Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Літвінковіч. Дзе нарадзіўся — там «не прыгадзіўся»


Яўген Літвінковіч

Яўген Літвінковіч

Украінскае тэлебачаньне паказала праграму, прысьвечаную беларусу Яўгену Літвінковічу. 29-гадовы саліст студыі Жодзінскага гарадзкога Дома культуры стаў адкрыцьцём конкурсу «Ўкраіна мае талент». Яўген Літвінковіч ня раз удзельнічаў і працягвае ўдзельнічаць у музычных конкурсах, але да апошняга часу безвынікова.

Гэтую сытуацыю камэнтуюць музычны крытык Вітаўт Мартыненка і культуроляг Сяргей Харэўскі.

Мартыненка: «На радзіме адбор ідзе такім шляхам, што таленту тут прабіцца немагчыма. Бессэнсоўна нават спрабаваць. Часам унікальныя таленты пасылаюць на фэстывалі зь вельмі банальнымі тэкстамі песьняў. Ялфімаў, да прыкладу, паехаў на Эўрабачаньне з такой песьняй, і на яго ўсе накінуліся. А гэта — геніяльны вакаліст, але ж песьню вартую яму падабраць ня здолелі. І гэты хлопец, я думаю, таксама — плюнуў на ўсе гэтыя конкурсы тутэйшыя і пайшоў туды, дзе ёсьць незалежны падыход. Вось украінцы і ўбачылі — чалавек сьпявае нестандартна — у яго талент ёсьць. Сытуацыя гэтая паўтараецца сто разоў, і нічога новага тут няма».

Харэўскі: «Украіна ў адрозьненьне ад нас нашмат больш увагі надае культурным праектам і культурным праявам. І мастацтва і культура там — нават істотны сэгмэнт эканомікі. Там можна зарабляць і годна з таго жыць. Таму для мяне гэты музычны выпадак якраз ня дзіва. І калі далей гаварыць пра музыку, то менавіта там, ва Ўкраіне, многія нашы музыкі знаходзяць сваю аўдыторыю. Як — памятаеце — праект „Саша і Сірожа“, які трансьлявалі па ўкраінскіх тэлеканалах. Я выпадкова прыяжджаю ў Львоў і даведваюся, што там Лявон Вольскі выступае. Так што гэта ня дзіва, дзіва іншае — чаму ў нас культура, музыка, таленты ня маюць магчымасьці ніякім чынам выявіцца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG