Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці карэктныя ў Беларусі сацыялягічныя апытаньні?


Публікацыя дадзеных апошняга апытаньня НІСЭПД актуалізавала дыскусію пра магчымасьць і карэктнасьць правядзеньня ў Беларусі сацыялягічных апытаньняў па палітычнай тэматыцы. Выказаць свой пункт гледжаньня на гэты конт мы папрасілі кіраўніка сацыялягічнай лябараторыі «Новак», прафэсара Андрэя Вардамацкага.

Радыё Свабода: У палітычных і паліталягічных дыскусіях ў Беларусі часта можна пачуць аргумэнт, што сацыялягічныя апытаньні па палітычнай тэматыцы ў такіх аўтарытарных, рэпрэсіўных краінах, як Беларусь, па сутнасьці бессэнсоўныя. Гаворыцца, што калі ў краіне за кратамі сядзяць палітвязьні, калі за выказваньне свайго меркаваньня можна патрапіць пад дубінку, пад арышт або быць звольненым з працы, людзі проста баяцца выказваць свае сапраўдныя погляды нават у ананімнай анкеце. Яны могуць баяцца, што іх крытычныя адказы могуць трапіць у рукі ўладаў, спэцслужбаў і таму проста не стануць выказваць сваю сапраўдную думку. І таму, паводле прыхільнікаў такіх поглядаў, усё зьвесткі аб рэйтынгах прэзыдэнта і яго апанэнтаў, адказы на іншыя вострыя палітычныя пытаньні — гэта фальсыфікацыя, незалежна ад суб’ектыўнай сумленнасьці сацыёлягаў: фактар страху дзейнічае вельмі моцным і нявызначаным чынам і даведацца, што ж думаюць, у прыватнасьці, беларусы шляхам звычайных апытаньняў немагчыма. Ці згодныя Вы з такім пунктам гледжаньня?

Андрэй Вардамацкі: Калі коратка адназначна і пэўна адказаць на пастаўленае пытаньне — то адказ будзе гучаць адмоўна. Я катэгарычна нязгодны з такім пунктам гледжаньня. Аднак падыдзем да пытаньня аналітычна. Так, такі пункт гледжаньня сапраўды існуе. Ён распаўсюджаны як у асяродзьдзі палітыкаў, так і ў асяродзьдзі сацыёлягаў-прафэсіяналаў. І распаўсюджаны ён сярод гэтых сацыяльных груп паводле розных прычын. Палітыкі лічаць так па той прычыне, што многія вынікі сацыялягічных апытаньняў не адпавядаюць як іх палітычным інтарэсам (што цалкам нармальна і зразумела), так і суб’ектыўным адчуваньням. Сацыёлягі выказваюць такі пункт гледжаньня з прычыны
Рэйтынгі альтэрнатыўных палітыкаў сьціплыя на самай справе

неразуменьня альбо павярхоўна-падручнікавага разуменьня прыроды сацыяльных працэсаў, якія адбываюцца ў аўтарытарных соцыюмах. Сацыёлягі , якія маюць такі пункт гледжаньня, кажуць: «Беларусь перастала быць суб’ектам сацыялягічных дасьледаваньняў». Аднак я мяркую, што сацыялягічныя апытаньні ў Беларусі магчымыя, але ёсьць спэцыфіка інтэрпрэтацыі атрыманых сацыялягічных дадзеных. У чым гэтая спэцыфіка?

Ёсьць група пытаньняў, якія можна назваць сэнзытыўнымі, адчувальнымі. Да іх адносіцца рэйтынг. Пры іх інтэрпрэтацыі трэба рабіць папраўку на эфэкт сацыяльнай пажаданасьці. Пры ўзроўні рэйтынгу ў 40% можна казаць аб велічыні эфэкту сацыяльнай пажаданасьці ў раёне 6-8%. Ёсьць адпаведныя мэтадычныя экспэрымэнты. Я асабіста рэйтынгавымі вымярэньнямі ў дадзены момант не займаюся.

сацыялягічныя апытаньні ў Беларусі магчымыя, але ёсьць спэцыфіка інтэрпрэтацыі атрыманых сацыялягічных дадзеных

Радыё Свабода: Наколькі падобныя погляды мелі і маюць хаджэньне ў краінах, якія вызваліліся ад аўтарытарызму ці застаюцца аўтарытарнымі? І ў якой ступені яны пацьвярджаюцца практыкай? «Аксамітныя» рэвалюцыі канца 80-х ва Усходняй Эўропе, «каляровыя» рэвалюцыі ў посткамуністычных краінах, «арабская вясна» мінулага года, іншыя падзеі падобнага роду — у якой ступені яны былі прадказанымі на ўзроўні апытаньняў? Апытаньні, нават незалежныя, пацьвярджалі тэзіс прапаганды, што народ пагалоўна любіць сваіх правадыроў, пакуль раптам у адзін момант не аказваўся, што пагалоўна ненавідзіць? Ці ўсё ж апытаньні паказвалі набліжэньне канца рэжыму?

Вардамацкі: Ёсьць такія дадзеныя па Ўкраіне — прадказаньне на выбарах 2004 году там было. У Югаславіі ў 2000 годзе таксама было сацыялягічнае прадказаньне па Ваіславу Каштуніцу, была дакладна прасочаная яго рэйтынгавая дынаміка. Па арабскім сьвеце ў дадзены момант дадзеных ня маю.

Радыё Свабода: Наколькі дакладныя дадзеныя сацыялягічных апытаньняў адносна палітычнай альтэрнатывы? У Беларусі апытаньні з году ў год паказваюць вельмі сьціплыя вынікі апазыцыйных палітыкаў. Але яны ж дзейнічаюць, пра іх піша друк, прынамсі незалежны, іх дзеяньні актыўна абмяркоўваюцца ў інтэрнэце, ёсьць, нарэшце, і «сарафаннае» радыё — народная пагалоска. А вынік на ўзроўні апытаньняў не ўражвае. Можа гэта вынік усё таго ж страху?

Вардамацкі: Рэйтынгі альтэрнатыўных палітыкаў сьціплыя на самай справе. Гэта абагульнены эфэкт існай у краіне мэдыйнай сытуацыі. Да іх прыліпаюць нэгатыўныя характарыстыкі. Але спэцыфіка ў тым, што ў перадвыбарчыя пэрыяды іх рэйтынгі — асабліва новых кандыдатаў — могуць хутка расьці.

Радыё Свабода: Цяпер шматлікія мэдыі захапляюцца правядзеньнем інтэрнэт-апытаньняў. Гэта фактычна бясплатна, дазваляе хутка атрымаць вынік. Інтэрнэт у Беларусі ўжо даволі шырока распаўсюджаны. Аднак наколькі рэпрэзэнтатыўнымі зьяўляюцца іх вынікі?

Прэзыдэнт ЗША Джэксан: «Нават адзін чалавек — большасьць, калі гэта адважны чалавек»

Вардамацкі: Інтэрнэт-апытаньні на дадзены момант у Беларусі нельга назваць рэпрэзэнтатыўнымі. Па-першае, ўзровень адмоваў з боку тых, каго апытваюць, вялікі. Па-другое, інтэрнэт-аўдыторыя зьяўляецца спэцыфічнай. Гэта больш прасунутыя, пісьменныя людзі і таму яны маюць іншыя палітычныя погляды, чым насельніцтва ў сярэднім. На рэальную рэпрэзэнтатыўнасьць у такіх апытаньнях зараз выйсьці немагчыма.

Інтэрнэт-апытаньні зараз па сваёй функцыі — гэта такія прыгожыя шоў. Захапляльная дынамічная гульня, на вачах зьмяняюцца графікі, усё каляровае, прыгожае. Аналягам могуць служыць адзнакі на тэлевізійных дэбатах, калі на вачах гледачоў мільгаюць лічбы, будуюцца графікі і г.д. Гэта фэномэн з вобласьці шоў-журналістыкі, а не са сфэры сацыялягічных дасьледаваньняў.

Радыё Свабода: Прэзыдэнт ЗША Джэксан некалі сказаў: «Нават адзін чалавек — большасьць, калі гэта адважны чалавек». Існуе меркаваньне, што для пераменаў зусім не неабходная падтрымка большасьці, што ўсе зьмены ў гісторыі тварыла і творыць рашучая меншасьць. Але тая ж гісторыя паказвае, што не ў любой меншасьці гэта атрымліваецца. Ці ёсьць тут нейкія крытэры, акрамя канстатаваньня post factum? І якія суадносіны настрояў людзей, якія выйшлі на Плошчу, і тых, хто ня выйшаў, неабходныя, каб Плошча перамагла?

Вардамацкі: Ваша пытаньне вельмі абстрактнае. Колькасьць фактараў вельмі вялікая, яны ня толькі сацыялягічнай прыроды і партыю не вырашаюць суадносіны грамадзкай думкі Плошчы і астатняй часткі насельніцтва.
Плошча можа быць досыць блізкая па настроях да агульнай масы, а можа адрозьнівацца ад гэтых настрояў. Тых, хто спачувае пратэстоўцам, можа быць вельмі шмат, але гэта ніяк не выявіцца на ўзроўні паводзінаў. Але ў некаторых сытуацыях партыю вырашае не падтрымка большасьці, а ступень жорсткасьці, пасьлядоўнасьці і рашучасьці рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG