Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Багданкевіч — былы кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі пракамэнтаваў для «Свабоды» выказваньне цяперашняй кіраўніцы галоўнага банку краіны Надзеі Ермаковай. Яна сёньня заявіла, што «курс даляра ЗША ўпасьці ніжэй за 8000 беларускіх рублёў не павінен».

Прафэсар Багданкевіч мяркуе:

«Калі мы атрымаем дадатковыя крэдыты, прададзім уласнасьць, і ўсё атрыманае пусьцім толькі на падтрыманьне курсу рубля, то гэта цалкам магчыма. Усё пытаньне ў тым, як мы — урад і Нацбанк — пагасім даўгі. Для гэтага патрэбна дзесьці ўзяць грошы. А яшчэ трэба гасіць уклады нерэзыдэнтаў у камэрцыйныя банкі — а гэта таксама некалькі мільярдаў даляраў. Трымаць курс можна, але, я думаю, што гэта неразумна».

«Непераканаўчымі» назваў Станіслаў Багданкевіч сёньняшнія тлумачэньні Надзеі Ермаковай, чаму часам попыт на даляры на Беларускай валютна-фондавай біржы перавышае іх прапанову. Кіраўніца Нацбанку сказала, што асноўны аб’ём валютнай выручкі паступае на біржу ў расейскіх рублях. У той жа час асноўныя разьлікі за імпарт Беларусь робіць за даляры ЗША.

Прафэсар Багданкевіч кажа, што яму гэта незразумела:

«Мы ж прадаём нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні пераважна на Захад. Адтуль асноўная выручка ідзе ў далярах і часткова — у эўра. А Расеі мы можам плаціць расейскім рублямі тое, што там прадаём. А доля экспарту на Захад цяпер большая чым у Расею. Таму мне гэта незразумела».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG