няма беларускай гісторыі. Прачытайце публікацыі Льва Крыштаповіча, яго выказваньні і камэнтары. Што вынікае? Не было ВКЛ. Не было беларуса Скарыны. Была шляхта, якая ня мела аніякага дачыненьня да беларускага народу. Усе гэтыя Радзівілы, Агінскія, Хрыптовічы, Хадкевічы і Тышкевічы ... Што ў іх беларускага?

Гэта ж падыход, які быў выкарыстаны і на культавай постаці з цалкам іншага іканастаса — на Пятры Машэраве. Памятаеце, як зыходзячы з тэзы пра тое, што за часамі Машэрава ня ўсё добра было, група вэтэранаў, кажуць, запатрабавала зьмяніць назву праспэкта Машэрава — прыбраць яго, так бы мовіць, з-пад колаў прэзыдэнцкага аўтамабіля.

Што аб’ядноўвае, скажам, састарэлага артадокса Рубінава, які сьпявае песьні ўласнага сачыненьня пад гітару, скажам, з цалкам вэстэрнізаваным Макеем

Так кажуць, што падпісантаў за ўсё трое было. І ліст гэты — з усімі подпісамі — так ніколі і не друкаваўся. І, баюся, пакуль жывы апошні з падпісантаў, ня будзе апублікаваны. Таму што разумеюць — сорамна! Як сказала мая жонка, спакойная і да 19 сьнежня цалкам апалітычная жанчына, сорам: здрадзілі за добразычлівасьць хлапчука памяці пра партызанскага камісара!

Ды і ці была практычная неабходнасьць у перайменаваньні праспэкта Машэрава? Калі так — то якая?

І ці толькі ў гэтым яе не было?

Ці была практычная неабходнасьць у выгнаньні зь Беларусі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта, у закрыцьці Коласаўскага ліцэя, у шматлікіх і бессэнсоўных рэвізіях сыстэмы адукацыі, у адкрыта дыскрымінацыйных законах, якія рэглямэнтуюць дзейнасьць рэлігійных ды іншых грамадзкіх арганізацый і палітычных партый? Не было. Але — і зноў успадкаваная ідэалягема: «Калі вораг не здаецца, яго зьнішчаюць!»

Дзяржаўных ідэолягаў не пускаюць у Эўропу не таму, што іх баяцца. Што ня хочуць зь імі спрачацца. Што тыя могуць раптам заразіць сваімі поглядамі...
Хоць — хіба ёсьць погляды?

Што аб’ядноўвае, скажам, састарэлага артадокса Рубінава, які сьпявае песьні ўласнага сачыненьня пад гітару, скажам, з цалкам вэстэрнізаваным Макеем, які добра разумее каштоўнасьць заходніх дэмакратычных стандартаў? Нічога. І ня трэба казаць пра тое, што абодва яны зьяўляюцца дзяржаўнікамі. Дзяржаўнікам быў аскет Пабеданосцаў. А тут у наяўнасьці формула Людовіка XIV: «Дзяржава — гэта я».

І паколькі ў нас сярод ўладных «дзяржаўнікаў» чамусьці не прынята думаць пра тое, што будзе з гэтай дзяржавай пасьля іх сыходу з улады, дзейнічае яшчэ адна цалкам гістарычная ідэалягема — ад таго ж Людовіка Людовіковіча: «Пасьля нас — хоць патоп!»

Гэта значыць: я пайду — і мне нічога не будзе.

Будзе.

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей
«Чорная метка» Эўрапейскага Зьвязу выдадзена ідэолягам пажыцьцёва. Ці, прынамсі, да таго часу, пакуль чалавек не даказаў, што мэтады абмежаваньня грамадзянскіх правоў і свабодаў, якія выкарыстала ўлада пры яго непасрэдным абгрунтаваньні, ім усьвядомлены як заганныя.

Не як памылковыя, спадары. Як заганныя. А ў шэрагу выпадкаў — як злачынныя. Таму што практыка іх ужываньня ўступала ў наўпроставую супярэчнасьць з дзейнымі законамі.

Патоп патопам, але можна, у рэшце, і захлынуцца. Таму што ніхто — нават Уладзімір Русакевіч, які пайшоў на амбасадарскую пэнсію, шэры безаблічны чыноўнік, калі замяніў на пасадзе віцэ-прэм’ера бліскучага Віктара Ганчара — не наважыўся публічна асэнсаваць уласную дзейнасьць на папярэдніх пасадах. Як, зрэшты, не наважыўся і працягваць публічна яе падтрымліваць.

Хоць менавіта ён быў у свой час тым самым шрубком, на якім спрабавалі закруціць упершыню ідэю грамадзкага дыялёгу ў Беларусі. Калі-небудзь Уладзімір Васільевіч яшчэ паставіць сабе гэта ў заслугу!

І тут ёсьць яшчэ адзін цікавы момант, на які чамусьці ніхто з нашых апазыцыйных журналістаў не зьвяртае ўвагі.

«Чорная метка» выдаецца ж ня толькі Эўрапейскім Зьвязам, які абвясьціў спадароў абгрунтавальнікаў заўсёднай правільнасьці выбару беларускага народа неўязнымі. Яны ж — свайго роду пэрсоны non grata і ў Расеі. Туды, у Расею, ахвотна зьяжджаюць зарабляць на старасьць беларускія сілавікі і мэнэджэры-гаспадарнікі. Ныраюць у расейскую прастору, дакладна ў воды Волгі-матухны, і плывуць сабе, пакуль дыханьня хапае.

А вось ідэолягі рэжыму Лукашэнкі там не запатрабаваныя. Ужо на што здаваўся артадаксальным панславістам Уладзімер Замяталін — а і яго таленты не спатрэбіліся. Адзіным выключэньнем можна лічыць Сяргея Посахава. Але і ён уладкаваўся на службу зусім не па палітычнай сваёй спэцыяльнасьці.
І самае апошняе.

Уладзімер Замяталін
Уладзімер Замяталін
Калі казаць аб дзяржаўным апараце Беларусі, то нават у ім ідэолягі лічацца ізгоямі. Іх баяцца, але лічаць пятым колам у возе. Чыноўнікі проста не разумеюць, навошта патрэбная гэтая вэртыкаль. Для сварак і даносаў ўнутры апарата? Для сінэкуры патрэбнаму чалавеку або яго сваяку? Для кар’ернага ўзьлёту? Не, гэта нашы дзяржслужкі добра разумеюць. А вось навошта яшчэ патрэбныя тыя, хто, кажучы словамі Эльдара Разанава, «не пашет, не сеет, не строит, а гордится общественным строем»? Усё роўна ж усе іх таленты зводзяцца да формулы Чабурашкі: «Мы строили, строили и наконец построили! Ура нам!»

Мне здаецца, што згадка Эдуарда Ўспенскага ў беларускіх дзяржаўных мэдыях была забаронена не таму, што ён падпісаў у агульным складзе кіраўнікоў расейскага ПЭН-клюба заяву ў падтрымку сваіх арыштаваных пасьля 19 сьнежня 2010 г. беларускіх калегаў на чале з Уладзімірам Някляевым. А менавіта праз паталягічнае падабенства беларускай ідэалягічнай вэртыкалі да плюшавай вушастай істотай з сумнымі вачыма. Не мышаняты, ня жабы, а, даруй Божа, вырадкі з ідэямі наперавес. Гэта — замест штыка.

Дарэчы, у Эўрапейскім Зьвязе пра Чабурашку, наколькі я разумею, паняцьця ня маюць.


Папярэднія публікацыі сэрыі «Партрэт на фоне мяжы»:

Чалавек у мантыі і з шорамі на вачах


Чалавек зь лічыльнікамі і паўнамоцтвамі


Чалавек з дубінкай і бяз твару


Неўязныя: карпаратыўны партрэт

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG