Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малады Фронт» патрабуе ад дэпутатаў мараторыю на сьмяротную кару


Актывісты «Маладога фронту» патрабуюць ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ініцыяваць у парлямэнце галасаваньне па пытаньні ўвядзеньня мараторыю на сьмяротную кару.

Адпаведныя звароты адпраўлены кожнаму са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў па пошце вечарам 3 красавіка. Прадстаўнікі моладзевай арганізацыі хочуць пачуць ад народных абраньнікаў пэрсанальныя адказы і абяцаюць данесьці гэтыя адказы да выбарцаў.

«Беларусь — апошняя краіна кантынэнту, дзе дагэтуль існуе практыка вынясеньня сьмяротных прыгавораў. На нашу думку, сам факт забойства чалавека дзяржавай даўно не адпавядае паняцьцю „цывілізаванае грамадзтва“ і супярэчыць хрысьціянскім традыцыям нашай краіны», — сказана ў звароце.

«Малады фронт» зьвяртае ўвагу парлямэнтарыяў на верагоднасьць судовай памылкі і відавочную немагчымасьць выправіць яе ў сытуацыі, калі «прыгаворы выконваюцца ў кароткія тэрміны, без належных і дадатковых праверак, міжнародных экспэртыз». «Нас абурае і тое, што сваякам забітых не паведамляецца дата сьмерці і месца пахаваньня, не выдаюцца целы», — лічаць маладафронтаўцы.

«Мы хацелі б пачуць абгрунтаваны адказ: чаму вы гатовыя або не гатовыя ўзьняць гэта пытаньне ў Палаце прадстаўнікоў. Вядома, усе адказы будуць апублікаваныя ў інтэрнэце, і мы пастараемся данесьці гэту інфармацыю да вашых выбаршчыкаў», — паведамляе «Малады фронт».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG